Невядомыя партрэты Радзівілаў знайшла ў прыватным музеі ў Германіі Вольга Папко

01.12.2012 - Новости

Невядомыя партрэты Радзівілаў знайшла ў прыватным музеі ў Германіі Вольга Папко

Сенсацыйную знаходку зрабілі спецыялісты музея «Замкавы комплекс «Мір».  Вынікам іх працяглых навуковых даследаванняў і пошукаў стала калекцыя прадметаў мастацтва, якая належала нашчадкам роду Радзівілаў. У тым ліку — некалькі выяў апошняй уладальніцы Мірскага замка, якая паходзіла з сямейства Радзівілаў, — князёўны Стэфаніі Вітгенштэйн

Сенсацыйную знаходку зрабілі спецыялісты музея «Замкавы комплекс «Мір», паведамляе «Рэспублiка».

Вынікам іх працяглых навуковых даследаванняў і пошукаў стала калекцыя прадметаў мастацтва, якая належала нашчадкам роду Радзівілаў. У тым ліку — некалькі выяў апошняй уладальніцы Мірскага замка, якая паходзіла з сямейства Радзівілаў, — князёўны Стэфаніі Вітгенштэйн. 

— Асаблівая каштоўнасць гэтай часткі калекцыі (а знойдзеныя намі прадметы, без сумненняў, можна лічыць менавіта калекцыяй) у тым, што да гэтага часу нам не было вядома, як на самай справе выглядала Стэфанія Радзівіл, — распавядае аўтар адкрыцця, кандыдат гістарычных навук, дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Вольга Папко. — Былі толькі апісанні выгляду гэтай прыгожай жанчыны, якая, на жаль, памерла ад сухотаў маладой, 22-гадовай. Аднак паспела стаць свецкай дамай, была знаёмая з Пушкіным, сябравала з Ганнай Смірновай-Росет, якой ён прысвячаў свае вершы. І менавіта яна, дачка апошняга прамога нашчадка нясвіжскай галіны роду па мужчынскай лініі князя Дамініка, атрымала Мірскі замак у пасаг і прынесла яго ў спадчыну свайму сыну, Пятру Вітгенштэйну. Пазней замак перайшоў ва ўладанне да яго сястры, дачкі Стэфаніі — Марыі, якая стала жонкай нямецкага князя Хлодвіга Гогенлоэ-Шылінгсфюрста. Гэта была сапраўдная германская арыстакратыя. Князь Хлодвіг лічыцца адным з заснавальнікаў Германскай імперыі, быў яе трэцім рэйхсканцлерам, сваяком кайзера Вільгельма ІІ, які называў яго дзядзькам. У палацы Шылінгсфюрст, які да гэтага часу належыць сям’і, і захавалася калекцыя, што была часткай спадчыны Стэфаніі Радзівіл.

Вольга Мікалаеўна Папко займалася яе пошукамі на працягу некалькіх гадоў. Аб тым, што такі мастацкі збор існаваў, было вядома з матэрыялаў архіва Радзівілаў, які таксама захоўваецца ў Германіі. Поспех прынёс запыт, зроблены на нямецкай мове ў інтэрнэце. Ён прывёў даследчыцу на сайт прыватнага музея ў палацы Шылінгсфюрст. 

— Саміх партрэтаў на сайце не было, — тлумачыць Вольга Мікалаеўна. — Але знайшлося іх апісанне. Абнадзееныя, мы звязаліся з сённяшнім гаспадаром палаца князем Канстанцінам Гогенлоэ і атрымалі дазвол на знаёмства з унікальнай калекцыяй. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі ў лістападзе я наведала Шылінгсфюрст, які, дарэчы, знаходзіцца ў Баварыі. І там нашы спадзяванні на тое, что беларускіх даследчыкаў гісторыі роду Радзівілаў чакае адкрыццё, не проста апраўдаліся. Маштабы знаходкі аказаліся большымі, чым чакалася. Замест чаканых шасці мы знайшлі каля трыццаці раней не вядомых радзівілаўскіх партрэтаў. А ў дадатак каля дзесяці партрэтаў Вітгенштэйнаў, адзін з якіх, можна меркаваць, створаны Карлам Бруловым.

Калекцыя змяшчае жывапісныя выявы князя Караля-Станіслава Радзівіла, вядомага ў беларускай гісторыі як Пане Каханку, князя Дамініка і яго маці княгіні Сафіі, княгіні Марыі Гогенлоэ-Шылінгсфюрст. Але найбольш каштоўныя — бюст, тры мініяцюры і два партрэты Стэфаніі Радзівіл. У тым ліку адзін — у вясельным уборы. Няма сумненняў, што гэта менавіта Стэфанія, лічыць Вольга Папко. Аб гэтым сведчаць надпісы, зробленыя на польскай мове на абароце палотнаў. Ды і знешне яны супадаюць з вядомымі нам апісаннямі. Стэфанія падобная на сваю маці, сінявокая бландзiнка з румянымі шчокамі. Што ж датычыць Марыі, то асабліва вылучаюцца яе залатая сукенка, якую яна апранала падчас свайго залатога вяселля з князем Хлодвігам, а таксама чучалы жывёл, забітых ёю падчас паляванняў, у тым ліку на беларускіх землях.

— Калекцыя была вывезена ў Германію законна, у другой палове дзевятнаццатага стагоддзя, — працягвае Вольга Мікалаеўна. — Па стылi напісання партрэты падобныя да нясвіжскіх, але, у адрозненне ад іх, не апраўленыя вянкамі, проста размешчаныя ў авалах. Праз упраўляючага палацам Шылінгсфюрст мы перадалі князю Канстанціну, які жыве ў Вене, запрашэнне наведаць Мірскі замак і прапанову арганізаваць выставу радзівілаўскай калекцыі. Калі атрымаем яго згоду, на што спадзяёмся, распачнём падрыхтоўку.

Унікальная знаходка, як лічыць дырэктар музея, дапаможа таксама ўзбагаціць залу Вітгенштэйнаў, якая адкрыта ў Мірскім замку, але пакуль што выглядае даволі сціпла. Навукоўцы разважаюць над магчымасцю стварэння копій каштоўных партрэтаў. Ёсць планы і больш падрабязна вывучыць зборы палаца Шылінгсфюрст, дзе захоўваюцца мэбля і фарфор, якія належалі Радзівілам.

— Але гэта — справа будучага, — гаворыць Вольга Папко. — Зараз жа мы павінны адкрыць беларусам новую старонку багатай спадчыны Радзівілаў.

Лілія НАВІЦКАЯ

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах