https://www.traditionrolex.com/8
<p>Хто запрасіў такую колькасць Дзедаў Марозаў і арганізаваў навагодні флэшмоб? Аб гэтым застаецца толькі здагадвацца, як аб сапраўдным чарадзействе</p>

У мінулы чацвер у горадзе адбывалася нешта неверагоднае – спакойнае і размеранае жыццё райцэнтра раптам парушыла вясёлая завадная музыка, што раздавалася з плошчы ля ёлкі. І сюды, бы на яе магічны чароўны кліч, з розных бакоў пачалі збірацца Дзяды Марозы і Снягурачкі, паведамляе "Астравецкая праўда".

Яны ішлі і ішлі… Ды не адны, а разам са сваімі сябрамі – Зайцам, Драконам, Львом, Каровай, Пеўнем… І хутка ля ёлкі сабралася вясёлая кампанія, якая скакала, танцавала і заклікала прахожых далучацца. Праз некалькі хвілін ля ёлкі сабраўся натоўп. Адны проста назіралі за дзействам, другія вадзілі карагоды і прытанцоўвалі, трэція – фатаграфавалі дзяцей ці фатаграфаваліся самі з казачнымі героямі. А малышы здзіўлена і шчасліва глядзелі на такую колькасць Дзедаў Марозаў і Снягурак: «Няўжо Новы год ужо наступіў? Гэта ж колькі падарункаў можна папрасіць…» – чыталася ў іх захопленых вачанятах.

Але казачныя героі не пераблыталі дату надыходу Новага года і не спяшаліся сустрэць яго да пачатку распіяранага «канца свету», які прагназуема не наступіў. Не, яны вырашылі не чакаць свята, а сабрацца разам і парадаваць маленькіх і дарослых астраўчан вясёлым флэшмобам.

Хто запрасіў такую колькасць Дзедаў Марозаў і арганізаваў навагодні флэшмоб? Аб гэтым застаецца толькі здагадвацца, як аб сапраўдным чарадзействе. Ды і загадчык аддзела культуры райвыканкама Сяргей Сяўко, які прысутнічаў на мерапрыемстве, афіцыйна заявіў, што да гэтай «самадзейнасці» аддзел культуры не мае ніякага дачынення! Толькі смяшынкі ў яго вачах сцвярджалі, што менавіта работнікі аддзела культуры арганізавалі свята і запрасілі Дзедаў Марозаў і Снягурак з розных арганізацый і ўстаноў.

Марына МАЦКЕВІЧ

Фота Аляксандра ЮШЧУКА


https://www.traditionrolex.com/8