Дзесяць пытанняў пра будучыню комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»

20.03.2013 - Новости

Дзесяць пытанняў пра будучыню комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»

Дзесяць пытанняў пра будучыню комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», паведамляе «Культура».

Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з’яўляецца адным з тых гісторыка-культурных аб’ектаў (не хочацца называць яго «брэндам»), якія не патрабуюць ні агрэсіўнага піяру, ні пошуку адмысловых крэатыўных хадоў для таго, каб «зацягнуць» да сябе наведвальнікаў: народная сцяжына сюды папраўдзе не зарастае. Асабіста ўпэўнілася, што не толькі экскурсійныя групы, але і прыватныя кампаніі ў тры–пяць чалавек на тэрыторыі комплексу — з’ява, так бы мовіць, пастаянная. «За мінулы год мы правялі каля ста мерапрыемстваў, крэпасць наведала больш чым 350 тысяч чалавек, — і гэта толькі ўлічаныя», — распавядае дырэктар комплексу Рыгор БЫСЮК.

— Ды ўсё ж, Рыгор Рыгоравіч, нягледзячы на тую славу, якой Брэсцкай крэпасці не займаць, і на адсутнасць неабходнасці яе «рэкламавання», што сёння робіцца ў мемарыяльным комплексе для таго, каб наведвальнікі не проста пабывалі ў Цытадэлі, але і захацелі вярнуцца сюды яшчэ раз?

— Літаральна ў кастрычніку мінулага года, падчас нашай метадычнай вучобы, калегі з музея «Зеелаўскія высоты», якіх мы запрасілі, паводле сваіх архіўных даных паведамілі надзвычай цікавы факт: аказваецца, на пачатку вайны, у першыя дваццаць хвілін абстрэлу Брэсцкай крэпасці, на яе тэрыторыю было выпушчана з рознай зброі каля пяці тысяч снарадаў і бомб! Толькі ўявіце сабе гэта... Вось вам дэталь у тэму пытання.

У нас бывае шмат не толькі айчынных, але і замежных турыстаў: паводле статыстыкі, у крэпасці пабывалі прадстаўнікі 140 краін свету. І, напрыклад, адзін з прадстаўнікоў амерыканскай дэлегацыі некалькі разоў звяртаўся да мяне з пытаннем: «Не разумею, навошта абаронцы крэпасці так зацята змагаліся і паклалі тут свае жыцці, калі фашысты былі ўжо за Мінскам? Няўжо не лепш было б здацца ў палон, магчыма, застацца ў жывых і скласці свой лёс іншым, больш шчаслівым, чынам?» Мне прыемна і важна, што нашым суграмадзянам, прычым самых розных пакаленняў, не патрэбна тлумачыць, што такое патрыятызм людзей, якія абаранялі не проста Брэсцкую крэпасць, а — сваю Радзіму, родных, уласныя грамадзянскія перакананні. Менавіта таму сёння людзі ідуць сюды, каб пакланіцца гэтай мужнасці, аддаць ёй даніну павагі.

Невыпадкова і Прэзідэнт краіны ў свой час прыняў рашэнне, якім вызначыў, што Брэсцкая крэпасць — цэнтр патрыятычнага выхавання. Неаднойчы мне даводзілася чуць ад тых жа расіян, што ў іх да патрыятычнага выхавання моладзі не падыходзяць так грунтоўна, сістэмна і на самым высокім дзяржаўным узроўні, як у нас. Невыпадкова і тое, што за апошнія дзесяць з невялікім гадоў у рэстаўрацыю ды іншыя віды работ у крэпасці было ўкладзена 19 мільярдаў рублёў, з якіх дзве трэці — фінансы, выдаткаваныя з рэспубліканскага бюджэту.

