https://www.traditionrolex.com/8
<p>Арыгінальную ідэю — стварыць экспазіцыю, якая б адлюстроўвала жыццё адной вуліцы ў канкрэтны перыяд гісторыі, — падказаў «Даведнік па гораду Полацку 1910 года». У невялічкай кніжцы расказваецца пра жыццё ўсіх сфер горада. Выданне вялікай гістарычнай значнасці было прымеркавана да пераносу святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк</p>

Многія полацкія музеі — унікальныя па сутнасці. Сярод іх — стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», якая аднавіла работу пасля трохгадовага перапынку, паведамляе «Полацкі веснік».

Ідэю падказала гісторыя

У савецкія часы тут знаходзілася дзіцячая бібліятэка імя Льва Талстога. А ў 1998 годзе была адкрыта стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Хоць яна і лічыцца асобным філіялам, але знаходзіцца пад кіраўніцтвам краязнаўчага музея.

Арыгінальную ідэю — стварыць экспазіцыю, якая б адлюстроўвала жыццё адной вуліцы ў канкрэтны перыяд гісторыі, — падказаў «Даведнік па гораду Полацку 1910 года». У невялічкай кніжцы расказваецца пра жыццё ўсіх сфер горада. Выданне вялікай гістарычнай значнасці было прымеркавана да пераносу святых мошчаў прападобнай Еўфрасінні з Кіева ў Полацк. Арыгінальны экземпляр «Даведніка…» знаходзіцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання, а Полацкае кніжнае выдавецтва двойчы рабіла яго перавыданне з навуковымі каментарыямі і мноствам фотаздымкаў.

1

У 1910 годзе Полацк меў статус павятовага. «Правінцыйны горад па-свойму цікавы, — адзначае загадчык краязнаўчага музея Ірына Воднева. — Наведвальнікі выставы могуць акунуцца ў свет дарэвалюцыйнага жыцця, даведацца, чым займаліся палачане, што іх цікавіла».

Ці жыў Пётр Першы ў «Доміку Пятра»?

Аднапавярховы будынак, дзе знаходзіцца выстава, — ­адзіны жылы дом канца XVII стагоддзя, які захаваўся ў Полацку. Узведзены ў 1692-м, помнік архітэктуры з элементамі барока, традыцыйна называюць «Домікам Пятра». Лічыцца, што летам 1705 года тут спыняўся расійскі імператар Пётр I, каб з Полацка кіраваць рускай арміяй у Паўночнай вайне 1700–1721 гадоў. Аднак дакументаў, якія могуць пацвердзіць гэты факт, няма. У той жа час ёсць звесткі, што Пётр I жыў на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

2

Існуе і іншая версія: у будынку знакамітага ўладара «пасялілі» езуіты. Яны жадалі спадабацца імператрыцы Кацярыне II, якая наведвала Полацк у 1780 годзе.

Клапатлівы падыход

За час свайго існавання будынак перажыў шмат войнаў і перамен. Напачатку XXI стагоддзя прыспела неабходнасць рэстаўрацыі, якая пачалася ў 2009-м і скончылася сёлета, да святкавання 1150-годдзя старажытнага Полацка. Будаўнічымі і рэстаўрацыйнымі работамі займаліся спецыялісты ААТ «Отделочник-28». Быў заменены дах, прыведзены да ладу паўпадвальныя памяшканні, гарманічна распрацавана прылеглая тэрыторыя, адкрыта прыбіральня, што вельмі актуальна для сённяшняга Полацка. Музейшчыкі адзначаюць: спецыялісты ААТ «Отделочник-28» разумелі, што будынак мае асаблівы статус, і працавалі асцярожна, клапатліва, пільна, з павагай да гісторыі.

3

Першы раз выстава адчыніла дзверы на Дзень музеяў. Тады была прадстаўлена выстава мэблі, посуду, іншых прадметаў побыту канца XIX – пачатку XX стагоддзя.

Інтэр’еры часу

Пасля рэстаўрацыі пачалося ўладкаванне экспазіцыі, пошук новага мастацкага рашэння. Адказнай справай займаліся спецыялісты музея-запаведніка і фірмы «Мастак-сервіс». Калі ў першым варыянце выстава займала адзін пакой, то ў абноўленым было вырашана выкарыстаць абодва. Зараз можна праводзіць адразу дзве экскурсіі. Распрацоўкай экспазіцыі займаліся загадчык краязнаўчага музея Ірына Воднева і старшы навуковы супрацоўнік Славіна Гаўрылава.

