https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прываблівае турыстаў не толькі агульнае гістарычнае мінулае, знешняя дагледжанасць і парадак, але і добразычлівасць беларусаў</p>

У Брэсце наплыў расійскіх турыстаў. У асноўным гэта звязана з першамайскімі святамі, у тым ліку з Днём Перамогі савецкіх войскаў над фашысцкай Германіяй – 9 Мая, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя», Брэст.

Прываблівае турыстаў не толькі агульнае гістарычнае мінулае, знешняя дагледжанасць і парадак, але і добразычлівасць беларусаў.

Спадар: Напярэдадні свята хацелася б паглядзець, ні разу не былі ў Беларусі. Мы едзем з Прагі, на адваротным шляху вырашылі паглядзець Брэст. Гэта першая мяжа вайны, таму цікава паглядзець, пазнаць гісторыю. Людзі тут адрозніваюцца знешне, цяплее тут, горад больш еўрапейскі, напэўна, чым Масква. Людзей мала, рэдка сустракаюцца, у нас больш людзей. Па коштах невялікія адрозненні. Адрозненні, напэўна, па заробках, а па коштах адрозненняў мала. 

Спадар: У мяне жонка і дзеці нарадзіліся ў Мінску, таму для нас Беларусь – гэта другая Радзіма. Мы захапляемся ўсім тым парадкам, чысцінёй, ладам жыцця, які пануе ў Беларусі. Мы ўжо некалькі год запар на 9 Мая прыязджаем менавіта ў Беларусь, у Мінск. Хочам падыхаць гэтым паветрам, гэтай атмасферай, якая ёсць у Беларусі, і якая, на жаль, крыху ўжо страчваецца ў іншых былых рэспубліках Савецкага Саюза. Галоўнае, што мы хочам, каб нашы дзеці і ўнукі ведалі нашую гісторыю, гісторыю нашай дзяржавы, шанавалі яе, любілі, паважалі, ведалі карані. Перш за ўсё адчуваецца дабрыня ў беларускіх людзей. Напэўна, гэта было тут спакон веку і будзе такім.  

Спадарыня: Вялікі дзякуй вам усім за тое, што вы ствараеце ў сваёй краіне. На жаль, у сродках масавай інфармацыі ў Расіі вельмі мала распавядаецца пазітыўнага пра Беларусь, пра тое, як тут жывуць людзі, як працуюць – гэта прыгажосць, гэта ўражанні на ўсё жыццё. Два гады таму ў Беларусі кошты былі вельмі нізкія ў параўнанні з расійскімі, якасць тавараў вельмі высокая, зараз кошты павысіліся. Ведаеце, я б вярнулася ў Беларусь, і я яшчэ не пакідаю гэтую думку – гэта мая Радзіма, мой родны горад Мінск.

Спадар: Усё адрэстаўравана, даведзена да ладу, дагледжана ў параўнанні з іншымі месцамі, дзе мы былі. Малайцы беларусы, вельмі добры народ.

Спадарыня: Не ўсё вымяраецца грашыма, у мяне бацька беларус. Мы першы раз прыехалі і не расчараваныя, нам вельмі спадабалася. Спадабалася тое, што ўсё дагледжана, што вы шануеце памяць, усё рэстаўруецца. Мы тут ходзім, і тут жа працы нейкія вядуцца, то бок не закінута.

Спадар: Мы былі ў іншых краінах, едзем дадому. У любым выпадку, калі побач ёсць горад-герой такі, як Брэст, то трэба заехаць. Зразумела, што тут было ўсё вельмі сур’ёзна ў Другую сусветную вайну, то бок на пачатку вайны. Вы, скажам так, удала захавалі той дух у мемарыяльным комплексе. Брэсцкая крэпасць – гэта ўвасабленне мужнасці нашага народа, таго, што нашыя дзяды тут ваявалі разам – беларусы, рускія, украінцы, то бок усе супраць фашызму. Брэст – гэта прыгожы горад. У вас на грашах шмат нулёў. Кошты такія ж, як і ў нас, кошты на паліва крыху менш, чым у Расіі, – прыемна.

Спадарыня: Я сама з Мурманскай вобласці, прыехала ў Брэст і захацела пабываць у Брэсцкай крэпасці. Хачу паглядзець сваімі вачыма, як вашы людзі, вашы салдаты тут ваявалі, загінулі за ваш Брэст. Я паглядзела, што людзі вельмі добрыя, горад сам чысты, прыгожы. Я задаволена вельмі, што прыехала сюды. З грашыма мне пакуль складана арыентавацца, пераводжу расійскія грошы на вашыя, вельмі складана. Я здзіўляюся, што на нашу адную паперку мне даюць вашых вельмі шмат паперак, і я не магу зарыентавацца, але цікава. 

Каб пабачыць Беларусь і зразумець тое, чым яна жыве, недастаткова некалькіх дзён. За знешняй турыстычнай прывабнасцю для турыстаў з былых краін Савецкага Саюза хаваецца эканамічная і палітычная напружанасць краіны. Таксама нельга не звярнуць увагу на тое, што еўрапейскіх турыстаў у Беларусі на сённяшні дзень – адзінкі.

https://www.traditionrolex.com/8