https://www.traditionrolex.com/8
<p>Замест зручных налепак на лабавое шкло ў Беларусі замежнікі вымушаныя браць у арэнду дарагія электронныя прылады</p>

Замест зручных налепак на лабавое шкло ў Беларусі замежнікі вымушаныя браць у арэнду дарагія электронныя прылады, паведамляе Euroradio.

«Вось як толькі пераязджаеш мяжу, там у нас адразу прымежны пункт. На бензазапраўцы. Можна набыць усё неабходнае абсталяванне», — распавядаюць мне на «гарачай лініі» сістэмы BelToll, як аплаціць праезд па беларускіх дарогах у пункце пропуску «Каменны Лог».

Дазваніцца на «гарачую лінію» праз тры тыдні з пачатку працы новай сістэмы можна ўжо без праблем. У першыя дні, а BelToll пачала працу 1 жніўня, гэта было маларэальна. Колькасць кіроўцаў, якія жадалі даведацца пра ўсе падрабязнасці, зашкальвала. А вось атрымаць каментарый ад кіраўніцтва амаль немагчыма. Не гатовыя падвесці першыя вынікі працы новай сістэмы аплаты дарог і ў Мінтранспарту. Толькі абнадзейваюць, што «вынікі абавязкова будуць — і станоўчыя, і адмоўныя, мы іх апублікуем».

Не чакаючы афіцыйных вынікаў, Еўрарадыё паразмаўляла з дальнабойшчыкам Віктарам Куліком, ён ужо 20 гадоў плаціць за дарогі ў самых розных еўрапейскіх краінах. Кіроўца бачыў падобную сістэму ў Аўстрыі і Польшчы.

«У розных краінах крыху па-рознаму. У нас аўстрыйская сістэма. І ў Польшчы такая ж. Толькі ў Аўстрыі яшчэ можна заплаціць пасля таго, як праехаў па дарозе».

Кампанія »Капш Тэлематыкс Сервісэз”, якая зяўляецца аператарам сістэмы BelToll, прыйшла да нас акурат з Аўстрыі. Праўда, у Беларусі не абышлося без мясцовага каларыту. Напрыклад, у Аўстрыі ўзяць у арэнду датчык для аплаты каштуе 7 еўра, а ў Беларусі — 50. І ў легкавікі там гэтыя датчыкі ставіць ніхто не прымушае — толькі грузавы камерцыйны транспарт.

На думку дальнабойшчыка Віктара, у цэлым, новая сістэма даволі зручная. Пры ўмове, што ведаеш нюансы, у Германіі, напрыклад, яшчэ складаней. Але ёсць краіны з простай сістэмай аплаты за дарогі. Венгрыя, напрыклад.

«У Венгрыі сістэма віньетак. Набываеш яе на суткі на мяжы, на грузавы-легкавы аўтамабіль, і паехаў куды хочаш».

Налепкі аб аплаце праезду па дарогах выкарыстоўваюцца ў Славеніі, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі. Кошты цярпімыя — 10 дзён карыстання аўстрыйскімі дарогамі, напрыклад, каштуе 7 еўра з легкавіка. Купіў налепку на лабавое, і едзь куды хочаш і дзе хочаш.

Дальнабойшчык звяртае ўвагу на нашы «па еўрапейскіх мерках» кошты дарог:

«Неяк узялі і паставілі цэннік па еўрапейскіх мерках. Зрабілі б танней крыху хоць… Раней было можна ад Брэста да расійскай мяжы даехаць за 50 еўра. Дзве плацёжкі па 15 і дзве па 10. А цяпер нешта каля 65-70 еўра трэба заплаціць”.

І гэта пры тым, што якасць дарог не палепшылася. Ці адбудзецца гэта праз нейкі час — убачым. Пакуль жа BelToll працуе, каб акупіцца. На новую сістэму аплаты дарог выдаткавалі амаль 270 мільёнаў еўра.

https://www.traditionrolex.com/8