4

Як і ў першапачатковым варыянце, выстава складаецца з інтэр’ераў устаноў, якія знаходзіліся на вуліцы Ніжне-Пакроўскай напачатку мінулага стагоддзя. Сама экспазіцыя значна абноўлена, з’явіліся новыя прадметы мэблі, побыту, посуд… Усё робіцца для таго, каб на выставе турыст адчуў сябе ў атмасферы эпохі. Са­дзейнічаюць гэтаму і экскурсаводы, якія знаёмяць з гісторыяй не толькі адной вуліцы Ніжне-Пакроўскай, але і ўсяго Полацка 1910 года.

З’явіліся на стацыянарнай выставе ўтульныя каса і гардэроб.

У атмасферы вуліцы

Журналісты «Полацкага весніка» сталі аднымі з першых наведвальнікаў адноўленай выставы. Старадаўнасць адчуваецца яшчэ перад уваходам у будынак. Парадныя дзверы аздоблены раслінным разным арнаментам і двума маскаронамі (скульптурнымі ўпрыгожаннямі) у выглядзе ільвіных галоў. Аказалася, што гэта навадзел, які выкананы з арыгінала, што сёння захоўваецца ў фондах музея-запаведніка.

Экскурсію для нас правяла навуковы супрацоўнік Марына Аніськовіч. Дзякуючы вялікай копіі карты горада, якая з’яўлялася дадаткам да «Даведніка…», мы змаглі ўявіць, як выглядаў Полацк напачатку XX стагоддзя, пачытаць старыя назвы вуліцы, заўважыць змены ў гарадскім плане… Адразу каля касы «знаходзіцца» дом апошняга дарэвалюцыйнага гарадскога галавы Мікалая Восіпавіча Ласковіча, настаўніка па адукацыі. Менавіта ён займаўся падрыхтоўкай горада да Еўфрасіннеўскіх урачыста­сцяў. У інтэр’еры размешчана частка новага мэблевага гарнітура эпохі мадэрн. Дарэчы, дом Ласковіча захаваўся, у ім зараз размешчаны ААТ «Отделочник-28» (Ніжне-Пакроўская, 17).

5

У другой зале экскурсія пачынаецца з інтэр’еру Полацкай жаночай гімназіі, расповед ідзе пра выхаванне юных палачанак… Афармлялі крэдыты і пазыкі, захоўвалі грошы напачатку XX стагоддзя ў Гарадскім грамадскім банку. Сярод экспанатаў найбольш цікавымі з’яўляюцца стол-бюро і падлогавы гадзіннік, які працуе да нашага часу. Будынак банка (Ніжне-Пакроўская, 9) знаходзіцца на рэстаўрацыі. Таксама наведвальнікі стацыянарнай выставы могуць «зазірнуць» у лаўку гандляра і мецэната Мінца, аптэку Баярынблюма і заезны дом Давіда Арліеўскага. У яго інтэр’еры знаходзіцца трох’ярусны буфет, перада­дзены нашчадкамі вядомага палачаніна музею-запаведніку ў 1997 годзе.

Невялікая па памерах і, можа, не такая багатая на экспанаты выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» уражвае. Уяўляеш сябе гараджанінам ці госцем Полацка, які ідзе па брукаванай вуліцы, аглядае навакольныя дамы, узіраецца ў вітрыны, чытае шыльды…

6

Акрамя Марыны Аніськовіч, у стацыянарнай выставе працуюць дазорцы Наталля Булах, Любоў Прытыка і касір Любоў Каваленка. З пачатку аднаўлення работы праводзяцца музейныя заняткі.

Калі ў вас з’явілася жаданне замовіць экскурсію па стацыянарнай выставе «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», звяртайцеся па тэлефоне 45-81-16.

Зараз ёсць яшчэ некаторыя пытанні па будаўнічых работах, працягваецца праца над экспазіцыяй выставы. Але турысты столькі разоў пыталіся, калі ж яна нарэшце адкрыецца, што музейшчыкі саступілі.

Ірына Воднева ўпэўнена, што развівацца выставе ёсць куды. Вольнымі застаюцца паўпадвальныя памяшканні. Яны могуць стаць працягам экспазіцыі ці быць скарыстаны пад кавярню ці краму сувеніраў. Музей-запаведнік разгледзіць усе прапановы.

Аляксандр ЗАМКОЎСКІ
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА

https://www.traditionrolex.com/8