https://www.traditionrolex.com/8

Мастацтвазнаўца ўдзельнічае ў новым праекце, мэта якога стварыць беларускi даведнік па віленскіх могілках Росы, - піша nn.by.


«Група беларускіх даследчыкаў з Вільні, Гродна і Мінска працуе над стварэннем такога даведніка, — расказвае сп. Сяргей. — Існуюць літоўскія, польскія даведнікі, а цяпер, калі беларусы ізноў пачалі ездзіць у Вільню, прыйшоў час стварыць і беларускі. Каардынатар праекта — Людвіка Кардзіс, стварыў яго Сяргей Дубавец».

Рэч у тым, што менавіта на Росах пахаваныя дзясяткі выбітных беларускіх дзеячаў, сярод якіх Уладзіслаў Сыракомля, стваральнік беларускага стылю, архітэктар Леў Вітан-Дубейкаўскі, тут знаходзіцца сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў, пахаваныя Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш. і Казімір Сваяк.

«Я ўзяўся пісаць пра дзеячаў архітэктуры і мастацтва і заўважыў, што добрая палова віленскага пантэона паходзiць з Мінска ці мелі да яго непасрэднае дачыненне, — расказвае Харэўскі.

— Напрыклад, славуты графік Юзэф Азянблоўскі, чые працы, партрэты Вялікіх князёў, можна пабачыць у падручніках і нават на пляшках некаторых алкагольных напояў. Ён жа аўтар літаграфіі «Беларускі раб», якая захоўваецца ў Парыжы і паводле якой Аляксандр Герцэн напісаў эсэ пра прыгон у Расійскай імперыі».

Вядомых мастакоў і архітэктараў, чый лёс непасрэдна звязаны з Мінскам, нямала. Сярод іх Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Мейер Аксельрод, Раман Сімашкевіч і Хаім Суцін.

«Я прыйшоў да высновы, што Мінск несправядліва знаходзіцца ў ценю брэнда Віцебска як цэнтра мастацтва, — кажа Харэўскі. — Тут перакрыжоўваліся шляхі сусветных знакамітасцяў, тут нарадзіліся народныя мастакі СССР, Мінск малявалі знакамітыя еўрапейцы.

Унёсак Мінска ў еўрапейскую культуру другой паловы ХІХ ст. і першай паловы ХХ — каласальны. Прыйшоў час змены вехаў і акцэнтаў».

Сяргей Харэўскі прапануе зрабіць мастацтва брэндам Мінска.

«Зараз усе працуюць над стварэннем брэнда Мінска, — кажа мастацтвазнаўца. — Але навошта вынаходзіць ровар? Выяўленчае мастацтва не патрабуе перакладу.

Тут жыў Бялыніцкі-Біруля, які задоўга да ўсялякіх рэвалюцый атрымліваў залатыя медалі ў Еўропе. Ці гравюры Юзэфа Пешкі. Гэта ўсё і трэба зрабіць сімвалам горада. Так і створыцца новы вобраз Мінска — адной з еўрапейскіх культурных сталіц».

Юрась Ускоў

https://www.traditionrolex.com/8