https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пакуль «Маскоўскі» стаіць дзе стаяў, варта было б падумаць, што стане пасля дэмантажу будынка з яго ўнікальнай мастацкай аздобай. Інтэр’ер аўтавакзала ўпрыгожвае трохчасткавае пано, дзе ўвасоблены вобраз Беларусі як краіны, людзі якой — гасцінныя, добрыя, мужныя, а яшчэ — надзіва прыгожая абстрактная кампазіцыя з металу і гадзіннік, нібыта апрануты ў металічную структуру, што нагадвае саламянага «павука» беларускай хаты</p>

Летась на старонках «Культуры» быў змешчаны артыкул пра мазаічную аздобу інтэр’ера сталічнага аўтавакзала «Усходні», якой, на думку чытачоў, што тэлефанавалі ў рэдакцыю, пагражае знішчэнне.

Занепакоенасць выклікала тая акалічнасць, што мазаіку закрылі металічнымі шчытамі, а прастору перад ёй запоўнілі гандлёвымі шапікамі. І ніхто з адказных асоб, да якіх звяртаўся журналіст, не мог уцямна адказаць, дзеля якой мэты пано апранулі ў «бронекамізэльку»: каб падрыхтаваць да дэмантажу ці, наадварот, каб захаваць ад пашкоджанняў у сувязі з распачатай функцыянальнай пераробкай прасторы залы чакання.

Той артыкул меў розгалас і быў абмеркаваны ў кіраўніцтве дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс», якому згаданы аўтавакзал падпарадкаваны. Рэдакцыя атрымала з «Мінсктрансу» ліст, датаваны 20 верасня 2012 года, за подпісам генеральнага дырэктара Л.Папянка, дзе паведамлялася, у прыватнасці, наступнае: «…У 2013 годзе «Мінсктранс» плануе прыступіць да распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі па рэканструкцыі аўтавакзала «Усходні», у якой будуць прадугледжаны мерапрыемствы па захаванні пано».

Днямі мы патэлефанавалі ў «Мінсктранс», каб даведацца пра лёс мазаікі. Было прыемна адзначыць, што ў гэтай паважанай установе нас памятаюць і публікацыю нашу не забылі. Пагутарыць са спадаром Папянком з прычыны ягонай занятасці не атрымалася, але намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве Віктар Вандзяеў паведаміў, што тая дакументацыя па рэканструкцыі аўтавакзала «Усходні» зараз якраз распрацоўваецца, і недзе ў жніўні наш карэспандэнт атрымае магчымасць азнаёміцца з праектам. Спадзяёмся, так яно і здарыцца, і наша паразуменне з «Мінсктрансам» займее канструктыўны працяг. Такім чынам, да тэмы захавання манументальнай спадчыны савецкай эпохі на прыкладзе аўтавакзала «Усходні» мы яшчэ вернемся.

Пакуль «Усходні» чакае рэканструкцыі, іншы аўтавакзал — «Маскоўскі» — чакае пераезду на новае, магчыма, больш адпавядаючае ягонаму функцыянальнаму прызначэнню ў структуры мегаполіса, месца: ва Уручча. На дзяржаўным ўзроўні гэтае пытанне ўжо вырашана. На месцы ж «Маскоўскага» паўстане гмах «Газпраму». Што будзе ўяўляць з сябе аўтавакзал на новым месцы, пакуль невядома. Магчыма, ён паўторыць некаторыя формы свайго папярэдніка (усё ж такі той заваяваў Гран-пры Нацыянальнага фестывалю архітэктуры 1999 года), а можа, гэта будзе зусім новы праект. Але пакуль «Маскоўскі» стаіць дзе стаяў, варта было б падумаць, што стане пасля дэмантажу будынка з яго ўнікальнай мастацкай аздобай. Інтэр’ер аўтавакзала ўпрыгожвае трохчасткавае пано, дзе ўвасоблены вобраз Беларусі як краіны, людзі якой — гасцінныя, добрыя, мужныя, а яшчэ — надзіва прыгожая абстрактная кампазіцыя з металу і гадзіннік, нібыта апрануты ў металічную структуру, што нагадвае саламянага «павука» беларускай хаты.

Мы звярнуліся з такім пытаннем у Міністэрства культуры, каб высветліць, хто мусіць клапаціцца пра лёс згаданых твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва перыяду станаўлення дзяржаўнага суверэнітэту. Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Аксана Сматрэнка адказала, што, паколькі будынак адносна новы, статуса помніка архітэктуры ён, вядома, не мае. Але, на думку спадарыні Сматрэнка, уступае ў сілу сферы аўтарскіх правоў мастакоў, якія тыя творы стварылі. Так, лагічна было б, каб самі творцы і парупіліся пра захаванне сваіх работ.

Аксана Сцяпанаўна таксама выказала думку, што, паколькі згаданыя творы з’яўляюцца часткай будынка агульнагарадскога прызначэння, імі мог бы зацікавіцца Музей гісторыі горада Мінска. Тым больш установа гэтая маладая і, адпаведна, яшчэ толькі фарміруе свае фонды, збірае ўласную мастацкую калекцыю.

Гэтая думка прадстаўніка Міністэрства падалася слушнай дырэктару Музея гісторыі горада Мінска Галіне Ладзісавай. Яна адзначыла карэспандэнту «К», што музей ад такога падарунка не адмовіўся б.

Нам, праўда, падаецца, што калі чыннікі мастацкай аздобы аўтавакзала і трапяць у згаданы музей, дык мінчане ды госці горада будуць бачыць іх даволі рэдка: не ўсё, што ёсць у запасніках, трапляе ў экспазіцыю, тым больш — у пастаянную. Зрэшты, хочацца верыць, што ім знойдзецца месца ў новым будынку аўтавакзала, які паўстане ва Уруччы. Архітэктары і мастакі — людзі амбіцыйныя. Часта, каб сцвердзіць сваё, яны могуць забыцца на здабыткі папярэднікаў. Напрыклад, у новых інтэр’ерах Вялікага тэатра не знайшлося месца габеленам Кішчанкі, якія ўпрыгожвалі яго цягам некалькіх дзесяцігоддзяў… Мабыць, было б някепска, каб у праект інтэр’ераў новага аўтавакзала зыходна была закладзена эстэтычная пераемнасць. Інакш кажучы, «старой» аздобе патрэбна знайсці месца ў новым будынку.

P.S. Днямі было агучана рашэнне Мінгарвыканкама падшукаць для новага аўтавакзала новую пляцоўку. Магчыма, ён з'явіцца ля станцыі метро «Смаленская», якая сёння толькі праектуецца.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

https://www.traditionrolex.com/8