https://www.traditionrolex.com/8
<p>Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы перадала ў Сейм праект Закона аб іншаземцах; акрамя змен, датычных знаходжання на тэрыторыі Польшчы, зменяцца таксама і ўмовы выдачы запрашэнняў ад фізічных і юрыдычных асоб для атрымання візы</p>

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы перадала ў Сейм праект Закона аб іншаземцах; акрамя змен, датычных знаходжання на тэрыторыі Польшчы, зменяцца таксама і ўмовы выдачы запрашэнняў ад фізічных і юрыдычных асоб для атрымання візы, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Пра гэта гаворыцца ў адказе на дэпутацкі запыт Роберта Тышкевіча. Ці будзе спрошчана працэдура афармлення запрашэнняў для беларусаў  і ці стане атрыманне віз у Польшчу прасцейшым - з такімі пытаннямі да дэпутата польскага Сейма Звярнуўся Зміцер Косцін.

РР: Рыхтуецца новы закон пра іншаземцаў у Польшчы, дзе акрамя іншага будзе і пра запрашэнні для іх. Што зменіцца?

Роберт Тышкевіч: Змены, можа, не будуць значнымі, але будзе спрошчана працэдура атрымання запрашэнняў для іншаземцаў. Я шмат разоў быў аўтарам розных скаргаў і зваротаў, якія падаваліся самакіраваннем, прадпрымальнікамі, рознымі ўстановамі і арганізацыямі, звязаных з цяжкасцю гэтай працэдуры. Шмат разоў звяртаўся па гэтай справе ў Міністэрства ўнутраных спраў. Апошні мой зварот прынёс плён: я атрымаў інфармацыю, што Міністэрства ўнутраных спраў падае праект змен у Законе аб іншаземцах, які ўтрымлівае некалькі можа не рэвалюцыйных, але канкрэтных змен, якія спросцяць працэс атрымання запрашэнняў. Чатыры галоўныя змены палягаюць на тым, што, па-першае, той, хто запрашае, не будзе павінен прадстаўляць дакументы аб даходах - гэта істотная змена. Па-другое, хопіць аднаго подпісу асобы, якая запрашае. Не будзе патрэбы ў подпісе на пацверджаным запрашэнні, хопіць подпісу на заяве, якая падаецца ў Ваяводскую ўправу, а таксама не будзе патрэбы ў асабістым атрыманні запрашэння. Гэта мае значэнне для самакіравання, прадпрымальнікаў, якія запрашаюць большую колькасць асоб. Бо калі дырэктар ці кіраўнік нейкай установы павінен хадзіць па некалькі разоў, то гэта робіць працэдуру вельмі працяглай. Чацвёртая змена - гэта ўвядзенне градацыі ўсталяванай сумы фінансавых сродкаў, якую павінен мець запрашаючы бок, каб мець магчымасць утрымаць замежніка ў Польшчы, у залежнасці ад коштаў утрымання ў кожным асобным рэгіёне. І я веру, што ў такім рэгіёне, як Падляшша, гэтыя кошты будуць значна ніжэйшыя, чым у Варшаве ці іншых гарадах Польшчы. Гэта  прынцыповыя змены, рэвалюцыі няма, але лічу, што гэта крок у правільным накірунку. Міністэртсва хоча,  і гэта цалкам рэальна, каб гэтыя змены ўвайшлі ў жыццё ад 1 студзеня будучага года. У сеймавых камісіях я буду прапаноўваць пэўныя дадатковыя змены, але пра іх паінфармую тады, калі ўзгадню іх з клубнымі калегамі, а таксама з партнёрамі з іншых клубаў, каб гэтыя змены мелі шанс на рэалізацыю.

РР: Важным пытаннем застаецца атрыманне віз, а таксама рэгістрацыя на іх атрыманне. Людзі наракаюць на гэтую сістэму, пішуць лісты ў Міністэрства замежных спраў. Ці можна адмовіцца ад электроннай сістэмы? 

Роберт Тышкевіч: Гэта сітуацыя заклятага кола: з аднаго боку, Польшча выдае ў Беларусі ўдвая больш віз, чым усе краіны Еўразвяза разам узятыя. Польшча заангажаваная ў тое, каб адносіны паміж Беларуссю і Польшчай, беларускім грамадствам і польскім грамадствам былі як найбольш інтэнсіўнымі. Але па прычыне таго, што Беларусь на працягу дзесяці год не дазваляе павялічваць колькасць польскіх консулаў, мы дасягнулі парогу сваіх здольнасцяў у абслугоўванні сістэмы выдачы віз. Падаецца, што 300 тысяч віз - гэта мяжа, якую без павелічэння персаналу консульстваў у Беларусі не атрымаецца перакрочыць. Таму мы карыстаемся паслугамі знешніх візавых агенцтваў, каб штогод мець магчымасць апрацоўваць хаця б гэтыя 300 тысяч заяў. Гэта не ідэальная сістэма, мы хацелі б, каб выключна супрацоўнікі консульстваў займаліся абслугоўваннем грамадзян Беларусі, якія хочуць падаць заяву, але тады б гэтых заяў было б не 300 тысяч, я думаю, што іх колькасць не перавысіла б лічбы ў 100 тысяч. Узважваючы гэтыя дзве справы, падаецца, што лепш выдаваць 300 тысяч віз з усімі гэтымі недасканаласцямі і праблемамі, якія стварае супрацоўніцтва з унутранымі фірмамі, дзе мы не да канца ў стане сачыць за іх сумленнасцю, якасцю іх працы. З іншага боку, калі б мы павінны былі знізіць лічбу грамадзян Беларусі, якія могуць падарожнічаць з польскай візай па нашай краіне, то мы лічым, што ў гэтай справе перадусім лічыцца колькасць. Прабачце, але маючы такую дылему - колькасць ці якасць, мы лічым, што колькасць, бо запатрабаванне вялікае, і мы ведаем, што адмова ад гэтай сістэмы спарадзіла б вяртанне гіганцкіх чэргаў пад консульствамі. Я перакананы, што гэтая сітуацыя не была б лепшай, але адназначна паўплывала б на змяншэнне колькасці выдаваемых віз.

Беларусы з’яўляюцца лідарамі ў атрыманні шэнгенскіх віз на аднаго чалавека. Агулам летась было выдадзена амаль 700 тысяч шэнгенскіх віз, з якіх амаль 300 тысяч выдалі польскія консульствы ў Беларусі.

Зміцер Косцін

https://www.traditionrolex.com/8