https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гэта горад соў, якія гукаюць уначы, край сіняй гліны і атмасферы фільмаў Кустурыцы</p>

Гэта горад соў, якія гукаюць уначы, край сіняй гліны і атмасферы фільмаў Кустурыцы.

Дарога ў 1000-гадовы Петрыкаў, назву якога звязваюць з імем аднаго з найбольш шануемых апосталаў, – незабыўная вандроўка. Па дарозе заязджаеш у баявы Слуцк, праязджаеш горад Любань, пра які шмат чуў, але так і не змог пабываць раней, нават калі працаваў у абласной газеце. Ехаць прыходзіцца праз лясы, краявід пастаянна мяняецца, што робіць любаванне ім праз вакно аўтобуса найцікавейшым элементам падарожжа. Але, углядаючыся ў начны гушчар, дзе-нідзе (а можа, гэта толькі падаецца) інтуітыўна адчуваеш нейкі рух, і адразу ўспамінаеш пра герояў Слуцкага збройнага чыну, якія да гэтай пары жывуць у беларускіх лясах. Страху ад іх няма: «я ж свой», – думаеш с дрыготкім спакоем у душы.

Адкрыццё, але солеадвалы – салігорскія горы – перасякнулі ўжо мяжу і Любанскага раёна. Увогуле гэты ўвесь край раскінуўся на саляной падушцы: радовішча калійнай солі, яшчэ большае, чым у Салігорску, разведалі пад Петрыкавам. (Па шашы ад Салігорска да Петрыкава, якая выглядае на карце нібыта два катэты – 150 км, а напрамкі, па гіпатэнузе, адлегласць складае ўсяго 106 км). Таму мясцовыя жыхары 10-тысячнага Петрыкава жывуць чаканнем вялікага індустрыяальнага росту горада і гавораць пра дзесяцікратны рост насельніцтва на працягу 20–30 год. Але пакуль інфрастуктура па здабычы солі на Петрыкаўшчыне не пабудаваная, у беларусаў і нашых гасцей ёсць унікальная магчымасць забрысці ў гэты ўнікальны цнатлівы край, заблукаць у ім, згубіцца, і быць шчаслівым у гэтай згубе.

1

Сінім пазначана існуючая дарога да Петрыкава. Чырвоным – праз лясы, па  гіпатэнузе

Парк часоў ВКЛ

Мой начны прыезд у Петрыкоў віталі совы: яны гухкалі ўначы, нібыта партызаны са Случчыны. На вуліцы, дзе я выйшаў з аўтобуса, было цёмна, і аўтобус, каб я не паспеў учапіцца за яго выратавальныя дзверы, хутка з’ехаў, пакідаючы мяне на неасветленым завулку з шэрагам платоў і катэджаў, чые абрысы месяц мягка вымалёўваў у петрыкаўскай начы.

–  Совы гухкаюць, – патлумачыў з цемры сябра Алесь, які прыйшоў сустракаць мяне на прыпынак.

Мы павіталіся і рашуча рушылі скрозь ліпеньскую цемру ў  бок жытла.

–  Заўтра субота, сходзім у музей? – спытаў я Алеся. – У вас жа ёсць музей?

– У нас ёсць музей Дзеда Талаша, – весела адказаў сябар.

Да музея Дзеда Талаша мы так і не даехалі, бо на працягу двух дзён маёй вандроўкі не выпала з’ездзіць у в. Навасёлкі, а музей – там. (Зрэшты, калі цікава, вёска знаходзіцца ўсяго ў 9 км ад горада). Але па дарозе да Петрыкаўскага краязнаўчага музея, які мы вырашылі наведаць, ідучы праз гарадскі парк, паглядзелі на помнік Дзеду Талашу, герою 2–дзвюх войнаў, ад доўгажыхара – 102 гады – не хто іншы, як Заір Азгур.

