https://www.traditionrolex.com/8
<p>Жыхары Гомеля дамагаюцца аднаўлення чыгуначнага спалучэння ў кірунку Гомель – Вільнюс – Калінінград. Гараджане звярнуліся з дадзенай просьбай у Міністэрства транспарта і камунікацый, а таксама да начальніка Беларускай чыгункі. На шляху паміж Гомелем і Вільнюсам знаходзяцца шматлікія беларускія гарады. Цяпер даехаць да іх з абласнога цэнтра можна толькі з перасадкай</p>

Каб выехаць у нядзелю ў кірунку Мінска, білет неабходна набыць за тры тыдні. Нават у буднія дні патрапіць з абласнога цэнтра ў сталіцу па чыгунцы бывае немагчыма, не кажучы ўжо пра раённыя гарады. Дарога да дома ў гомельскага студэнта Алеся Камандзірчыка, які паходзіць з Ашмян, займае суткі. Гэта пры тым, што адлегласць паміж гэтымі гарадамі складае усяго 435 кіламетраў, якую на аўтамабілі можна праехаць за 7 гадзін, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Жыхары Гомеля дамагаюцца аднаўлення чыгуначнага спалучэння ў кірунку Гомель – Вільнюс – Калінінград. Гараджане звярнуліся з дадзенай просьбай у Міністэрства транспарта і камунікацый, а таксама да начальніка Беларускай чыгункі. На шляху паміж Гомелем і Вільнюсам знаходзяцца шматлікія беларускія гарады. Цяпер даехаць да іх з абласнога цэнтра можна толькі з перасадкай.

Алесь Камандзірчык уласнаручна сабраў больш за 40 подпісаў, каб аднавілі цягнік спалучэннем Гомель – Вільнюс – Калінінград.

Алесь Камандзірчык:

– Прадстаўнікі Беларускай чыгункі, якія прыехалі на сход з жыхарамі Гомеля, прапанавалі вельмі цікавы варыянт, як дабрацца да станцыі Ашмяны. З чатырма перасадкамі: Гомель– Мінск на цягніку. Мінск – Маладзечна на электрычцы. Маладзечна – Гудагай – на дызелі. І з Гудагая ў Ашмяны – ужо на аўтобусе. 

Раней курсавалі два цягнікі, на якіх можна было даехаць да Ашмян ці Маладзечна: Гомель – Калінінград і Харкаў – Калінінград. Але ўкраінскі бок свой цягнік адмяніў. З цягам часу гэтак паступіў і беларускі.

Праблема палягае яшчэ і ў тым, як даехаць з Ашмян да Мінска. Цягнік, на якім можна даехаць з гэтага населенага пункта, едзе з Вільнюса. А білеты на цягнік Вільнюс – Мінск распрадаюцца ўсе ў Літве.

Нават калі атрымліваецца даехаць з Ашмян да Мінска, то далейшы шлях да Гомеля таксама аказваецца пад пагрозай зрыву. Па-першае, паміж цягнікамі трэба чакаць як мінімум тры гадзіны. А па-другое, білетаў на цягнік Мінск – Гомель можа і не быць. Бо, напрыклад, каб выехаць у нядзелю ў кірунку сталіцы ці, наадварот, вярнуцца адтуль у абласны цэнтр, білет неабходна набыць за тры тыдні.

Мы затэлефанавалі ў касу, каб даведацца, ці ёсць білеты да Мінска. Паводле раскладу, у бліжэйшую нядзелю (14 красавіка) курсуе 10 цягнікоў да сталіцы (у тым ліку транзітныя). Нам адказалі: «Каб набыць плацкарту ці купэ ў цягнік да Мінска, трэба звяртацца за тры тыдні».

Нават у буднія дні патрапіць з абласнога цэнтра ў Мінск па чыгунцы бывае немагчыма. Студэнтка Галіна распавядае, як нядаўна чатыры дні палявала на білеты да Мінска.

– Мне трэба было ехаць у Мінск. Я з панядзелка спрабавала з’ехаць на цягніку з Гомеля. Стаяла ў чэргах. Але атрымалася ўзяць толькі на чацвер. Мне нават казалі падыходзіць у 2 гадзіны ночы, каб за 10 хвілін да адпраўлення транзітнага цягніка паспрабаваць набыць білет. Я пад’язджала ноччу, але так і не набыла. Цяпер у мяне праблемы ва ўніверсітэтце. Паколькі я не змагла ў патрэбны час даехаць у Мінск, у мяне не атрымалася здаць экзамен. 

Прадстаўнікі Беларускай чыгункі і Міністэрства транспарта і камунікацый адказалі, што аднаўленне цягніка спалучэннем Гомель – Вільнюс – Калінінград не прадстаўляецца магчымым. Аднак гамельчане плануюць звярнуцца ў іншыя дзяржаўныя інстанцыі, каб вырашыць праблему камунікацыі паміж абласным цэнтрам і раённымі гарадамі.

Тры гады таму Аляксандр Якабсон, які на той момант узначальваў Гомельскі аблвыканкам, абяцаў распачаць будаўніцтва хуткаснай чыгункі. На такой магістралі шлях да сталіцы з Гомеля пераадольваўся б за 2 гадзіны. За гэты час не з’явілася нават першай рэйкі хуткаснай чыгункі. А перад гамельчанамі дагэтуль з’яўляецца надзённым пытанне ўвогуле даехаць да іншых гарадоў. Хаця б па звычайнай старой чыгунцы.

Юлія Сівец

https://www.traditionrolex.com/8