https://www.traditionrolex.com/8
<p>Кожны больш-менш значны населены пункт мае сваю архітэктурную візітоўку. У Дуброўне гэта, несумненна, будынак былога кляштара. Пакуль ён у непрыглядным стане, аднак аднаўленне павінна распачацца ў бліжэйшы час. У адрамантаваным будынку размесціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей<strong></strong></p>

Кожны больш-менш значны населены пункт мае сваю архітэктурную візітоўку. У Дуброўне гэта, несумненна, будынак былога кляштара. Пакуль ён у непрыглядным стане, аднак аднаўленне павінна распачацца ў бліжэйшы час. У адрамантаваным будынку размесціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей. На аб’ект у бюджэце прадугледжана 2,7 млрд рублёў, паведамляе «Народнае слова».

Ад Глябовічаў да Любамірскіх

Заснаваны ў 1630 годзе Мікалаем Глябовічам, кляштар бернардзінцаў перажыў за сваю гісторыю шмат бедаў. Віной таму – памежны статус Дуброўна, якое не раз станавілася арэнай жорсткіх баёў.

Ужо з сярэдзіны ХVII стагоддзя графу Юрыю Глябовічу прыходзілася няспынна займацца аднаўленнем бажніцы пасля спусташальных набегаў маскоўскіх войскаў. Пасля горад належаў слаўнаму роду Сапегаў, прадстаўнік якога Аляксандр Міхал быў вымушаны пасля I падзелу Рэчы Паспалітай перадаць Дуброўна фаварыту Кацярыны ІІ Рыгору Пацёмкіну. Бернардзінцы трапілі ў няміласць новых гаспадароў і пакінулі Дуброўна, а замест іх з Віцебска запрасілі законнікаў ордэна піяраў, якія ў 1885 годзе адкрылі тут калегіум.

Неўзабаве Пацёмкін пайшоў на «абмен жылля», і ўладальнікам Дуброўна на многія дзесяцігоддзі стаў род князёў Любамірскіх. Напрыканцы XVII стагоддзя здарыўся эпізод, пагалоска пра які пайшла па ўсёй імперыі. Дачка падскарбія кароннага Ксаверыя Любамірскага Капіталіна без згоды бацькі абвянчалася ў касцёле. Зразумела, што гнеў таго выплеснуўся на законнікаў. Кляштар загадкавым чынам згарэў, а некалькіх святароў знайшлі патопленымі. Імператар Павел асабіста даручыў даследаваць справу генерал-губернатару Пятру Пасеку. Той прыйшоў да высновы, што пажар адбыўся стыхійна з-за нядбайнага абыходжання з агнём. Па неасцярожнасці загінулі і манахі: «На всё была воля Божия, а преступления никто не совершал никакого». Тым не менш піяры мусілі пакінуць няветлыя мясціны, куды зноў вярнуліся бернардзінцы. У 1809 годзе Францішак Ксаверый Любамірскі замест драўлянага пабудаваў цагляны будынак.

Жыццё без Бога

Зразумела, што пасля 1917 года, калі рэлігія стала «опіумам для народа», яе служкі сталі непажаданымі спадарожнікамі для будаўнікоў светлай будучыні, і іх у лепшым выпадку проста выганялі.

У савецкія часы будынак выкарыстоўваўся пад адміністрацыйна-грамадскія ўстановы. Тут у розныя часы былі склады, школа, дзе прайшлі першыя ўніверсітэты многія пакаленні дубровенцаў, кінатэатр, «Энергазбыт», службы ЖКГ.

У чаканні рэнесансу

Пасля аднаўлення рэлігійнага жыцця спадкаемцам былых гаспадароў – католікам – перадаць будынак адмовіліся, аказаўшы, аднак, падтрымку ў пабудове новага касцёла, які ўжо сёлета павінен быць асвечаны. А былы кляштар у 1995 годзе перадалі раённаму аддзелу культуры.

За гэты час правялі частковыя рэстаўрацыйныя работы, якія прыпыніліся ў 2007 годзе. Месцічы спадзяюцца, што цяперашні капітальны рамонт «усур’ёз і надоўга».

Заказчык – УКБ Віцебскага аблвыканкама. Падрадчык – прадпрыемства «Віцебскэнергабуд». Ужо падрыхтавана праектная дакументацыя. У першую чаргу, лічыць начальнік аддзела культуры райвыканкама Людміла Дударава, да помніка архітэктуры трэба падвесці неабходныя камунікацыі, замяніць шыбы, адрамантаваць дах. І ўсё гэта павінна максімальна адпавядаць эпосе, калі кляштар пабудавалі.

Хаця гістарычнага музея ў Дуброўне няма, існуе рабочая група па яго стварэнні. На сённяшні дзень ужо сабрана больш за 13 тысяч экспанатаў, сярод якіх і досыць каштоўныя археалагічныя знаходкі з тэрыторыі раёна. Альбо, напрыклад, гармонік, які прайшоў з гаспадаром праз усю Вялікую Айчынную. Яны зараз знаходзяцца ў прыстасаваных памяшканнях.

Будуць тут і карцінная галерэя, і пакой для абмеркавання творчых праектаў. Старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў мяркуе, што хопіць месца і загсу, які сёння знаходзіцца ў памяшканні музычнай школы.

Размешчаны на высокім маляўнічым беразе рэчкі Дубровенкі кляштарны барочны будынак бачны здалёк. Ён здольны стаць вельмі прыцягальным для турыстаў аб’ектам. Старажылы распавядуць вам і пра падземныя хады, якія ішлі за некалькі кіламетраў да Станіславова і па якіх гулялі ў дзяцінстве, пакуль іх не разбурылі, і пра тое, што Дуброўна больш старажытнае нават за суседнюю Оршу.
А яшчэ гэтае знакавае месца павінна стаць адной з асноўных пляцовак традыцыйнага фестывалю мастацтваў «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне».

 Алесь Бынькоў, фота аўтара

https://www.traditionrolex.com/8