У іншых гарадах гістарычны цэнтр – гэта цэнтральная плошча, а ў Петрыкаве – парк. Калі ідзеш праз яго, адразу бачна, што сучасны выгляд парка фармаваўся стагоддзямі. Высокія пагоркі звязвае мост, пад якім цягнецца глыбокі роў: у XVI ст.  беларусы-князі Алелькавічы (яны неаднаразова прэтэндавалі на сталец Вялікага княства Літоўскага) з дапамогай Прыпяці і гэтых пагоркаў ўтваралі штучнае ўмацаванне для свайго замка, які стаяў тут жа, у  цяперашнім парку. Потым Прыпяць і мясцовы звышпакручасты ландшафт (які можна пабачыць і па сённяшні дзень) аказвалі гэткую ж самую баявую дапамогу графам Хадкевічам (баярын Ходзька-Хадкевіч у 1434-м быў сярод падпісантаў акта ўніі ВКЛ і Каралеўства Польскага).

– А ты ведаеш, чаму пражская культура так называецца? – спытаў мяне Алесь па дарозе.

– Напэўна, таму, што яе артэфакты знайшлі каля Прагі, – адказаў я напаўжартаўлівым голасам, разумеючы, што за гэтым простым пытаннем стаіць сур’ёзная размова.

– Так, але гэтая культура з тым жа поспехам магла называцца петрыкаўскай.

– …?

– Артэфакты пражскай культуры былі раскапаныя каля Прагі ў 30-я гады мінулага стагоддзя. У той жа час пад Петрыкавам таксама была знойдзена старажытная славянская культура, якую зараз адносяць да перыяду пражскай. Нашыя беларускія навукоўцы апантана працавалі над тым, каб хутчэй раскапаць і апублікаваць звесткі пра гэтую славянскую культуру, а, сам разумееш, 30-я гады, Сталін, рэпрэсіі… Карацей, не паспелі яны давесці справу да канца, таму гэтая культура называецца пражскай, а магла б называцца петрыкаўскай.

– А зараз хто-небудзь займаецца вывучэннем пражска-петрыкаўскай культуры пад Петрыкавам? – спытаў я.

– Так, ёсць адна жанчына, навуковец, – удакладніў Алесь. – Толькі я б не стаў называць гэтую культуру пражска-петрыкаўскай, бо ўсё-ткі па навуковых базах яна ідзе як пражская, або пражска-карчакоўская. Каб быць яшчэ і петрыкаўскай, нашым навукоўцам трэба скончыць даследаванні, зрабіць публікацыі…

– Гэта ў навуковых выданнях яна не можа называцца петрыкаўскай, – рэзкавата адказаў я. – А ва ўсіх іншых выпадках мы, калі паважаем сябе як беларусы і ведаем, што такія факты – раскопкі ў 30-х гадах і доказы – ёсць, мы маем поўнае права называць гэтую культуру петрыкаўскай, і дадаваць у дужках, што яна вядомая ў свеце як пражская. Адчуць павагу да сябе ад іншых народаў можна толькі тады, калі сам паважаеш сябе, сваю гісторыю і культуру! – скончыў я пафасна думку.

– Ну, можа быць.

3

Кавалак сіняй гліны

Музей, да якога мы падышлі, двухпавярховы, невялічкі, але і не малы для 10-тысячнага горада. Экспазіцыя складаецца з рэчаў побыту петрыкоўцаў, палешукоў, са старажытнасці па наш час. Петрыкаўская зямля – край рыбны, таму шэраг экспанатаў музея звязаны з рыбнай гаспадаркай: гэта і 5-метровы човен, і прылады для лоўлі. У Прыпяці, гэтай галоўнай палескай артэрыі даўжынёй амаль 800 км, і па цяперашні час можна злавіць язя, сазана, сама, судака, галаўня і іншую рыбу.

