https://www.traditionrolex.com/8

Хто з гэтых персанажаў больш традыцыйны для беларусаў, хто самы стары і самы родны?

«Дзеда Мароза як персанажа ў нашай традыцыі я не ведаю. У нас ёсць уяўленне пра Мароза ў Беларусі, як эмацыйнага духа прыроды. Ён ходзіць, студзіць палі, трашчыць, вось менавіта яго клічуць куццю есці. Яшчэ ёсць дзіцячы Мароз — Зюзя, у выглядзе дзядка», — кажа этнограф Уладзімір Сівіцкі.

А вось такога персанажа, як Дзед Мароз, у беларускай культуры ніколі не было, як і ў еўрапейскай. Той жа Санта ці Святы Мікалай — пазнейшыя персанажы, паведамляе Euroradio

На сёння ў нас больш вядомы савецкі Дзед Мароз. Але бліжэй менавіта да беларускай культуры — Зюзя, мяркуе Сяргей Ракавец, спецыяліст па маркетынгу Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Здаўна вядома, што ў некаторых мясцовасцях сустракаўся Зюзя — дух марозу. Святы Мікалай вядомы сярод каталіцкага насельніцтва. Ён, як і Санта, вядзе сваю гісторыю з пачатку XX стагоддзя, таму ў нас моцна не прыжыўся. У яго на гэта проста не было часу, бо прыйшла савецкая ўлада, і яго месца заняў Дзед Мароз».

Уладзімір Сівіцкі ж лічыць, што для беларускай культуры лепшым вобразам будзе Святы Мікалай.

2

«Уяўленне Святога Мікалая — як біскупа, які разносіць падарункі. У праваслаўных такога няма. Калі ж нешта ствараць, то ён больш арганічны для беларускай культуры вобраз».

Санта-Клаўс з'явіўся ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, Дзед Мароз — увогуле ў сярэдзіне XX стагоддзя. Старэйшы з усіх персанажаў — Зюзя.

Зюзя з'явіўся яшчэ ў часы паганства. Тады лічылася, што ў зімовы час прыходзіць бог зімы — босы дзядок у белым кажуху з непакрытай галавой і жалезнаю булавой у руках. Пад Паставамі і цяпер ёсць такі дзядок — Зюзя Паазерскі. Свой Зюзя з’явіўся і ў Баранавічах.

«У беларусаў быў і Дзед Мароз, і Лядовы Дзед, і Зюзя, і Святы Мікалай. Зюзя — самы стары персанаж. Кажуць, што Зюзя — гэта прадзед нашага Дзеда Мароза. Але ён доўгі час быў у заняпадзе. Таму цяпер выцягнуць яго з нашай міфалогіі цяжэй. Але штогод да яго больш цікавасці», — кажа Ягор Шушкевіч, дырэктар пастаўскага Цэнтра турыстычных паслуг. Ужо на працягу 7 гадоў да іх Зюзі прыязджае каля 6-7 тысяч чалавек.

Раней усе Дзяды Марозы замяняліся нашымі традыцыйнымі персанажамі — такімі, як Каза, Кабыла, Дзед. Яны для нас самыя родныя, лічыць Сяргей Ракавец. Але ж Каза і Кабыла не кладуць падарункі пад елку. Хто прыносіў прэзенты на Новы год?

3

Сяргей Ракавец: «Да гэтага падарункі не прыносіліся. Калядоўшчыкі прыходзілі ў кожную хату, і іх частавалі гаспадары пачастункамі. Гэты пачастунак лічыўся падарункам, бо потым уся моладзь збіралася ў хаце пасля Калядаў і святкавала».

І заўсёды найперш адзначаліся Каляды, а Новы год святкаваўся ў розны час у розных рэгіёнах і быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Напрыклад, пачатак новага цыклу земляробчых прац увесну, ці канец — увосень.

Але цяпер найбольш папулярны Дзед Мароз. Менавіта яго запрашаюць дадому беларусы, канстатуе кіраўнік кампаніі, якая займаецца навагоднімі віншаваннямі, Андрэй Шаблоўскі:

«У нас былі замовы англамоўных Дзеда Мароза і Снягуркі, Санты. Зюзю ці яшчэ некага ў нас не заказвалі. Калі б мы яго прапаноўвалі — наўрад ці нехта б замовіў. Дзеці чакаюць убачыць класічныя варыянты і ведаюць менавіта пра Дзеда Мароза».

Віталь Ругайн

Фота: tio.by

https://www.traditionrolex.com/8