https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Грушаўка – гэта невялічкая вёска ў Ляхавіцкім раёне, якая мае даўнюю і слаўную гісторыю. Менавіта яна цягам амаль чатырох стагоддзяў з’яўлялася родавым гняздом рыцарскага рода Рэйтанаў. Менавіта ў ёй прайшлі першыя і апошнія хвіліны жыцця найвядомага яго прадстаўніка — Тадэвуша Рэйтана, якога сёння справядліва лічаць нацыянальным героем Беларусі. Усе, хто пабываў тут, адзначаюць непаўторную атмасферу гэтых мясцін, якія літаральна набрынялі высакародным духам гісторыі.</strong></p>

Старая шляхецкага сядзіба па-ранейшаму ў запусценні. Але мясцовыя ўлады і валанцёры з Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана намагаюцца хаця б раз на год напоўніць яе жыццём. 20-21 жніўня ля старадаўняга палаца ўжо ў чацвёрты раз адначасова пройдуць адразу два фэсты —  свята традыцыйнай культуры «З крыніц спрадвечных», дзе будуць прадстаўлены найлепшыя праявы народнай творчасці Ляхавіцкага раёну (песні, танцы, рамёствы, кухня), і фестываль саверсізма і ігдрасілізма ДАХХХХІ «РЭЙТАН».

Надзвычай насычаная праграма, якая будзе праходзіць адначасова на некалькіх пляцоўках, абяцае задаволіць густы самай рознай публікі. Прыкладам, у першы дзень, апрача музыкі і забаў, плануюцца таксама рыцарскія і шляхецкія танцы і двубоі ад праектаў «Полацкі звяз» і «Эпоха Міхала Клеафаса», майстар-класы па лінагравюры Зміцера Шапавалава і беларускіх фальклёрных танцаў ад «На Таку», курсы «Мова нанова» з Юляй Траццяк, экскурсія па зорным небе ад Цімоха Авіліна, кінапаказ стужак міжнароднага фестывалю кароткаметражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile, а таксама стужак рэжысёра Алены Ясінскай, тэматычна звязаных з Грушаўкай.

Другі дзень спалучыць праявы сучаснай і традыцыйнай культуры. Перформансы будуць чаргавацца з фальклорнымі і сучаснымі спевамі ад Рамана Яраша, Юліі Літвінавай, ПАЦІ і  ETNA_BEAT,  а старадаўняя музыка ў выкананні ансамбляў Archi і Brevis – з імправізацыямі знакамітых эксперыментатараў Аляксея Варсобы (Port Mone) і Віталя Сямашкі.

Своеасаблівым фонам фестывальнай дзеі стане мастацкая выстава, што разгорнецца непасрэдна ля палаца Рэйтанаў. Удзел у ёй возьмуць самыя разнапланавыя творцы: Алесь Родзін, Анатоль Лабкоўскі, Святлана Бадак, Зміцер Шапавалаў, а таксама сябры суполкі «Абуджэнне» Яўген Шунэйка, Андрэй Лычкоўскі, Уладзімір Сайко.

У гэтыя дні ў закінутую сядзібу вернецца той культурны віхор, які віраваў там цягам стагоддзяў. На думку аднаго з куратараў фэсту Зміцера Юркевіча, грамадская ўвага да гэтага каштоўнага помніка спадчыны можа паспрыяць кардынальнай змене яго лёсу – доўгачаканай рэстаўрацыі і пераўтварэнню ў музейны комплекс.

— Спадзяюся, прыйдзе той час, калі Грушаўка будзе функцыянаваць як культурны цэнтр не раз ад разу, а пастаянна, спрыяючы выхаванню патрыятызму нашых грамадзян на прыкладзе такога адданага свайму краю нашага земляка, як Тадэвуш Рэйтан, — адзначыў ён.

Запрашаем на фестываль!

Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана

lefthunder@gmail.com

+375 33 375-72-50

www.reyten.blogspot.com

www.facebook.com/Арт-суполка-імя-Тадэвуша-Рэйтана-562381497125815/                

www.vk.com/club52677453

https://www.traditionrolex.com/8