https://www.traditionrolex.com/8
У страхавой кампаніі могуць дапамагчы і п’янаму беларускаму турысту за мяжой, калі траўму той атрымаў не з-за выпіўкі, паведамляе Euroradio.fm.

Загінулага ў Егіпце аршанца Аляксея даставяць у Беларусь 30 мая. Паводле сведчанняў сваякоў, той атруціўся ежай у рэстаране. Страхавая кампанія не ўзялася дастаўляць цела загінулага на Радзіму, бо той нібыта памёр ад алкаголю.

«Пры спрыянні пасольства цела адпраўлена 29 мая і прыбудзе 30 мая. Раім у адпачынку ўжываць прадукты глыбокай перапрацоўкі, не есці тое, што прадаецца на вуліцы. Не варта ўжываць мясцовы алкаголь. Ну і страхавацца ў беларускіх страхавых кампаніях», — тлумачаць беларускім турыстам у консульстве нашай краіны ў Егіпце.

Як даведалася «Еўрарадыё», загінулы хлопец меў страхоўку… расійскай кампаніі. Беларуская б дапамагла, упэўніваюць у «Белдзяржстраху».

«Знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення — гэта не стоадсоткавая адмова страхавой кампаніі. Напрыклад, ішоў у нумар, і машына збіла. Калі няма наўпроставай сувязі паміж ап’яненнем і няшчасным выпадкам, то наша страхавая кампанія разглядае гэты выпадак як страхавы. У нас норма па праміле — 0,3», — адказвае начальніца ўпраўлення медыцынскага страхавання Людміла Кулак, калі пытаю пра выпадак з загінулым беларускім турыстам у Егіпце. І гаворыць пра праблемы з расійскімі страхоўшчыкамі. Не могуць давезці дадому і не маюць стасункаў з консульствам.

«Гэта праблема. Калі вы набываеце тур, а там расійская ці ўкраінская страхоўка — гэта нядобра для нашага турыста. Там ёсць франшызы: калі чалавек мусіць заплаціць 30 еўра за паслугу, а ўжо астатняе – страхавая кампанія. Калі турыст зламаў нагу-руку, пачынаюцца праблемы з транспарціроўкай. Расіяне вязуць толькі ў Маскву, украінцы — у Кіеў», — тлумачыць спецыяліст. І дадае, што ў суткі па медыцынскіх страхоўках звяртаецца да 150 чалавек.

У беларускіх турфірмах часта набываюць туры з расійскімі полісамі. Тыя таннейшыя, тлумачаць «Еўрарадыё» ў кампаніі «Лентяй».

«Калі чалавек набывае тур з вылетам з Масквы ці з Кіева, ён набывае маскоўскі пакет, дзе ўключаны расійскі страхавы поліс. Многія ляцяць умоўна танна. У нас не вялікі паток такіх людзей. І мы ўсім раім набываць беларускія страхоўкі, бо ў выпадку разборак нейкіх так будзе прасцей», — тлумачаць у турфірме.

Нават беларуская страхавая кампанія не пакрые лячэнне, калі вы едзеце катацца на лыжах, але не пазначаеце, што будзеце актыўна займацца спортам, тлумачаць у кансультацыйным цэнтры «Белдзяржстраха». А вось калі ўпалі з веласіпеда ці скутара, дапамогуць.

«Калі разава пайшлі, заплацілі, пакаталіся — гэта разава. Гэта відавочна будзе страхавым выпадкам».

Летась з Беларусі выехала паўмільёна турыстаў. Асноўныя напрамкі: Расія, Украіна, Балгарыя, Грэцыя, Егіпет.

Арцём Мартыновіч

https://www.traditionrolex.com/8