https://www.traditionrolex.com/8
<div class="box_with_quote">
<div class="quote_footer"> </div>
</div>

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут беларускай культуры», што падпарадкоўваецца Мінкульту, разаслала ва ўсе раённыя і гарадскія ўпраўленні культуры лісты, у якіх просіць «правесці аналіз дзейнасці дзяржаўных музеяў з нізкім колькасным паказчыкам па наведвальнасці і ўнесці прапановы па мэтазгоднасці далейшага існаваньня музеяў», паведамляе Радыё «Свабода».

Якім музеям пагражае закрыццё?

Ліст ва ўпраўленні культуры падпісаў рэктар Інстытута беларускай культуры Іван Крук. Ён патлумачыў Радыё «Свабода», як з'явіўся такі загад:

«На адной з апошніх калегій Міністэрства культуры Павел Латушка задаваў пытанне перш за ўсё дырэктару музея Петруся Глебкі: «Два чалавекі на месяц прыходзяць да вас. На сённяшні дзень ставіцца пытанне, што музей павінен зарабляць грошы». І там таксама разважалі пра тое, як быць і з гэтым музеем, і з невялічкімі рэгіянальнымі музеямі. Там уздымаліся пытанні адносна невялічкіх раённых музеяў, дзе каб не школьнікі, то наўрад ці хто прыйшоў бы ў госці. Нам было даручана правесці маніторынг сітуацыі і паглядзець, ці мэтазгодна ўтрымліваць гэтыя музеі».

Ад Інстытута беларускай культуры патрабуюць пакуль толькі правесці маніторынг, зрабіць арыфметычныя разлікі — колькі чалавек працуе ў музеі, які сацыяльны склад, узрост наведвальнікаў. А ўжо потым будуць рабіцца высновы.

Дырэктар Літаратурнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская пераканана, што літаратурных музеяў — Якуба Коласа, Янкі Купалы ды іншых — гэты ліст не тычыцца. Бо за кошт школьнікаў гэтыя музеі добра наведваюцца. Яна спадзяецца, што не павінна тычыцца гэта і філіялаў, якіх музей Янкі Купалы мае 4: у Акопах, Вязынцы, Ляўках, Яхімоўшчыне, а музей Якуба Коласа — адзін, у Мікалаеўшчыне: «Хоць яны і раскіданыя па краіне. Тут, наадварот, у мяне такая думка з'явілася, каб умацаваць, даць яшчэ аднаго навуковага супрацоўніка (у нас па аднаму навуковаму супрацоўніку на аб’ект). Вось сёння з загадчыцай філіяла размаўляла — кожны дзень па некалькі экскурсій ідзе. Гэта нармальна. Я ў выхадныя сама заязджала ў філіял — цэлыя сем’і на машынах прыязджаюць, чаго раней не было, і гэта прыемна. Гэты ліст тычыцца толькі раённых музеяў».

Амаль у кожным райцэнтры Беларусі ёсць невялікі краязнаўчы музей. У Чэрвеньскім, да прыкладу, працуе 10 чалавек (дырэктар, тры навуковыя супрацоўнікі, астатнія — тэхнічны персанал). Дырэктар Чэрвеньскага краязнаўчага музея Алена Забаронак кажа: «У нас за мінулы год было каля 11 тысяч наведвальнікаў. Гэта нямала для такога горада, як Чэрвень. У асноўным, вядома, гэта школьнікі (больш за 60%). Білет для школьнікаў каштуе 1500 рублёў, для дарослых — 3 тысячы. Гораду з 10-тысячным насельніцтвам музей, вядома, патрэбны. Нам жа і планы па платных паслугах даводзяцца, якія мы выконваем, як бы нам ні было складана. Па многіх напрамках працуем, мяняем экспазіцыі, каб прыцягнуць наведвальнікаў».

Натуральна, такім музеям нялёгка выжыць. Рэктар Інстытуту беларускай культуры Іван Крук кажа, што разумее гэта і гатовы абараняць іх. Але як ім дапамагчы выжыць — пытанне складанае: «Напрыклад, Уладзімір Пракапцоў ставіць пытанне: дапамажыце выжыць музею ў Раўбічах. Можа, там праводзіць «круглыя сталы» з наведвальнікамі. Можа, мы пры дапамозе сістэмы павышэння кваліфікацыі будзем дапамагаць выкручвацца музеям, што ў Мінску ці пад Мінскам.

Што тычыцца музеяў, якія на перыферыі, я не ведаю, як быць. Але пакуль пытанне стаіць толькі пра маніторынг. Ніхто — прынамсі, я гавару пра сябе і пра наш інстытут — не ставіць пытання аб скарачэнні колькасці рэгіянальных музеяў. Хоць, вядома, гэта пытанне эканамічнага характару. Ад той штуковіны, якая называецца эканамічным складнікам, таксама сёння нікуды не дзенешся».

20 лістапада скончыўся тэрмін, які ўпраўленням культуры далі на падрыхтоўку дакументаў па музеях. Зараз Інстытут беларускай культуры пачынае іх аналізаваць.

Іна Студзінская

https://www.traditionrolex.com/8