https://www.traditionrolex.com/8
<p>Калі застаецца паўгадзіны да прыбыцця на канцавую станцыю хуткага цягніка №15 «Мінск — Вільня», пасажыры пачынаюць нервова ўставаць са сваіх месцаў і сунуцца з багажом бліжэй да выхаду</p>

 Калі застаецца паўгадзіны да прыбыцця на канцавую станцыю хуткага цягніка №15 «Мінск — Вільня», пасажыры пачынаюць нервова ўставаць са сваіх месцаў і сунуцца з багажом бліжэй да выхаду.

Нарэшце цягнік спыняецца, і пачынаецца забег па пероне да чатырох запаветных будак памежнага кантролю ў падземным пераходзе, адразу за крутымі і вузкімі сходамі. Некалькі сотняў чалавек, заціснутыя з двух бакоў бетонам і шыбамі, будуць штурхацца, лаяцца, нехта будзе прасіцца прапусціць без чаргі, бо спазняецца ў аэрапорт, а калі іх прапусцяць, дык яны пацягнуць свае валізкі па нагах іншых пасажыраў. Малыя і старыя, здаровыя і калекі правядуць, каму як пашанцуе, аж да гадзіны і болей у такіх умовах, дзе не прысесці, хіба прытуліцца да суседа ці да парэнчаў. Па дарозе са свайго месца ў вагоне да запаветнай Вільні здараюцца і бойкі, адну з якіх я назіраў 28 чэрвеня ў вагоне № 5, калі маладая жанчына заехала кулаком па твары юнаку. Такім спосабам цяпер людзі прыбываюць з Мінска ў сталіцу адной з еўрапейскіх краін — Літвы…

Вось такі праўдзівы вынік рэкламаванага шмат месяцаў спрашчэння памежнага і мытнага кантролю (перанос яго з цягніка на вакзал) і, адпаведна, скарачэння часу ў дарозе з трох гадзін да дзвюх з паловай.

Насамрэч для мяне, які быў дзесьці ў сярэдзіне чаргі, час павялічыўся 28 чэрвеня да 3 гадзін 20 хвілін, а 19 ліпеня я, ужо дасведчаны і гэтым разам без валізкі, сам скараціў хітрыкамі і прабежкай гэты час да 3 гадзін 10 хвілін. На зваротным шляху таксама дадаецца час да абяцаных дзвюх з паловай гадзін. Ты ўжо не можаш сесці ў вагон у апошнюю хвіліну. Пашпартны кантроль завяршаецца за 10 хвілін да адпраўлення цягніка. І зноў жа, хоць і істотна меней, чым пры прыездзе, але пастаяць у чарзе трэба.

Напэўна ж, хацелі зрабіць як лепей, а выйшла як заўсёды. Па-савецку, па-саўковаму. Літоўскі бок «спрасціў» працэдуру пашпартнага і мытнага кантролю толькі для сваіх памежнікаў і мытнікаў. Цяпер яны не ходзяць па вагонах у часе руху цягніка, а сядзяць у кабінках. Людзі ж адчуваюць сябе зняважанымі і прыніжанымі, церпяць фізічны і псіхалагічны здзек.

Любоў беларусаў да Вільні не знікне. У аснове яе і генетычная памяць пра колішнюю сталіцу, і рэлігійная прывязанасць перадусім праз такую святыню, як Вострая Брама, і магчымасць адносна недарагога адпачынку ў Паланзе на самым блізкім ад Беларусі моры. Узніклі і зусім новыя рэаліі. У Вільні адчыніліся крамы папулярных і не вельмі дарагіх еўрапейскіх брэндаў, якія не прысутнічаюць на беларускім рынку, такіх як, да прыкладу, «H&M», «New Yorker», «Bershka». Цэны на побытавыя тавары і нават на прадукты таксама ніжэйшыя. Гандлёвы цэнтр «Акропаліс» — увогуле Мекка для беларусаў. Вось жа і віленскі аэрапорт стаў папулярным у беларусаў, бо адтуль нашмат больш таннымі рэйсамі, прыкладам, авіякампаніі Ryanair, чым роднай «Белавіі», можна даляцець да большасці еўрапейскіх сталіц. Развіваюцца і дзелавыя кантакты.

