https://www.traditionrolex.com/8
<p>Куды далей збіраюцца вандраваць стваральнікі праекту, ці ёсць будучыня ў інтэрнет-тэлебачання і як у Барбары Радзівіл з’явіўся новы брат. Пра гэта расказвае аўтар сцэнарыяў «Край.by» гісторык Алесь Лапо</p>

Куды далей збіраюцца вандраваць стваральнікі праекту, ці ёсць будучыня ў інтэрнет-тэлебачання і як у Барбары Радзівіл з’явіўся новы брат. Пра гэта расказвае аўтар сцэнарыяў «Край.by» гісторык Алесь Лапо.



602

— Алесь, як вы трапілі ў праект? І якія чаканні былі, калі ён запускаўся?

— Мяне запрасіў мастацкі кіраўнік праекта Зміцер Бейнарт-Саладуха, якому ў сваю чаргу параіў маю кандыдатуру рэжысёр Ігар Чышчэня. Я адразу згадзіўся, таму што праект даў магчымасць сумясціць два мае захапленні — гісторыю і кіно. Зразумела, што спачатку былі свае складанасці. Справа ў тым, што раней я не пісаў сцэнарыяў для праектаў тэлевізійнага кшталту. Аднак цяпер ад сцэнарыя да сцэнарыя спрабую рабіць сваю кніжную даследніцкую мову больш жывой, болей увагі надаваць сюжэту.

Чаканні? Хацеў больш і глыбей пазнаёміцца з Беларуссю, шырэй яе для сябе адкрыць. І падзяліцца сваім адкрыццём з іншымі.

— Раскажыце, калі ласка, што за каманда з вамі працуе. Якія цікавыя сітуацыі ўзнікаюць падчас здымак?

— На сённяшні момант каманда праекта складаецца з пяці чалавек. Твар праекта «Край.by» — Павел Харланчук, добра вядомы тэатральны акцёр і рэжысёр. Мастацкі кіраўнік праекта — Зміцер Бейнарт-Саладуха, генеральны прадзюсер ПАН-студыі, тэатральны і тэлевізійны рэжысёр. Рэжысёрам і мантажорам праекта з’яўляецца Ігар Чышчэня, які працуе на студыі дакументальнага кіно «Летапіс». Аператар — Наталля Каварская, навучаецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Як на мяне, самыя цікавыя моманты ўзнікаюць на выязных здымках. Калі знаёмішся і размаўляеш з мясцовымі жыхарамі, бачыш велічныя помнікі ў паўжывых вёсках, заўважаеш дэталі і натхняешся атмасферай мінуўшчыны.

— Як падбіраецца матэрыял для выпускаў і як глыбока аналізуюцца факты?

– Безумоўна, на праект сыходзіць дастаткова шмат часу і энергіі. Даводзіцца перагартаць шмат літаратуры, нават польскамоўныя выданні, каб скласці для сябе пэўную карціну кожнага паселішча. На мястэчка траціцца каля пяці дзён. Калі ўсё гэта робіш, то разумееш, на якім нізкім узроўні знаходзіцца беларуская гістарычная навука. Часам, супастаўляючы крыніцы і даследаванні, робіш адкрыцці, якія нідзе раней не афішаваліся. Фактычна такія маленькія адкрыцці і ёсць тым, што прымушае рухацца далей.

На вялікі жаль, не хапае даследчыкаў, каб вывучаць свой край. Пасля гэтага задаешся пытаннем: куды знікае тая вялікая колькасць дыпламаваных гісторыкаў?

— А праскоквалі памылкі ў перадачах?

— Я стараюся не толькі пазбягаць памылак, аднак аспрэчваць застарэлыя стэрэатыпы ў гістарыяграфіі адносна гісторыі пэўных паселішчаў. Зразумела, што ўсё рабіць бездакорна, калі працуеш з вялікім матэрыялам і не маеш дастаткова часу, каб працаваць у архівах і з сур’ёзнымі даследаваннямі, — немагчыма. Таму просьба да ўсіх, хто бачыць нейкія промахі, — паведамляйце!

А наконт памылак: запомнілася асабліва адна, якую так і не ўдалося паправіць. У сюжэце пра Варняны быў выкінуты сказ пра Мікалая Радзівіла Рудога і атрымалася, што ў Барбары аб’явіўся яшчэ адзін «брат» — Ян Абрамовіч!

— Ці ёсць зваротная сувязь з гледачом? Ад гісторыкаў няма нараканняў?

— Заўсёды добра, калі ёсць зваротная рэакцыя, заўвагі, якімі б яны ні былі. І ведаеце, нягледзячы на велізарны аб’ём інфармацыі, нараканні ад гісторыкаў і краязнаўцаў адзінкавыя, што не можа не радаваць.

Я ў сваю чаргу спрабую зрабіць перадачу цікавай і для гісторыкаў, і для людзей, якія толькі пачынаюць цікавіцца сваёй радзімай.

— Магчыма, не зусім правільна, што праграмы запісваюцца ў студыі без выезду ў самі вёскі.

— Я таксама трымаюся думкі, што праект быў бы жывейшым, калі б Павел Харланчук выязджаў на здымкі непасрэдна ў вёскі. Аднак з тэхнічнага (і не толькі) гледзішча гэта складаней.

— Увогуле як, на вашу думку, такія серыйныя відэапраекты ў інтэрнеце сёння могуць зрабіцца альтэрнатывай тэлебачанню?

— Недалёкі той час, калі тэлебачанне само сыдзе ў інтэрнэт. А пра папулярнасць кажуць тысячы праглядаў праектаў «Край.By».

— Пра якія мястэчкі рыхтуецеся расказаць ў найбліжэйшы час? Паводле якога прынцыпу іх абіраеце?

— Што трапіцца пад руку! Насамрэч, здаецца, што пра любое паселішча ў Беларусі, якое мае больш-менш глыбокую гісторыю, можна зняць асобны сюжэт. Наступным жа разам праект адправіць гледачоў на ўсход нашай Радзімы. Для пашырэння аўдыторыі вырашана зняць некалькі сюжэтаў пра гарады, у прыватнасці, пра Горкі і Мсціслаў.

— Ці ведаеце вы, што наконт праекту думае Юры Жыгамонт? І ці бралі ў нечым у прыклад ягоную перадачу?

— Сапраўды цікава, што думае пра праект Юры Жыгамонт, бо я заўсёды з цікаўнасцю глядзеў і гляджу яго перадачы. І ўсё ж нашыя праекты розняцца, і ў кожнага з нас ёсць свае перавагі: у праекце «Край.By», як мне здаецца, глыбей падаюцца гістарычныя нюансы, штосьці можа здзівіць тут нават абазнанага краязнаўцу, аднак «Падарожжы дылетанта» дазваляюць шчыльней пазнаёміцца з сучасным станам мястэчкаў. У праектаў блізкія мэты, аднак існаванне абодвух — цалкам апраўданае!

— Якія беларускія мястэчкі цікавыя асабіста вам і адной праграмы было б мала, каб расказаць пра іх?

— Гэта мястэчкі маёй малой радзімы – Клімавічы і іх ваколіцы, Мсціслаўшчына. Думаю, як-небудзь завітаем і туды!

Інфармацыйныя партнёры:

cd26906dd4ed02a2a5dfda931ce62d9d_500_0_0

5ee0e658d0313c3f62a5350965f722ac_202_0_0

7e0904c68ef5c2d8cc55491d662ea9ef_500_0_0

02351e2117f8e8de5279ecdc42ab7eb2_500_0_0

a725c2861147892c451a87e45278cf76_266_0_0

https://www.traditionrolex.com/8