https://www.traditionrolex.com/8
<p>Зміцер распрацаваў сімвалы 30 беларускіх гарадоў, 16 з якіх прадставіў у дыпломнай рабоце. Камісія ацаніла праект у 10 балаў. Сам дызайнер прызнаецца, што выбар гарадоў для праекта быў выпадковы. Сярод іх і сталіца, і абласныя цэнтры, і зусім маленькія гарадкі. Зміцер распрацаваў нават сімвалы Вільні, Смаленска, Беластока — спрадвечных беларускіх гарадоў, а таксама старажытнай Літвы</p>

Сімвалы беларускіх гарадоў, створаныя маладым дызайнерам Зміцерам Краўчанкам, большасць карыстальнікаў байнэту сустрэла з ухваленнем. Чаго не скажаш пра распрацаваны брытанскай кампаніяй ІNSTІD брэнд Мінска "Thіnk Mіnsk". Узнікае пытанне: чаму пры наяўнасці сваіх спецыялістаў з цікавымі ідэямі мы звяртаемся да замежных, вынік працы якіх нас не задавальняе? Мы пагутарылі са Зміцнрам аб яго праекце і аб тым, як ідуць справы ў сферы тэрытарыяльнага брэндынгу ў Беларусі, паведамляе "Звязда".

Натхнёны гісторыяй і легендамі

Зміцер Краўчанка родам з Барысава, у Мінску жыве ўжо 10 гадоў. Разам з жонкай працуе ў дызайн-фірме, захапляецца гісторыяй. Сёлета Зміцер скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У якасці тэмы дыпломнага праекта абраў тэрытарыяльны брэндынг, ці, іншымі словамі, стварэнне іміджу гарадоў Беларусі.

— Апошнім часам працэс стварэння іміджу гарадоў набірае ўсё большыя абароты, — кажа дызайнер. — Раней я ніколі гэтым не займаўся, але вырашыў паспрабаваць свае сілы.

Спроба аказалася ўдалай: за два з лішнім месяцы Зміцер распрацаваў сімвалы 30 беларускіх гарадоў, 16 з якіх прадставіў у дыпломнай рабоце. Камісія ацаніла праект у 10 балаў. Сам дызайнер прызнаецца, што выбар гарадоў для праекта быў выпадковы. Сярод іх і сталіца, і абласныя цэнтры, і зусім маленькія гарадкі. Зміцер распрацаваў нават сімвалы Вільні, Смаленска, Беластока — спрадвечных беларускіх гарадоў, а таксама старажытнай Літвы.

— У працы я абапіраўся ў першую чаргу на гісторыю і легенды гарадоў. Хацелася, каб гэта было цікава турысту. Я стараўся ўжываць у праекце этнічныя матывы, пластыку, — тлумачыць Зміцер.

Складанасці "стылістычнай" праблемы

Хлопец узгадвае, што асноўныя складанасці пры выкананні праекта былі звязаны з абмежаваннем у часе, а таксама з неабходнасцю прывесці ўсе гарады да аднаго стылю.

— Кожны горад,  як і чалавек, — непаўторны. І часам мне даводзілася адмаўляцца ад цікавых пластычных рашэнняў, каб прытрымлівацца агульнай стылізацыі. Цяпер я прыходжу да думкі, што гэта не апраўдана. Кожны горад трэба "падаваць" паасобку, улічваючы ўсе адметнасці. Заходняя Беларусь не можа быць стылістычна падобнай да Усходняй.

Апроч таго, дызайнеру цяжка было знайсці фон для кожнага горада. Спачатку Зміцер планаваў самастойна фатаграфаваць гарады, але пасля першых спроб зразумеў, што на адны раз'езды пойдзе ўвесь час, адведзены на працу. Таму давялося шукаць выявы ў інтэрнэце.

Але адным гэтым праект не абмежаваўся. Акрамя лагатыпаў гарадоў, шрыфтоў і прыкладаў дызайнерскага выкарыстання распрацаваных сімвалаў, Зміцер стварыў канцэпт дадатку да мабільных прылад, пры дапамозе якога можна было б лёгка арыентавацца ў Мінску. Гэты дадатак уключае ў сябе карту, маршруты гарадскога транспарту, даведачную інфармацыю аб славутых мясцінах, музеях, кавярнях, гасцініцах, бальніцах, пасольствах, пунктах аховы правапарадку і іншыя звесткі. У планах засталося яшчэ шмат дэталяў, ад якіх дызайнер адмовіўся, бо немагчыма ахапіць неахопнае.