Асобны пакой выдзелены памяці герояў Другой сусветнай вайны. Фотаздымкі, узнагароды, рэчы са штодзённага салдацкага ўжытку. Стандартны і, канешне ж, заезжаны набор фактуры пра Айчынную вайну пераўтвараецца ў суплёт найцікавейшых гісторый, калі пачынае распавядаць супрацоўніца музея. Сколькі ж невядомых старонак вайны яшчэ ёсць, прычым такіх, дзе праяўляецца не проста людская героіка, а шчырыя і чалавечыя, і беларускія якасці. Чаго варты расповед пра фарсіраванне Прыпяці замаскіраванымі пад кусты кацерамі – а за гэтай жа ідэяй і здзяйсненнем стаіць канкрэтны чалавек. Або пра спадара, трох дзяцей якога немцы забралі ў канцлагер. У яго быў асабісты выбар – застацца дажываць у вёсцы, або папрасіцца разам з дзецьмі. Я думаю, вы разумееце, што ён выбраў. Гэты спадар, хоць быў і ва ўзросце, браўся за любую працу ў лагеры: ён умеў і шыць, і рамантаваць абутак – рабіў усё, каб заставацца з дзецьмі. І ўсе яны ўчатырох – бацька і трое дзяцей – засталіся жыць пасля вайны. Таму не пашкадуйце часу, завітайце ў музей, магчыма, там вы адчуеце важныя рэчы:  гераізм, але не пафасны, а ў самых шчырых чалавечых праяўленнях.

Вялікі вясельны човен

Рака Прыпяць – гэта петрыкаўскі хэпенінг. Кожныя 10 крокаў – і ты бачыш абноўлены краявід, новы паварот ракі, апынаешся на высокім беразе, які амаль вертыкальна абрываецца ўніз, і ты стаіш над гэтай вышынёй, ведаючы, што глыбіня ў рацэ пачынаецца праз паўметра ад берага. У накаторых месцах пласты берага знітаваныя сіняй глінай, то бок глінай з прыроднай афарбоўкай. Сіневу (якая ў іншых крыніцах характарызуецца як блакітнасць гліны) надаюць іоны. Сіняя гліна ўтрымлівае ў сабе срэбра, магній, кальцый, марганец, фосфар, цынк і шмат іншых карысных для чалавека элементаў. Аздаравіцца можна, наўпрост пахадзіўшы па прыпяцкім беразе, але, зразумела, такое багацце Прыпяць утойвае не на кожным кроку – яго трэба пашукаць.

2

Вялікі вясельны човен

Да правага берага Прыпяці (а Петрыкаў стаіць на левым) лёгка можна даплыць – усяго 200 метраў па шырыні. А пераплыўшы, вы пераўтвараецеся ў сапраўдных палескіх рабінзонаў, бо далей, аж да самай мяжы з Украінай, кіламетраў 70, вы будзеце ісці, плыць, прабірацца праз балоты, тануць і ратавацца па царстве некранутай прыроды. Адзіны «буйны» населены пункт на вашым шляху будзе – гарадскі пасёлак Лельчыцы менш чым з 10 тысячамі насельніцтва. Ёні стаіць на рацэ Убарці, правым прытоку Прыпяці.

5

Прыпяць

Не паспееш уладкавацца на жывапісным беразе ракі, скупнуцца і раскласці ежу, як з-за рачнога паварота выплывае доўгая баржа. Музыка, якая даносіцца з яе, адразу акунае цябе ў атмасферу фільмаў Кустурыцы. На баржы зроблена рэстарацыя – у ёй гуляюць вяселле. «Вялікі вясельны човен» праплывае ў 100 метрах ад цябе, гучаць традыцыйныя для сённяшняга беларускага вяселля прыслоўі тамады, талака танцуе, махае мне рукамі – я адказваю наўзаем. На дваццаць хвілін я акунуўся ў атмасферу святочнага поўдня Еўропы. Але не, гэта не Францыя, гэта – Палессе са сваімі асаблівасцямі і каларытам, са сваёй цішынёй і нечаканасцямі.  Край, назва, якая мае стаць узорам і параўнаннем для іншых месцаў і краін, адным з брэндаў Беларусі.

4

Дзе Прыпяць, там і човен

Палессе – край бяроз, дубоў, сосен. Але Петрыкаў не пагаджаецца з гэтым: у горадзе расце пірамідальная таполя, дрэва, якое любіць шмат сонца і света, цягнецца ў неба, мае выцягнуты від. Здавалася б, таполя і таполя, што з таго? Але, напрыклад, японцы назвалі адну са сваіх таполяў «Кен і Мэры» і выклалі яе выяву ў інтэрнеце. Потым яна патрапіла ў раздзел Вікіпедыі пра таполі. «Любіце тое, што здаецца вам будзённым, і тады гэта палюбяць астатнія», – такую выснову я зрабіў з гэтага факта.

https://www.traditionrolex.com/8