1

У нашых супрацоўнікаў па сутнасці адзін па-сапраўднаму выхадны дзень — 1 студзеня. У астатні ж час мы працуем, не зважаючы нават на афіцыйны графік работы: калі да нас прыязджаюць групы, якія спазняюцца да закрыцця, альбо, наадварот, завітваюць надзвычай рана, мы ўсё роўна даём ім магчымасць пазнаёміцца з музеем, скласці ўражанне пра Брэсцкую крэпасць…

— А як вы працуеце з вучонымі, даследчыкамі? Ці можаце сказаць, на колькі працэнтаў тэрыторыя крэпасці сёння вывучана?

— Тут працы яшчэ надзвычай шмат. Безумоўна, справа рухаецца. Так, летась 25 верасня, у чарговую гадавіну адкрыцця мемарыялу, мы нанеслі на памятныя пліты новыя прозвішчы: колькасць невядомых абаронцаў Брэсцкай крэпасці зменшылася на два. Замовілі літары для яшчэ аднаго «знойдзенага». Але ж... З больш як 1020 пахаваных астанкаў на сённяшні дзень, разам з адкрытымі, вядомы ўсяго толькі 276 прозвішчаў. А вы ж ведаеце: вайна не скончыцца, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат...

— У вашым штаце ёсць спецыялісты, якія адмыслова займаюцца пошукава-даследчыцкай дзейнасцю?

— Безумоўна, гэтай дзейнасцю займаюцца нашы навуковыя супрацоўнікі, але разам з тым нам вельмі дапамагае 52-і пошукавы батальён, ён праводзіць вялікую працу. Аднак жа ў рэспубліцы шмат такіх мясцін, дзе патрэбна актыўная пошукавая работа...

— А валанцёры?

— Паколькі гэта — спецыфічны від дзейнасці, звязаны ў тым ліку і з рызыкай для жыцця, валанцёры не маюць права на падобныя работы. Аднак увогуле ахвотнікаў дапамагчы крэпасці хапае. Не першы год да нас прыязджаюць валанцёры з Масквы. Каля сотні чалавек, яны праводзяць тут амаль усё лета, прычым не проста «культурна адпачываюць» ды ладзяць сабе экскурсіі, а аказваюць заўважную дапамогу, вызываючыся на самыя няўдзячныя работы, напрыклад, выдаляць траву, што прарастае паміж тратуарнымі пліткамі: можаце ўявіць сабе, што гэта за праца, калі агульная тэрыторыя тратуараў, дарожак ды плошчаў у крэпасці — сем гектараў! Усяго дваццаць гектараў з сямідзесяці, што складаюць плошчу мемарыяла, можна касіць трактарам, астатняе — выключна «ручная» работа: праца трымерам... Так што валанцёрам у нас занятку хапае.

— А што новага прапаноўвае музей наведвальнікам?

— Зараз мы актыўна працуем над стварэннем яшчэ адной экспазіцыі (а па сутнасці — яшчэ аднаго музея) у паўднёва-ўсходняй казарме. Гэта, выключаючы Барбакан, — дзесьці каля тысячы квадратных метраў новай плошчы, у дадатак да прыкладна такой жа ўжо існуючай экспазіцыі. Плануем завяршыць работы і адкрыцца да 3 ліпеня 2014 года — акурат да Дня незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Што можна будзе пабачыць у новай экспазіцыі?

— Плануем паказаць жыццё і побыт нашых салдат у перадваенны перыяд.

— Атрымаецца, што ў дадатак да існуючай, так бы мовіць, патрыятычнай экспазіцыі дадасца зона побытавая?