У кожнага горада — свае адметнасці

Выкарыстоўваць агульныя для многіх асацыяцыі і пры гэтым не "скаціцца" да банальнасці — задача для дызайнера няпростая. Але, мяркуючы па водгуках у інтэрнэце, Зміцер з ёй справіўся. Забаўны мядзведзь, што танчыць, — сімвал Смаргоні (як напамін аб мядзведжай акадэміі Радзівілаў); абгрызенае бабром бервяно ў выяве Бабруйска; узор слуцкага пояса — стылізаваныя лагатыпы на фоне відаў гарадоў аказаліся блізкімі і зразумелымі для публікі. Вядома, не абышлося і без крытыкі. Але сярод некаторых заўваг аўтар знайшоў вельмі слушныя і пастараўся ўнесці іх у праект.

— Адзін з карыстальнікаў напісаў, што ў Менеска быў вадзяны млын, а не вятрак. Я гэта ведаў, але на стылізацыю вадзяны млын ніяк не клаўся, таму тут я "схалтурыў", — прызнаецца дызайнер, распавядаючы пра сімвал Мінска. Сталіцу Зміцер убачыў у дзвюх частках: верхняя — той самы млын, ніжняя — вежа-брама ў горад.

Што цікава, Мінск у Зміцера Краўчанкі, як і ў дызайнераў кампаніі ІNSTІD, выкананы ў бела-блакітнай каляровай гаме. Напрошваюцца пэўныя асацыяцыі...

— У верасні, калі я толькі вызначыўся з тэмай дыплома, я неяк і не падумаў аб іншых колерах, — тлумачыць малады чалавек. — Шчыра кажучы, я тады нават і не бачыў той "Thіnk Mіnsk". Проста ў мяне чамусьці такая асацыяцыя з блакітным. Па-першае, таму, што легенда горада звязана з вадой. Па-другое, адзенне Дзевы Марыі на гербе сіняе. Але цяпер я разумею, што не хапае якога-небудзь кантраснага цёплага колеру. На "свежае вока" праект яшчэ тэхнічна "не жывы".

1

Брэнд — гэта не толькі модныя прыёмы...

Распрацаваны брэнд Мінска Зміцер называе "дрэнным прыкладам брэндынгу".

— Назіраючы за развіццём сусветнага працэсу стварэння іміджу гарадоў, можна вылучыць некаторыя "модныя" прыёмы. Адзін з іх — гэта калі лагатып будуецца на сучасных формах — трохкутнікі, палосы. У брэндзе Мінска прысутнічаюць тыя самыя модныя шаблоны, усё прыгожа "кладзецца". Але такі брэнд можна і Адэсе надаць, ён бы нават больш ёй падышоў.

Па словах Змітра, на міжнародным фестывалі тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу ОРЕN, які нядаўна праходзіў у Мінску, праект кампаніі ІNSTІD нават не паказалі цалкам. Але, нягледзячы на негатыўныя водгукі, і далей вырашылі працаваць з ім. Зміцер мяркуе, што "ўся праблема ў тым, што грошы за брэнд ужо заплацілі, і гэтую "карову", хутчэй за ўсё, будуць "даіць" да канца". У сувязі з гэтым малады дызайнер выказвае шкадаванне, што ў сферы брэндынгу ў нас мала прыслухоўваюцца да нашых спецыялістаў.

— Напрыклад, цяпер збіраюцца ствараць брэнд Гродна. Далі слоган: "Гродна — горад музеяў". Вакол яго таксама разгарэліся спрэчкі. І, хутчэй за ўсё, для стварэння брэнда гэтага абласнога цэнтра таксама прыцягнуць замежных спецыялістаў, хаця ў нас ёсць свае дызайнеры з добрымі ідэямі.

7

Зміцер Краўчанка перакананы, што адзіны сродак прыцягнення інвестыцый у Беларусь — гэта турызм і развіццё новых тэхналогій. І без брэндынгу тут не абысціся.

— Гэта як рэклама, і яна павінна мець нейкі сэнс і мэту, — мяркуе Зміцер.

Дызайнер упэўнены, што ў Беларусі ёсць усе падставы для развіцця брэндынгу. Бо калі праект добры (а такія сапраўды ёсць), ён сам праб'е сабе дарогу. Трэба толькі своечасова яго падтрымаць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

https://www.traditionrolex.com/8