https://www.traditionrolex.com/8

Пра дасягненні і планы развіцця шматпрофільнай гаспадаркі ААТ «Тураўшчына» «Звязде» распавёў яе малады і ініцыятыўны дырэктар Андрэй Кузьменка.

— ААТ «Тураўшчына» адрозніваецца ад іншых сельскагаспадарчых арганізацый яшчэ і тым, што тут развіваецца турызм. Гэта і гасцінічны комплекс «Струмень» з відам на заказнік «Тураўскі луг», і гасцініца «Тураў», і ўнікальная плывучая гасцініца. І паляўнічая гаспадарка «Ласіны востраў»...

— У кожным рэгіёне ёсць свая іскрынка, якую можна выгадна падаць. Тураўшчына — вельмі цікавы край. У нас тут не толькі ўнікальная прырода, Прыпяць, якую небеспадстаўна называюць беларускай Амазонкай, шмат цікавых у гістарычным, этнаграфічным і пазнавальным плане мясцін, але і адна з лепшых кухняў. Таму не скарыстацца гэтым багаццем было б злачынствам. Пры фінансавай падтрымцы Белаграпрамбанка, даччыным прадпрыемствам якога мы з'яўляемся, адраджаем гэтыя багатыя землі, узводзім цікавыя аб'екты. Турысты, пераважная большасць якіх расіяне і беларусы, тэлефануюць, браніруюць месцы, прыязджаюць. Мы стараемся арганізаваць адпачынак на самым высокім узроўні, каб чалавек з'ехаў ад нас з бурай станоўчых эмоцый. Усё робіцца для таго, каб людзі сюды вярталіся, прывозілі сваіх сяброў.

Гасцінічны комплекс «Струмень» —камфортны адпачынак на беразе ракі!

Тураўскі луг, або Балонні, як яго называюць мясцовыя жыхары, — гэта востраў плошчай каля 400 гектараў, размешчаны ў цэнтры Турава. Ад гарадской набярэжнай яго аддзяляе рака Струмень. Стоячы на набярэжнай або на мастку праз Струмень, можна бачыць сотні і тысячы птушак, якія пралятаюць над ракой вясной. Каля 40 відаў птушак застаюцца гнездавацца на Балонні. З іх 16 відаў — «чырванакніжнікі»! Шчыльнасць гнездавання тут можа дасягаць у асобныя гады звыш 1000 пар на адным гектары. У 2009 годзе па рашэнні Жыткавіцкага райвыканкама Тураўскі луг быў абвешчаны заказнікам.

Сваю назву гасцінічны комплекс «Струмень» атрымаў ад аднайменнага прытока Прыпяці. Комплекс уведзены толькі гэтай вясной, але ўжо паспеў набыць папулярнасць як сярод расійскіх, так і сярод беларускіх турыстаў. І не дзіўна: камфартабельная гасцініца і два двухпавярховыя гасцявыя дамкі месцяцца ў маляўнічым месцы, ля ўнікальнага заказніка «Тураўскі луг».

— Кожны дамок разлічаны на 7 спальных месцаў, — расказвае і паказвае старшы адміністратар гасцінічнага комплексу «Струмень» Андрэй ЦЕРАШАТАЎ. —  Гасцініца змяшчае 7 двухмесных нумароў і два люксы. Усе нумары вылучаюцца сучасным дызайнам, абсталяваны санвузлом, душавой кабінай, тэлефонам, тэлевізарам, халадзільнікам, кандыцыянерам. Частка з іх мае маляўнічы від на раку Прыпяць. Мы аказваем кліентам паслугі не толькі па пражыванні, але і па харчаванні. У будынку гасцініцы маецца бар на 52 пасадачныя месцы. Тут можна праводзіць карпаратывы, вяселлі. Стараемся падладжвацца пад кожнага кліента: па дамоўленасці яны могуць прывозіць з сабой усе неабходныя прадукты, якія мы з задавальненнем прыгатуем. Акрамя таго, даём на пракат мангалы, рыбалоўны рыштунак, чаўны, катамараны. Незабыўнае ўражанне ў наведнікаў пакідае 2-гадзіннае падарожжа па Прыпяці на маторнай лодцы разам з вопытным егерам.

«Палессе» — плывучая гасцініца, або Незабыўныя прагулкі па Прыпяці

Аб'ект гэты па-сапраўднаму ўнікальны. Пры яго стварэнні выкарыстоўваліся толькі экалагічна чыстыя матэрыялы. Асобна варта спыніцца і на камфартабельных каютах, у якіх будуць пражываць турысты. У іх распараджэнні ложак, шафа, сучасныя душавыя кабіны, кандыцыянер, тэлевізар. Па рацэ плывучую гасцініцу перасоўвае спецыяльны цеплаход «Прыпяць». Гэты плывучы дом цалкам аўтаномны: на яго борце знаходзяцца два сучасныя дызель-генератары, якія выпрацоўваюць электраэнергію, запас прэснай вады складае 14 тон. Усё гэта створыць неабходныя ўмовы для камфортнага і прыемнага адпачынку на рацэ.

Круізы па рацэ Прыпяць

Тураў — Вільча — Тураў. Маршрут аднадзённы стандартны, уключае 6 гадзін плавання ўверх па цячэнні, начлег на рацэ, пікнік, рыбалку.

Тураў — Пагост — Запясочча — Тураў. Маршрут аднадзённы стандартны, уключае 6 гадзін плавання ўверх і ўніз па цячэнні ракі, 2 пікнікі.

Тураў — Вільча — возера Глыбокае — Тураў. Маршрут аднадзённы, уключае 9 гадзін плавання ўверх па цячэнні, начлег на рацэ, пікнік, рыбалку.

Тураў — Вільча — канал Мікашэвічы — Тураў. Маршрут двухдзённы (тур выхаднога дня), уключае 12 гадзін плавання ўверх па цячэнні, 2 начоўкі на рацэ, 2 пікнікі, рыбалку.

Тураў — Вільча — Валянскія масты — Пінск — Асабовічы — Тураў. Маршрут трохдзённы, уключае 38 гадзін плавання ўверх па цячэнні, 3 начоўкі на рацэ, 3 пікнікі, рыбалку.

Тураў — Мазыр — Тураў. Маршрут трохдзённы, уключае 32 гадзіны плавання ўніз па цячэнні ракі, 3 начоўкі на рацэ,  3 пікнікі, рыбалку.

— Можна арганізаваць нават тыднёвы круіз, — кажа намеснік дырэктара па турызме ААТ «Тураўшчына» Дзмітрый ТАРАСЕВІЧ. — Усё залежыць ад жадання і фінансавых магчымасцяў кліента. Зняць гасцініцу на суткі на 20 чалавек можна за 5 млн. Мы прапаноўваем кліентам і сваю кухню. Пры жаданні можна проста пакатацца па Прыпяці на цеплаходзе без гасцініцы, гадзіна абыдзецца ў 600 тысяч. Гэты гатэль — проста знаходка для аматараў палявання і рыбалкі! Спецыялісты ААТ «Тураўшчына» дапамогуць ім падабраць аптымальныя месцы для аматарскага палявання або рыбнай лоўлі згодна з пажаданнямі кожнага. Каманда плывучага гатэля зробіць усё магчымае, каб адпачынак на вадзе даставіў турыстам мора станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў.

https://www.traditionrolex.com/8