— Не зусім так. Будзе, безумоўна, у новай экспазіцыі і казарма з яе побытам, і салдацкі клуб... Але разам з тым мы плануем закрануць такую вельмі няпростую тэму, як лёс абаронцаў крэпасці, што трапілі ў палон. Гэтая частка экспазіцыі мае распавесці, як яны выжылі, як склалася іх жыццё, чым яны займаліся ў пасляваенны перыяд. Зусім нядаўна мы атрымалі з Расіі дзённікі аднаго з такіх абаронцаў — Сяргея Перадзельшчыкава: іх нам перадала ягоная дачка. Сяргею, можна сказаць, пашчасціла: пасля таго як усю вайну ён знаходзіўся ў палоне, у 1945-м яго аднавілі ў званні, і ён служыў у нашай арміі, на тэрыторыі Германіі. Па тых дзённіках, якія ён вёў і ў палоне, і пазней, можна ўбачыць, як чалавек, трапіўшы ў жорсткія, нечалавечыя ўмовы, не страціў свайго аблічча, з якой цеплынёй і пяшчотай думаў ён пра родных, як не страціў пачуцця і павагі да сваёй Радзімы... Такі «штрых» — біяграфія аднаго чалавека — для нас, музейшчыкаў, дадатковая і таксама важная фарба ў гісторыі Брэсцкай крэпасці.

У Барбакане — крапасной вежы — плануем зрабіць аглядную пляцоўку. Здавалася б, другі паверх — не надта і высока, але ж мы зазвычай прывыклі бачыць крэпасць з зямлі. А так у наведвальнікаў будзе магчымасць акінуць вокам панараму Цытадэлі так, як бачылі яе абаронцы... Мы ўдзячныя, што ў гэтай справе нам дапамагаюць такія структуры, як, скажам, «Белтрансгаз», з якім у нас падпісана пагадненне і які ў памеры 15 мільярдаў рублёў фінансуе работы ў паўднёва-ўсходняй казарме: амаль 5 мільярдаў з гэтай сумы мы адправім на рамонт і рэканструкцыю, а астатнія — на набыццё адпаведнага выставачнага абсталявання і непасрэдна стварэнне экспазіцыі. 2,1 мільярда рублёў на работы ў Барбакане дае нам Дзяржаўная карпарацыя «Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці «Знешэканамбанк» Расіі.

Разам з тым працягваюцца работы па рэстаўрацыі падвальных памяшканняў 333-га палка — з часам і туды мы таксама плануем пачаць вадзіць экскурсіі... Безумоўна, работы хапае: гэта, у прыватнасці, рэканструкцыя моста ля нашага музея — адзінай транспартнай артэрыі, што аб’ядноўвае цэнтральны востраў і астатнюю тэрыторыю комплексу...

На тэрыторыі Цярэспальскага ўмацавання і памежнага вострава, якія знаходзяцца ў крэпасці, хоць і не непасрэдна на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу, мы падрыхтавалі ды правялі прэзентацыйную экскурсію для журналістаў, кіраўніцтва горада і вобласці, дыпкорпуса — там таксама ёсць на што паглядзець. Гэта не толькі цудоўная, некранутая прырода, але і цудоўна захаваныя парахавыя склады ХІХ стагоддзя з унікальнай кладкай цэглы... Плануем разгарнуцца літаральна як сыдзе снег, у красавіку- маі. Я ўжо не кажу пра Кобрынскае ўмацаванне: адзін Усходні форт — каля дзвюх тысяч квадратных метраў, тут таксама ёсць дзе разгарнуцца. Так што планаў у нас хапае...

— У сувязі з планамі не магу не запытацца і пра такі амбіцыйны праект, як Гісторыка-культурны цэнтр «Брэст», які плануецца разгарнуць у тым ліку і на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Якім чынам у яго рэалізацыі будзе задзейнічаны мемарыяльны комплекс?

— Гэтая ініцыятыва з боку горада. Яна заключаецца ў тым, што тэрыторыя непасрэдна Брэсцкай крэпасці, улічваючы не толькі наш мемарыяльны комплекс, але і іншыя ўмацаванні, не проста даволі значная, але і хавае ў сабе папраўдзе глыбокі гісторыка-культурны патэнцыял. Напрыклад, усе ведаюць пра гісторыю абароны Цытадэлі, але ж не так і шмат жыхароў нават з Брэста распавядуць, што раней на гэтым месцы знаходзіўся сам горад, і толькі пазней, калі было прынята рашэнне аб пабудове крэпасці, ён быў па загадзе «перанесены» на некалькі кіламетраў убок...