Афіцыйна паведамляецца, што колькасць людзей, якія вандруюць паміж сталіцамі Беларусі і Літвы, імкліва расце:

у 2012 годзе яна склала 269 тысяч чалавек, што на 65,6% больш, чым годам раней. У першым квартале сёлета маршрутам скарысталіся 76 тысяч пасажыраў — на 30% больш, чым за аналагічны перыяд летась. Пераважна гэта беларусы, якія ездзяць у Вільню на закупы. Яны едуць, як правіла, на адзін дзень, і час знаходжання ў гэтым горадзе для іх вельмі важны.

Беларусы моўчкі пераносяць усе выпрабаванні на віленскім вакзале, бо яны — усяго толькі працяг атрымання візы. Бо ў любым выпадку гэта шанец на танныя закупы ці танны палёт у Парыж…

На новаўвядзенне літоўскага боку беларускі бок адказаў «новай якасці» цягніком.

А менавіта: усе вагоны (дарэчы, старыя) сталі сядзячымі, як у прыгарадных электрычках, толькі што з больш камфортнымі крэсламі. Падзялілі іх на тры класа, якія мала чым паміж сабой розняцца, хіба што цэнамі. Падарожжа ў Вільню па камфорце стала горшым, чым у савецкія часы. Прынамсі, у тым знакамітым на ўвесь Савецкі Саюз цягніку «Чайка», які раніцай адпраўляўся з Мінска і праз Вільню, Рыгу, Тарту ўвечары прыязджаў у Талін, было па дзве прыбіральні ў кожным вагоне. Цяпер — дзве прыбіральні на шэсць вагонаў. Там падавалі каву і гарбату. Тут правадніцы ў кошыку носяць толькі пітную ваду і вафлі ці пячэнне.

У цягніку, які мае статус міжнароднага, абвесткі па радыё аб адпраўленні, прыбыцці, пашпартным і мытным кантролі і іншыя інструкцыі для пасажыраў робяцца выключна на рускай мове. Выкінем з увагі тое, да чаго беларусы прызвычаіліся, — іхную моўную знявагу. Але чаму літоўцы павінны ведаць рускую мову? Чаму нічога з інфармацыі не могуць зразумець англічане, амерыканцы, палякі, іншыя народы, якія час ад часу таксама карыстаюцца гэтым міжнародным цягніком? Мо варта пераняць досвед кампаніі «Белавія», на самалётах якой абвесткі робяцца па-беларуску і па-англійску? Чаму правадніцы, якіх засадзілі ў шкляныя будкі пры ўваходзе ў вагон, не ведаюць ніякай іншай мовы, акрамя рускай?

Гэта падарожжа нават не назад у «савок», а кудысьці яшчэ далей.

Дадамо сюды не вельмі прыветлівых беларускіх мытнікаў, пра што іншая гаворка.

Але сапраўдны парытэт у «добрай двухбаковай справе» спрыяння «паляпшэнню кантактаў паміж братэрскімі народамі» яшчэ наперадзе. Літоўцы пачынаюць разумець, што нічога добрага не атрымалася, а 15 ліпеня прэзідэнт Беларусі сваім указам загадаў, каб у 2015 годзе быў арганізаваны пашпартны і мытны кантроль для пасажыраў, якія едуць у Вільню, на вакзале ў Мінску. Гэтакім чынам і беларускі бок нібыта намагаецца скараціць час у дарозе яшчэ на паўгадзіны. Ведаючы беларускія парадкі, асаблівую руплівасць беларускіх мытнікаў, можна прагназаваць, у што ператворыцца гэтае падарожжа і наколькі насамрэч павялічыцца рэальны час даезду да Вільні.

…У жудаснай чарзе на віленскім вакзале немаладога веку жанчына ў роспачы прамовіла: «Хай бы Лукашэнка з Грыбаўскайце пастаялі, як мы тут!» А чаму б і не? Вось толькі Лукашэнка зноў неўязны.

Вячаслаў Ракіцкі, Радыё Свабода

https://www.traditionrolex.com/8