https://www.traditionrolex.com/8
<p>Беларускую вучаць не толькі закаханыя ў беларускіх дзяўчат ці хлопцаў рамантыкі, але і сур’ёзныя навукоўцы кшталту 34-гадовага Марціна Паўлсэна</p>

Беларускую вучаць не толькі закаханыя ў беларускіх дзяўчат ці хлопцаў рамантыкі, але і сур’ёзныя навукоўцы кшталту 34-гадовага Марціна Паўлсэна, паведамляе Generation.by.

Дзесяць гадоў таму будучы навуковы супрацоўнік Бергенскага ўніверсітэта ў Нарвегіі прыехаў у Беларусь. Ён апавядае: «Я прыехаў у Мінск, каб вывучаць рускую мову, і доўга меркаваў, што валодання рускай дастаткова, каб разумець Беларусь. Але з цягам часу зразумеў, што беларускую культуру і сітуацыю ў краіне нельга зразумець без беларускай мовы. Таму ў 2002 годзе вырашыў, што трэба вывучаць і беларускую». З тых часоў ён шукае ў беларускай рысы роднай нарвежскай, а веды выкарыстоўвае ў межах праекту аб вывучэнні ўплыву лічбавых тэхналогій на развіццё ўсходнеславянскіх моў.

«У час вучобы ў БДАТУ па абмене студэнтамі мне пашанцавала, бо я меў магчымасць адзін займацца з выкладчыцай. Таму мы змаглі выбраць аптымальную хуткасць заняткаў.

Самае складанае палягала ў адсутнасці (на той час, цяпер, здаецца, ужо ёсць) падручнікаў для замежнікаў, якія захацелі вывучаць беларускую. Бо замежнікам, відавочна, складана вучыцца па тых самых падручніках, па якіх вучацца беларусы. Таксама спачатку было складана знайсці беларусаў, якія хацелі размаўляць са мной па-беларуску. Але і гэта праблема знайшла сваё рашэнне.

Я бываю ў Беларусі кожны год. Беларускамоўныя беларусы ахвотна размаўляюць са мной. Але іх няшмат, таму часта даводзіцца пераходзіць на рускую мову.

Цяпер я чытаю па-беларуску амаль кожны дзень, час ад часу пішу, але размаўляю вельмі рэдка, толькі калі бываю ў Беларусі.

Беларуская мова мне падабаецца за тое, што засталася блізкай да гутарковай мовы і дыялектаў. У гэтым плане яна падобная на маю родную мову, нарвежскую. Мне вельмі падабаецца слова «смак», бо яно ёсць і ў нарвежскай мове і мае тое самае значэнне, што і ў беларускай.

Мае парады замежным студэнтам: слухайце беларускую музыку, напрыклад, N.R.M. Праз сучасную музыку прасцей дамагчыся добрага вымаўлення і даведацца пра тое, як беларусы цяпер размаўляюць».

1

https://www.traditionrolex.com/8