Прызнаюся, напачатку ідэя гэтая ўспрымалася шмат у чым насцярожана, з пэўнай доляй скепсісу. Аднак кіраўніцтва горада падышло да пытання грунтоўна: у Брэст прыехалі спецыялісты з Расіі, Галандыі, Англіі, Польшчы, Украіны, прычым не толькі музейшчыкі ды практыкі турыстычнага бізнесу, але і архітэктары, маркетолагі... Тры дні ішоў папраўдзе інтэлектуальны мазгавы штурм, праводзіліся бурныя дыскусіі. У выніку іх сфарміраваліся чатыры рабочыя групы, кожная з якіх распрацоўвае свой кірунак: архітэктура, інфраструктура і яе развіццё, эканамічныя аспекты, арганізацыйныя моманты... І ўжо літаральна ў сакавіку-красавіку яны зноў збяруцца, каб прадставіць свае напрацоўкі з улікам тых пажаданняў, што былі выказаны.

— Якога кшталту гэтыя пажаданні?

— Адна з задач — тыя аб’екты, што засталіся, захаваць і па магчымасці прыстасаваць пад бягучыя мэты. Напрыклад, арганізаваць інфраструктуру турыстычнага абслугоўвання, каб нашы наведвальнікі маглі больш часу праводзіць на тэрыторыі крэпасці.

Вельмі сур’ёзная задача, пастаўленая мэрам горада, — аднаўленне вантавага моста ў раёне Цярэспальскіх варот, які ў свой час быў лепшым у Расійскай імперыі і адным з лепшых у Еўропе. Ёсць думка зрабіць яго пешаходным і веласіпедным пераходам паміж намі і Цярэспалем. Калі гэтая задумка здзейсніцца, можна чакаць значнага прытоку аматараў такога папулярнага сёння ў Еўропе руху, як пешы і велатурызм.

А чаму б не зладзіць і водны турызм: разам з гарадскімі ўладамі альбо ініцыятыўнымі прыватнымі прадпрымальнікамі закупіць некалькі прагулачных кацераў ці маламерных судоў і ладзіць прагулачныя экскурсіі з цэнтра набярэжнай, па абвадным канале, Мухаўцу, Бугу?.. Агучваю гэтую ідэю, спадзеючыся, што знойдуцца людзі, якія падтрымаюць такую задумку.

Зрэшты, цікавых ідэй самых розных кірункаў шмат. Многія з іх, перакананы, будуць рэалізаваны, частка, непазбежна, застанецца толькі ў выглядзе праектаў... Увогуле ж плануецца, што Гісторыка-культурны цэнтр «Брэст» паўстане ў 2019-м — да 1000-годдзя нашага горада.

— А што да выкарыстання інтэрактыўных тэхналогій — не толькі на перспектыву, але і сёння, у цяперашняй практыцы?

— Пэўная інтэрактыўнасць у нашай рабоце прысутнічае заўсёды — напрыклад, ваенная тэхніка, якая ў нас знаходзіцца на Пятым форце... Маем задуму перапрафіляваць парахавы склеп, дзе яна зараз знаходзіцца, у своеасаблівы салдацкі клуб. А паколькі знята нямала фільмаў пра абарону Брэсцкай крэпасці, дый пра Вялікую Айчынную вайну ўвогуле, мы маглі б гэтыя стужкі дэманстраваць акурат тут, у «аўтэнтычным» антуражы.

Зараз распрацоўваем новы музейны сайт, ізноў жа, намагаючыся палепшыць яго ў бок большай інтэрактыўнасці. Падчас згаданага вышэй семінара па стварэнні Гісторыка-культурнага цэнтра «Брэст» нам па сутнасці падарылі віртуальную экскурсію па Брэсцкай крэпасці, якую мы плануем размясціць на сайце. Будзе тут і англамоўная версія — я прыхільнік таго, каб пра Брэсцкую крэпасць распаўсюджвалася як мага большая колькасць інфармацыі, каб людзі ведалі пра Подзвіг яе абаронцаў…

Таццяна КОМАНАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах