https://www.traditionrolex.com/8
<p>Чаму ў самым старажытным горадзе Беларусі сёння адсутнічаюць ахоўныя дошкі з пазначэннем асобных гістарычных помнікаў, унесеных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў?</p>

Чаму ў самым старажытным горадзе Беларусі сёння адсутнічаюць ахоўныя дошкі з пазначэннем асобных гістарычных помнікаў, унесеных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў?

Нядаўна прадстаўніком Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пры ўдзеле супрацоўніка Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і нарадам міліцыі, выкліканым на месца, быў затрыманы адзін з «чорных» капальнікаў. Яго раскопкі былі спынены літаральна праз 15 хвілін пасля пачатку. Але ўражвае і знаходка «археолага» — рамесныя прылады ХІ стагоддзя, паведамляе «Звязда».

Заўважыць сляды дзейнасці «чорнакапальніка» аказалася проста — разварушаная зямля, пашкоджаная перадмацерыковая (самая старажытная) частка культурнага пласта. Скарбашукальнік быў «узброены» металадэтэктарам і рыдлёўкай. Супрацоўнікі музея-запаведніка на фотаздымку, зробленым падчас затрымання капальніка, прызналі ў ім... зацікаўленага слухача міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі», якая праходзіла сёлета ў Полацку. Адзін з дакладаў называўся «Унікальны помнік археалогіі — заходняя частка Запалоцкага пасада старажытнага Полацка: праблемы аховы і вывучэння». Відаць, апантаны археалогіяй «даследчык» вырашыў далучыцца да даследаванняў «чорных» папярэднікаў, чые вынікі дзейнасці былі прадэманстраваны падчас чытання навуковага даклада.

Полацк, нагадаю, сёлета адсвяткаваў 1150-годдзе. Аднак сюрпрызы самы старажытны горад Беларусі археолагам прыносіць па-ранейшаму.

— У 2004 годзе на вялізнай тэрыторыі (плошчай больш за 21 гектар) археалагічнай экспедыцыяй Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта быў адкрыты па сутнасці не вядомы раней «горад у горадзе», — расказвае Дзяніс Дук, доктар гістарычных навук. — Гаворка ідзе пра частку Запалоцкага пасада старажытнага Полацка. Калісьці гэта быў горад, а сёння тут голае поле. Археалагічныя раскопкі ў Запалоцці працягнуліся і ў 2006 годзе. Па іх выніках былі падрыхтаваны дакументы па ўключэнні гэтага ўнікальнага помніка археалогіі ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У лістападзе 2010 года Беларускі рэспубліканскі навукова-практычны савет пры Міністэрстве культуры ўключыў новаадкрытую частку старажытнага пасада Полацка ў спіс. Помнік з'яўляецца ўнікальным не толькі для айчыннай, але і для сусветнай археалогіі. Тут захаваўся некрануты культурны пласт канца Х — сярэдзіны ХІІ стагоддзяў. Такога няма ні ў адным са старажытных гарадоў Усходняй Еўропы??— ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе. Нідзе! На велізарнай плошчы сяліліся мужы-палачане — прадстаўнікі элітных рамесных прафесій, а таксама вышэйшы пласт тагачаснага грамадства — полацкія баяры. Калі ўлічваць выключную каштоўнасць гэтага помніка археалогіі, мяркую, было б лепш, каб яго вывучалі нашы нашчадкі. Аднак навука і сёння не стаіць на месцы. Навуковыя публікацыі (па выніках нашых раскопак), якія ўбачылі свет у вядучых беларускіх і расійскіх навуковых выданнях, сталі знаёмы не толькі сумленным аматарам даўніны, але і тым, хто жадае ўзбагачэння ці рэалізацыі сваіх амбіцый праз скарбашукальніцкую дзейнасць. Урэшце, з 2006 года помнік стаў аб'ектам раскопак «чорных» капальнікаў...

Сёлета, паводле слоў Дзяніса Уладзіміравіча, з запалоцкім помнікам археалогіі здарылася і другая бяда. Побач размяшчаецца сучасны мікрараён Аэрапорт, які актыўна забудоўваецца. На шчасце, тэрыторыя старажытнага пасада не трапіла ў зону актыўнай забудовы, але гэта, як ні парадаксальна, не ўратоўвае помнік ад разбурэння. Так, будаўнікі адной арганізацыі-падрадчыка літаральна за адзін дзень, 8 чэрвеня 2012 года, без усялякага ўзгаднення з археолагамі выкапалі велізарны катлаван. Дзякуючы супрацоўнікам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, работы былі спынены ўжо на другі дзень, але шкода была ўжо нанесена.

