https://www.traditionrolex.com/8
<p>Маштабнай рэканструкцыі пакуль у планах няма. Апошні раз работы з элементамі рэстаўрацыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» праводзіліся ў 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры гэтым ідэя і воблік комплексу былі цалкам захаваны. І гэта правільна, бо відазмяняць «Хатынь» няма ніякай патрэбы</p>

На нарадзе беларускай дыяспары, якая прайшла ў пасольстве Беларусі ў Расіі, Мікалай УКРАІНЕЦ, кіраўнік Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай культуры ва Удмурцкай Рэспубліцы «Бацькаўшчына», запрасіў землякоў далучыцца да акцыі па зборы грошай на рэканструкцыю «Хатыні». Але ці сапраўды ў Беларусі плануюць рэканструяваць знакавы мемарыяльны комплекс? З гэтым пытаннем «Звязда» звярнулася да дырэктара Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артура ЗЕЛЬСКАГА.

— Маштабнай рэканструкцыі пакуль у планах няма, — запэўніў Артур Зельскі. — Апошні раз работы з элементамі рэстаўрацыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» праводзіліся ў 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры гэтым ідэя і воблік комплексу былі цалкам захаваны. І гэта правільна, бо відазмяняць «Хатынь» няма ніякай патрэбы. Ды і каб гэта зрабіць, трэба атрымаць дазвол архітэктараў. Мемарыяльны комплекс пабудаваны ў 1969 годзе, яму 43 гады. Зразумела, пад уплывам сіл прыроды, хочаш ці не хочаш, разбураюцца бетонныя элементы мемарыяла, гранітныя і мармуровыя пакрыцці. Таму штогод абавязкова праводзіцца бягучы рамонт пэўных частак комплексу. Сёлета, у прыватнасці, рамантавалі могілкі, філіял «Хатыні» — мемарыяльны комплекс «Курган Славы», праводзілі капітальны рамонт водаправоднай сеткі. Тыя ж сродкі, якія збяруць беларусы Расіі, маглі б пайсці на рэканструкцыю фотадакументальнай экспазіцыі нашага музея, пашырэнне яе плошчы. Добра было б, калі да гэтай акцыі далучыліся людзі з тоўстымі кашалькамі. Бо нашы кашалькі ў гэтым плане худыя.

Дарэчы, кожны, хто хоча аказаць дапамогу ў рамонце, стварэнні новых экспазіцый, набыцці музейных прадметаў, можа пералічыць сродкі на дабрачынны рахунак дзяржаўнай установы «Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» (№ 3642961100904 ЦБУ № 611 філіяла 500 Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», код 601, УНН банка 100603596; 223141,  г. Лагойск, вул. Пралетарская, 1).

Надзея ДРЫЛА

https://www.traditionrolex.com/8