https://www.traditionrolex.com/8
<p>На жаль, мала ў нас літаратурных ды мемарыяльных музеяў</p>

Не так даўно ў Маскве адбыўся Першы Форум літаратурных музеяў. Яго эксперты вызначылі дваццаць лепшых музеяў гэтай сферы,  паведамляе «Культура».

«Сусветную зборную», паводле дадзенага рашэння, складаюць музеі Вялікабрытаніі, Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Ірландыі, Турцыі, Швецыі, Швейцарыі. У гэтым прэстыжным спісе прадстаўлены таксама Расія і Украіна. Першая — музеямі Пушкіна, Ахматавай, Маякоўскага, Чэхава, Талстога, другая — Літаратурна-мемарыяльным музеем Міхаіла Булгакава ў Кіеве. Беларусь у дваццатку не трапіла. Чаму? Гэтае пытанне мы задалі нашым экспертам.

Уладзімір ГІЛЕП, старшыня Беларускага фонду культуры:

 — На жаль, мала ў нас літаратурных ды мемарыяльных музеяў. Нават калі параўноўваць з колішнімі саюзнымі рэспублікамі. Напрыклад, у Грузіі за савецкім часам іх было больш як сто. Мяркую, што зараз менш не стала. У нас жа — каб пералічыць музеі, прысвечаныя асобам, якія годна адзначыліся ў нацыянальнай гісторыі, хопіць пальцаў на дзвюх руках. Нейкія мы занадта сціплыя, калі не можам ці не хочам знайсці ў сваёй мінуўшчыне і рэчаіснасці постацей, вартых ушанавання. Тут бы павучыцца ў расіян, якія здолелі зрабіць свайго нацыянальнага паэта Аляксандра Пушкіна вядомым і шанаваным ва ўсім свеце.

А між тым нам ёсць чым ганарыцца. Па змесце ды мастацкім афармленні мінскія музеі Купалы і Коласа маглі б сапернічаць з лепшымі мемарыяльнымі музеямі замежжа. У музеях нашых Песняроў шукаюць новыя формы працы з аўдыторыяй, у прыватнасці, з дзецьмі. У Музеі Коласа фактычна створаны падрыхтоўчы клас пачатковай школы — клас з культурным ухілам. Тут дашкольнікі, сярод іншага, знаёмяцца з асновамі краязнаўства.

У тых выпадках, калі не стае свайго досведу, трэба вывучаць замежны. Было б добра, каб нашы музейшчыкі часцей ездзілі па навуку да сваіх калег і каб гэты абмен вопытам, гэтыя стажыроўкі за дзяржаўны кошт датычыліся не толькі супрацоўнікаў музеяў, так бы мовіць, першага шэрагу, а і ўсёй музейнай супольнасці краіны.

Падсумоўваючы, скажу: каб быць цікавымі для свету, трэба мець уласныя амбіцыі. Калі навучымся паважаць сябе, шанаваць сваё, дык і глядзець на нас будуць іншымі вачыма…

Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты «Культура»:

— Будзем шчырымі, у нас бракуе постацей, чыя творчасць мела б гучны міжнародны розгалас. Той жа Булгакаў перакладзены, бадай, на ўсе мовы свету, па ягоных творах здымаюцца фільмы і ставяцца спектаклі. У наяўнасці велізарная цікавасць да творчасці Булгакава, адпаведна — і да ягонага жыцця, а значыць, яго мемарыяльны музей будзе запатрабаваным культурным аб’ектам.

Постацей сусветна вядомых у нас небагата, але яны ёсць. Напрыклад, Адам Міцкевіч. І прысвечаныя яму музейныя комплексы ў Навагрудку ды Завоссі ўяўляюць прыцягальнасць для мясцовай грамады і замежных пілігрымаў. Удалы досвед мемарыялізацыі міцкевічаўскіх мясцін можна распаўсюдзіць на іншыя аб’екты.

Зрэшты, пазітыўныя зрухі назіраюцца ў працы ўсіх літаратурных музеяў Беларусі. Найперш, зразумела, у найбуйнейшых, такіх як Купалаўскі і Коласаўскі, што маюць філіялы, дзе можна ладзіць імпрэзы ды рэалізоўваць культурныя праекты.

Згадваючы Форум у Маскве, варта ўдакладніць тое, якімі крытэрыямі карысталася журы, вызначаючы дваццатку лепшых. І калі мы хочам трапіць у гэты «топ», то мусім улічваць іх у нашай музейнай практыцы. У любым выпадку, рух у беларускай музейнай справе адбываецца. Няма застою, што назіраўся тут яшчэ зусім нядаўна. Звыклымі сталі крэатыўныя праекты, якія нават выходзяць за межы музейнай тэматыкі.

Прапагандуючы сваю культуру, мы сутыкаемся з той акалічнасцю, што нашы класікі звярталіся да сацыяльнай канкрэтыкі, да надзённасці. Інакш кажучы, іх творчасць была, так бы мовіць, засяроджанай на ўнутраных патрэбах нацыі. І праз гэта яна можа быць не надта зразумелай людзям іншых краін.

І яшчэ. У адрозненне ад Шагала ці Суціна, на чыіх імёнах можна грошы рабіць, ад раскруткі іншых постацей беларускай культуры пакуль не варта чакаць істотных дывідэндаў. Патрабуюцца немалыя ўкладанні. І тут нам прыкладам могуць быць палякі. Тамтэйшымі Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны выдаткоўваюцца грошы на пераклады ды распаўсюджванне польскай літаратуры ў свеце…

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

https://www.traditionrolex.com/8