https://www.traditionrolex.com/8

У Бабруйскім краязнаўчым музеі прапануюць маладым этнаграфічнае вяселле «На век доўгі, на быт добры», паведамляе «Звязда».

Шлюб маладыя рэгіструюць у загсе, а ў музей прыязджаюць, каб адчуць на сабе народныя вясельныя традыцыі. Вядучая, навуковы супрацоўнік музея Ларыса Цімашэнка апранае аўтэнтычны беларускі строй з фондаў, і... Яна вядзе абрад на беларускай мове. Маладых праводзяць пад аркай на шчасце і садзяць на чароўны куфар, пакрыты кажухом (знак багацця).

Муж і жонка праходзяць выпрабаванні, каб высветліць, ці добра яны будуць разумець адзін аднаго ў сямейным жыцці, ці стануць руплівымі гаспадарамі. Вясёлыя спаборніцтвы чакаюць таксама дружак і гасцей. Завяршаецца святочная дзея беларускай полькай, а таксама памятнай фотасесіяй у інтэр'ерах музея.

Нядаўна беларускае вяселле сыгралі Вольга і Віктар Пархімовічы, і гэта сёлета ўжо трэцяя пара. Асабліва абрад у музеі карыстаецца папулярнасцю ў халодны час, калі шпацыры на свежым паветры не зусім дарэчы, а таксама паміж пастамі, калі дазваляецца вяселле паводле народных традыцый.

Каштуе этнаграфічнае вяселле 120 тысяч рублёў, і госці набываюць білеты ў музей. Цяпер загадзя запісалася на гэтую дзею ўжо дзесяць пар.

— Прычым гэта не толькі нашы людзі! — заўважае Ларыса Цімашэнка. — На беларускае вяселле ў нас ужо траплялі жаніхі з Украіны і Малдовы. Зараз чакаем мужчыну з Турцыі, які жэніцца на бабруйчанцы.

1

Цяпер маладыя могуць яшчэ агледзець і фотавыставу «Праз гады, праз адлегласці...» Тут прадстаўлены старыя здымкі сямейных пар з фондаў краязнаўчага музея: ад дарэвалюцыйных да савецкіх часоў. Звычайна гэта людзі, якія пакінулі след у мясцовай гісторыі: напрыклад, нашчадкі Пушкіна, дваране Вельямінавы-Варанцовы, якія жылі ў Бабруйскім раёне, альбо сямейны партрэт вядомага бабруйскага кухара Мадэста Сіроціна, які гатаваў асабіста для маршала Чарняхоўскага.

Ілона Іванова

https://www.traditionrolex.com/8