— Далей, што называецца, цікавей, — расказвае Дзяніс Уладзіміравіч. — Рабочыя, якія былі задзейнічаны на будоўлях мікрараёна, падчас абедзеннага перапынку наладзілі вываз на тэхніцы прадпрыемства-падрадчыка культурнага пласта з мэтай яго продажу прыватным асобам. Навошта? Аказалася, культурны пласт — гэта выдатны грунт для падсыпкі агародаў! Праблема яшчэ і ў тым, што на вышэйзгаданай тэрыторыі адсутнічаюць ахоўныя дошкі з пазначэннем статусу помніка археалогіі, яго межаў. Гэты клопат у кампетэнцыі мясцовых улад. Ды што там Запалоцце! У самым старажытным горадзе Беларусі сёння адсутнічаюць ахоўныя дошкі з пазначэннем асобных гістарычных помнікаў, унесеных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — Верхняга замка, Рагвалодава гарадзішча, Вялікага пасада і іншых. Адзіны ў Полацку такога роду маркер — шыльдачка з надпісам «Старажытнае гарадзішча», як кур'ёз, размешчана на месцы старажытнага паселішча.

Аднак вернемся да Запалоцця. «Чорныя» капальнікі ўзялі за правіла актыўна «працаваць» менавіта тут. «Дзякуючы» факту разбурэння культурнага пласта іх праца зараз вельмі аблегчана: не трэба капаць яму, здымаючы дзёран, можна «проста» папрасіць «дапамогі» ва ўладальнікаў будаўнічай тэхнікі — і раскоп літаральна за хвіліну будзе зроблены. Месцы такіх раскопаў ужо пераўтвораны ў сметнікі. Самы вялікі сметнік знаходзіцца на месцы катлавана, зробленага сёлета ў чэрвені. Цяпер з'явіліся сметнікі ў іншых частках Запалоцця.

Паводле слоў доктара гістарычных навук, натуральна, арганізаваць пастаянную ахову Запалоцкага пасада немагчыма. Аднак сітуацыю можна выправіць — дастаткова каб хаця б раз у дзень гэтая тэрыторыя трапіла ў маршруты патрулявання супрацоўнікаў міліцыі. Эфект будзе адразу: ніводзін «чорны» капальнік не пойдзе на аб'ект, калі будзе ведаць аб адказнасці.

— Асабліва хочацца падкрэсліць, што адкрыць для шырокай грамадскасці вынікі нашых сёлетніх раскопак (рэчы і нерухомыя аб'екты матэрыяльнай культуры) зараз немагчыма па прычыне пільнай увагі нячыстых на руку людзей. Скажу толькі, што падчас археалагічных раскопак у 2012 годзе ў Полацку былі ўпершыню адкрыты сляды баярскіх сядзіб, знойдзены ўнікальныя артэфакты, якія, дзякуй Богу, ужо не трапяць на рынкі Санкт-Пецярбурга ці Масквы і не асядуць ў сховішчах пад канапамі «аматараў» гісторыі, — працягвае Дзяніс Дук. — Справа па ахове гісторыка-культурнай спадчыны — гэта не толькі клопат археолагаў, якія праводзяць палявыя даследаванні. Гэта ў першую чаргу клопат усіх грамадзян. Мы ходзім па зямлі нашых продкаў, мы самі робім гісторыю, якая калісьці стане аб'ектам даследаванняў ужо нашых нашчадкаў. У Полацку ёсць выдатныя прыклады супрацоўніцтва з уладамі ўсіх узроўняў па справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Сёлета археалагічны атрад Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіў археалагічнае вывучэнне тэрыторыі Запалоцкага пасада на месцы пашкоджанняў культурнага пласта. Нам дапамагалі і мясцовыя ўлады (тэрыторыя на час правядзення раскопак была ўзята пад кантроль Дэпартамента аховы), і будаўнікі, якія прадастаўлялі магчымасць для захоўвання рабочага інвентару. Пакуль праводзіліся раскопкі, фактаў парушэння заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не было выяўлена. Раскопкі спыніліся ў жніўні, а ўжо ў верасні будаўнічая тэхніка разбірала культурны пласт пад «наглядам» «чорных» археолагаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

https://www.traditionrolex.com/8