https://www.traditionrolex.com/8
<p>Знаходжанне турмы ў цяперашнім месцы, у гістарычным цэнтры Гродна, побач з адным з прыгажэйшых будынкаў горада — Фарным касцёлам, а таксама старадаўняй аптэкай уяўляецца зусім не патрэбным. Тым больш што з-за спецмашын гэтай установы ўзнікаюць заторы транспарту, нязручнасці для руху пешаходаў</p>

— Знаходжанне турмы ў цяперашнім месцы, у гістарычным цэнтры Гродна, побач з адным з прыгажэйшых будынкаў горада — Фарным касцёлам, а таксама старадаўняй аптэкай уяўляецца зусім не патрэбным. Тым больш што з-за спецмашын гэтай установы ўзнікаюць заторы транспарту, нязручнасці для руху пешаходаў. Можа, ёсць сэнс вынесці турму за межы горада, а на яе тэрыторыі арганізаваць нейкі музей, пабудаваць гасцініцу і рэстаран альбо знайсці нейкае іншае карыснае прымяненне для гараджан і турыстаў? Мяркую, што гэта будзе ў інтарэсах і выкарыстання патэнцыялу гістарычнага цэнтра Гродна, і больш зручнага руху транспарту, пешаходаў, — лічыць Сяргей Мікалаевіч.

Для даведкі

Турма № 1 у Гродне, размешчаная ў будынках былога езуіцкага калегіума, дзейнічае з 1820 года. У царскай Расіі гэта была перасыльная турма. У савецкі час яна лічылася адной з самых строгіх у СССР. Цяпер там знаходзяцца тыя, хто пераведзены з папраўчых калоній на турэмны рэжым, а таксама адразу асуджаныя да турэмнага зняволення за асабліва цяжкія злачынствы. Турэмныя сцены «памятаюць» Напалеона Орду, Сяргея Прытыцкага, Браніслава Тарашкевіча, Валянціна Таўлая, Піліпа Пестрака і іншых вядомых людзей, паведамляе «Звязда».

Варта зазначыць, што ідэя аб пераводзе турмаў з гарадскіх цэнтраў зусім не новая і шмат дзе ўжо ажыццявілася. Нядаўна, напрыклад, набыла другое жыццё былая турма ХІХ стагоддзя ў галандскім горадзе Рурмонд. Новы ўласнік перапрафіляваў будынак у шыкоўны гатэль з саўнай і фітнэс-цэнтрам. Замест 150 камер там цяпер 45 нумароў, у тым ліку «люксы» пад назвамі «Дырэктар», «Турэмшчык», «Юрыст», «Суддзя».

Ужо даўно з'яўляюццца музейнымі комплексамі замак Святога Анёла ў Рыме, турма-музей «Кансьержэры» ў Парыжы, «Алькатрас» у амерыканскім штаце Каліфорнія. А ў чылійскім горадзе Талька былую турму вырашылі пераўтварыць у грамадскі цэнтр для ўсёй правінцыі — з пляцоўкамі для культурных, спартыўных, палітычных мерапрыемстваў, кавярнямі і паркам адпачынку.

Нават славутая Бутырская турма (Бутырка), не выключана, у перспектыве атрымае музейны статус. Такую прапанову нядаўна выказаў вядомы грамадскі дзеяч адвакат Анатоль Кучарэна. На яго думку, у пабудаваным у ХVІІІ стагоддзі будынку нельга стварыць патрэбныя ўмовы для ўтрымання людзей. Таму трэба пабудаваць новую турму, а на месцы Бутыркі стварыць музейны комплекс.

Заклапочаны гэтай праблемай і нашы суседзі-літоўцы. Плануецца да 2017 года вынесці за межы гарадоў турмы з цэнтраў Вільнюса, Шаўляя і Панявежыса. Напрыклад, у сталіцы Літвы Міністэрствам юстыцыі быў праведзены грамадскі конкурс ідэй: якія аб'екты гараджане хацелі б бачыць на месцы Лукішскай турмы побач з будынкам парламента? Пераважалі прапановы абсталяваць там нешта падобнае на гасцініцу-музей з турэмнай тэматыкай — тэатралізаваным следчым ізалятарам, спектаклямі-«допытамі».

Дарэчы, і ў Мінску, як вядома, плануецца перанос следчага ізалятара № 1 з вуліцы Валадарскага.

А як у Гродне? Летась па гэтай тэме выказваўся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. На яго думку, у цэнтры горада павінны размяшчацца невялікія гасцініцы, кавярні, музеі, а не турма, але гэта вельмі дарагі і складаны праект.

Пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Марозаў таксама лічыць, што турма — не лепшы аб'ект для цэнтра горада над Нёманам. Аднак будаўніцтва новай патрабуе вялізных бюджэтных сродкаў. Таму, калі і будзе прынята такое рашэнне, то ў аддаленай перспектыве. Пры гэтым Віктар Марозаў зазначае, што ў сувязі з няўхільным скарачэннем злачыннасці і змякчэннем карнай практыкі ў Гродне ды і ў іншых папраўчых установах краіны няма праблемы з перавышэннем ліміту месцаў для тых, хто адбывае пакаранне. Больш за тое, на парадку дня — пытанне аптымізацыі колькасці такіх устаноў: верагодна, іх будзе менш. І на гэтым фоне будаваць новую турму?

Тым не менш пытанне аб вынасе турмы з цяперашняй тэрыторыі пазначана ў праекце рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна, паведаміла карэспандэнту «Звязды» начальнік аддзела рэалізацыі генплана ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама Валянціна Куранкова. Усё будуць вырашаць грошы? Безумоўна, фінансавы аспект вельмі важны. Але не менш важна і тое, які аб'ект атрымае горад на месцы, дзе цяпер турма. Мусіць, такія праекты павінны рыхтавацца ўжо цяпер, каб карысць для горада была відавочнай.

Барыс ПРАКОПЧЫК

https://www.traditionrolex.com/8