https://www.traditionrolex.com/8
<p>Такая паслуга работнікаў музея становіцца з кожным годам усё больш папулярнай. Летам і напачатку восені каля дваццаці пар жадаюць ёй скарыстацца. Каштуе яна па сённяшніх мерках нядорага, 390 тысяч рублёў. А вось уражанняў і ўспамінаў хапае пасля гэтага, згадзіцеся, надоўга</p>

Уступленне ў шлюб для кожнай маладой пары — падзея важная і знамянальная. Яе хочацца запомніць на многія гады самім маладым, іх бацькам, гасцям. Таму нярэдка, акрамя ўрачыстай рэгістрацыі ў ЗАГСе, вянчання ў храме, жаніх і нявеста жадаюць акунуцца ў атмасферу традыцый сваіх бацькоў і дзядоў, якую вось ужо на працягу чатырох гадоў дораць работнікі музея традыцыйнай культуры, павядамляе «Браслаўская звязда».

Папрасіць благаславення продкаў на шчаслівае сямейнае жыццё скарыстоўваюць многія наваспечаныя маладыя пары.

Абрадавае вяселле тут праводзяць у форме гульні – забавы. У мінулую суботу мне давялося стаць сведкай такога мерапрыемства.

1

На ўваходзе ў музей Юлію і Антона сустрэла ў нацыянальным беларускім адзенні Ларыса Дарафейчык. Яна ад усёй душы павіншавала маладых з уступленнем у шлюб, пажадала ім кахання, шчаслівага сумеснага жыцця. Маладыя ўвайшлі ў млын пад саматканым ручніком з выявай двух галубкоў і стаялі на ручніку, які са старадаўніх часоў служыў моцным абярэгам ад усяго злога і нежаданага.

2

Затым саміх віноўнікаў урачыстасці і іх гасцей чакала цікавае дзейства. Юліі і Антону паднеслі каравай, які лічыцца сімвалам багацця. Іх частавалі мёдам, каб жыццё было бязвоблачным і салодкім, а мядовы месяц цягнуўся як мага даўжэй. Не абышлося і без сувеніраў, кожны з якіх быў таксама сімвалічным. Дзве неразлучныя лялькі, чырвоныя паясы-абярэгі, гліняная рыбка на шчасце. У гліняным жбане змяшалі гарэлку, якую прынеслі бацькі маладых, і каб бліжэй паяднацца сем’ям, пусцілі гэты жбан па крузе. А затым вядучая запрасіла ўсіх пазнаёміцца з экспазіцыяй музея.

3

Можна было сфатаграфавацца на памяць, паспрабаваць свае здольнасці ў рукадзеллі. У цэнтры ўвагі кожнага дзейства былі менавіта маладыя. Яны і госці засталіся задаволены такім абрадам.

У час яго гучала цудоўная старадаўняя вясельная музыка. Згадзіцеся, вяртанне да старажытных традыцый нашых продкаў з’яўляецца знакам добрага, вытанчанага густу. Тым больш, што шлюбныя традыцыі заўсёды падпарадкоўваюцца стылю часу і эпохі. Многія з нас памятаюць вяселлі ў палатках–шатрах, «камсамольскія», была добрая мода і на «цвярозыя» вяселлі. Але заўсёды родныя і блізкія зычылі маладым сямейнага шчасця і доўгіх гадоў сумеснага жыцця, разумення, цярпення і ўзаемапавагі. А вясельны абрад, які прайшоў у каменных сценах старога млына ў Браславе, быў сапраўды прасякнуты таямнічасцю і даўніной.

4

Такая паслуга работнікаў музея становіцца з кожным годам усё больш папулярнай. Летам і напачатку восені каля дваццаці пар жадаюць ёй скарыстацца. Каштуе яна па сённяшніх мерках нядорага, 390 тысяч рублёў. А вось уражанняў і ўспамінаў хапае пасля гэтага, згадзіцеся, надоўга. Пацвердзілі гэта госці Юліі і Антона Станкевічаў з Літвы, Брэста.

Як расказала начальнік аддзела ЗАГС Галіна Юрэнка, цяпер у нашым раёне адбываецца сапраўдны вясельны бум. Па суботах рэгіструюць па 6–7 пар. Тыя, хто не жадае аформіць свае адносіны ва ўрачыстай абстаноўцы, могуць зрабіць гэта ў любы будны дзень. Рэгіструюць шлюбы па аўторках, чацвяргах, пятніцах. Толькі ў аддзеле ЗАГС сёлета ўжо звязалі сябе вузамі Гіменея 89 пар, што значна больш, чым летась.

5

Дарэчы, як зазначыла Г. Юрэнка, цяпер у асноўным у шлюб уступаюць 25–26-гадовыя юнакі і дзяўчаты. Гэты адказны крок у сваім жыцці яны робяць больш асэнсавана. Большасць з маладых маюць адукацыю, добрую прафесію, нярэдка і жыллё.

6

Хочацца пажадаць усім маладым парам толькі шчаслівага сямейнага жыцця.Даўгавечны шлюб многага варты.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех

https://www.traditionrolex.com/8