https://www.traditionrolex.com/8
<p>І далей павялічваецца колькасць віз, якія атрымліваюць беларусы, у тым ліку і гродзенцы, у краіны Еўрасаюза. Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч мяркуе, што без павелічэння колькасці супрацоўнікаў консульства, якія выдаюць візы, праблемы і далей будуць існаваць</p>

І далей павялічваецца колькасць віз, якія атрымліваюць беларусы, у тым ліку і гродзенцы, у краіны Еўрасаюза. Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч мяркуе, што без павелічэння колькасці супрацоўнікаў консульства, якія выдаюць візы, праблемы і далей будуць існаваць, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

РР: Спадар Генеральны консул, якая назіраецца дынаміка ў выдачы віз беларускім грамадзянам за апошнія гады?

Генеральны консул Анджэй Хадкевіч: У мінулым годзе консульства Польшчы ў Гродне выдала 114 тысяч віз. Гэта недзе на 30% больш, чым у папярэднім годзе. Такая тэндэнцыя трымаецца ад 2010 года. З моманту майго прыезду колькасць віз расце. Першы скок быў раптоўны – у 2011 годзе. У 2012 -м было троху вальней. Але зацікаўленасць, канешне, захоўваецца і далей. Цяпер можна паведаміць, што мы дасягнулі рысы сваіх магчымасцяў. Людскіх магчымасцяў. Не думаю, што мы здолеем выдаць больш віз у бягучым годзе, бо і далей мы працуем абмежаванай колькасцю консульскіх супрацоўнікаў: маем толькі чатырох візавых консулаў. Гэтак, як і ў Мінску альбо ў Брэсце. Шчыра кажучы, кожны з чатырох супрацоўнікаў консульства выдае недзе ад 110 да 120 віз штогод. Як я мяркую, гэта нашы максімальныя магчымасці. Калі беларускія ўлады не выкажуць згоды на прыезд большай колькасці візавых консулаў, то не бачу магчымасці выдачы большай колькасці віз. Тады чарга будзе паўсюль. Бо ведаю, што чэргі ёсць не толькі ў Гродне, але і ў Мінску, і ў Брэсце. Таму клопаты з атрыманнем польскай візы ёсць паўсюль. 

РР: Па якіх прычынах консульская служба найчасцей адмаўляе у выдачы віз? 

Анджэй Хадкевіч: Адмовы – гэта невялікая частка адсотка выданых віз. Але калі паспрабаваць ахарактарызаваць прычыны адмовы ў выдачы візы (не адмовы ў прыняцці рэгістрацыйнай анкеты – тут крыху інакш, а менавіта выдачы візы), то перш за ўсё гэта сапраўднасць запрашэння з Польшчы. І гэта асноўная прычына. Частка датычыць перадусім віз, якія звязаны з сезоннай працай у Польшчы. Бо і ў Польшчы назіралі, і мы з Гродна назіраем таксама, што ёсць у Польшчы асобы, фірмы, якія спрабуюць часта выдаваць цалкам не пацверджаныя дакументы. Па сутнасці такія дакументы на ўладкаванне працоўных з-за мяжы прадаюцца. Мы спрабуем гэта высветліць, тое сама робіць і памежная служба. Вось у чым падставовая прычына: падазрэнні, ці сапраўды асоба, якая запрашае, ёсць, як бы гэта акрэсліць… годная, і ці выдала сапраўднае запрашэнне. 

РР: А ці можа недастатковы фінансавы дастатак быць прычынай адмовы для грамадзян Беларусі атрымаць візу?

Анджэй Хадкевіч: Можа стаць такой прычынай, але не так даўно я размаўляў з паслом Федэральнай Рэспублікі Германіі, які наведаў Гродна. Ён сам выказаўся, што грамадзяне Беларусі для Еўрасаюза не ўяўляюць эміграцынай праблемы. Жыхары Беларусі не парушаюць так ужо часта тэрмінаў знаходжання, не застаюцца нелегальна. Кажучы мовай афіцыйнай, «не ўяўляюць міграцыйнай небяспекі для Еўрасаюза». Таму пасол Германіі сам прапанаваў адмовіцца ад спраўджвання фінансавага стану грамадзяніна, хоць гэта адно з правіл візавага кодэксу. І мы стараемся спрашчаць гэтую працэдуру.

РР: Колькі гадоў, як вы ўвялі электронную рэгістрацыю, але і сёння ёсць цяжкасці самому зарэгістравацца, і час ад часу людзі змушаны звяртацца да фірмаў, якія на гэтым у пэўнай ступені нажываюцца. 

Анджэй Хадкевіч: На жаль, разумеем, што цяжка зарэгістравацца. Ведаем сутнасць, чаму такія цяжкасці ёсць. Перадусім таму, што ў Гродне дзейнічае шмат асоб і фірмаў, якія ўжываюць легальныя камп'ютарныя праграмы, якія служаць для хуткага ўпісвання асабістых дадзеных, для хуткага запаўнення рэгістрацыйнай анкеты. Папросту, зарабляюць. На жаль, чытаў у гродзенскай прэсе, што гэта нелегальны заробак, але ўлады і міліцыя нічога з гэтым не робяць. Міліцыя не атрымлівае даручэння пераследу тых, хто бярэ грошы за такога тыпу працэдуру. Канешне, наша сістэма ўвесь час абнаўляецца, яна не дае магчымасці ўпісвання шмат асоб з аднаго электроннага адраса, але я мяркую, што ахвотных на атрыманне вядомых 100 еўра тут, на абшарах Гродна, даволі шмат. Разам з тым каб палепшыць рэгістрацыю візавых анкет, мы ўводзім падзел на выдачу віз паводле катэгорый. Ідзе размова пра тое, каб да канца месяца была даступнасць для іншых катэгорый, апрача катэгорыі на куплю. Відавочна, што большасць выязджае ў Польшчу з мэтай штосьці купіць. Разам з тым існуе выдача віз на іншыя мэты: культурныя, навуковыя, спартыўныя, візы для працы, у мэтах кагось наведаць. Стараемся, каб для іншых катэгорый паездкі, апрача куплі, можна было зарэгістравацца.  

Для арганізаваных груп дзейнічае кампанія «Візы за квіткі». Праз польскіх і беларускіх тураператараў можна атрымаць бясплатную візу для наведвання Беластоцкай оперы. Падрабязная інфармацыя пра кампанію «Візы за квіткі» даступная ў консульствах Польшчы ў Беларусі.

Якуб Сушчынскі

https://www.traditionrolex.com/8