https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Астрамечаўскі рукапіс» – пад такім брэндам у канцы верасня ў вёсцы Астрамечава Брэсцкага раёна мае адбыцца свята традыцыйнай культуры</p>

«Астрамечаўскі рукапіс» – пад такім брэндам у канцы верасня ў вёсцы Астрамечава Брэсцкага раёна мае адбыцца свята традыцыйнай культуры, паведамляе «Вечерний Брест».

Гэта падзея будзе важнай не толькі для вядомага сельгаспадарчага прадпрыемства, якое ўзначальвае доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Скакун, не толькі для вобласці, але і для ўсёй краіны.

Справа ў тым, што да гэтай пары адзін з самых знакамітых помнікаў беларускай музычнай культуры, датаваны 1640–1670 гадамі, называецца «Полацкім сшыткам». А на самой справе ён паходзіць з вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. Аб гэтым неаднойчы і ў друку, і на навуковых канферэнцыях казаў выдатнейшы даследчык нашай мінуўшчыны, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. Фактычна ён і натрапіў на след унікальнага дакумента XVII стагоддзя ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве, а таксама меў непасрэднае дачыненне да таго, што помнік музычнай культуры (у рукапіс уваходзяць песні, канты, інструментальныя творы і вялікая колькасць прыкладаў танцавальнай музыкі) стаў называцца «Полацкім сшыткам».

Пачалося ўсё ў 1964 годзе, калі ў Ягелонскай бібліятэцы Адаму Мальдзісу прапанавалі глянуць на рэлігійны служэбнік, які, верагодна, паходзіў з Астрамечава. Беларускі вучоны звярнуў увагу на тое, што ў тоўстым абкладзе старой кнігі праглядваецца нейкі рукапіс. Ужо потым вядомы польскі музыказнаўца Ежы Голас выявіў у вокладцы «Астрамечаўскі рукапіс». Хутка палякі выдалі невялікі дыск, на якім гучала беларуская музыка барока, і па месцу знаходжання рукапісу яна была названа «Ягелонскай».

1

Праз нейкі час пасля выдання польскай грампласцінкі Адам Мальдзіс разам са сваім сябрам Уладзімірам Караткевічам былі на канцэрце ансамбля «Кантабіле», які выконваў творы італьянскіх, французскіх, рускіх кампазітараў. Як успамінае Адам Мальдзіс, яго сябра абурыўся: «А дзе ж беларускае барока? Няўжо яго не было? Што ж мы тады слухалі ў цябе з той польскай кружэлкі?» У антракце Адам Іосіфавіч прапанаваў «Кантабіле» дапоўніць рэпертуар нядаўна знойдзенай старажытнай музыкай. Гэта вызвала зацікаўленасць, але хто ведае Астрамечава? Вось Полацк – гэта гісторыя! Як прызнаецца Адам Мальдзіс, ён быў вымушаны згадзіцца – лепей выкананне пад такім брэндам, чым увогуле замоўчванне.

Але адстойвання гістарычнай праўды прафесар не пакінуў. Тым болей што ў гэтым яго падтрымалі кіраўнік сельскагаспадарчага калектыва «Астрамечава» Аляксей Скакун, супрацоўнікі мясцовага Дома культуры. Дырэктар раённага дома рамёстваў Таццяна Лук’янюк з гордасцю паказвае некалькі велізарных папак з інфармацыяй аб тым, што нацыянальная славутасць паходзіць менавіта з Астрамечава.

Дарэчы, дырэктарка паказвае і Брэсцкі раённы краязнаўчы альманах «Астрамечаўскі рукапіс». Наклад невялікі, але выдадзены густоўна вонкава, а самае галоўнае, насычаны цудоўнымі матэрыяламі. Да слова – адным з навуковых кансультантаў альманаха з’яўляецца Адам Мальдзіс. Сярод іншых матэрыялаў самага рознага кірунку змешчаны і некалькі афіцыйных дакументаў.

2

Вытрымкі з аднаго афіцыйнага адказу Аляксею Скакуну за подпісам дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Лукашанца працытую: «Як вынікае з праведзенай экспертызы, зафіксаваная ў Беларусі назва «Полацкі сшытак» з’явілася ў выніку першапачатковага азнаямлення з матэрыялам беларускіх выканаўцаў музыкі і была выкарыстана музычным калектывам «Кантабіле», а ў далейшым іншымі творчымі аб’яднаннямі (камерны хор «Віват», «БМАgroup», «Стары Ольса» і інш.) з рэкламнымі мэтамі. Зараз назвы «Полацкі сшытак», «Астрамечаўскі (Ягелонскі ) рукапіс» выкарыстоўваюцца ў масавым друку, сетцы інтэрнэт і на эстрадзе бессістэмна… Інстытут… лічыць гістарычна апраўданым выкарыстоўваць назву «Астрамечаўскі рукапіс» (або «Астрамечаўскі сшытак»)».

Свята «Астрамечаўскі рукапіс» плануецца зрабіць 28 верасня. У праграме ёсць «Горад майстроў», «Прыбужскае падвор’е», рыцарскі турнір, дзіцячыя атракцыёны, дыскатэка і шмат іншага. Але галоўнае – будзе распавядана аб тым, адкуль пайшоў адзін з самых знакамітых беларускіх зборнікаў музыкі эпохі барока. Гісторыя павінна вярнуцца да свайго дому.

Юрий Рубашевский

https://www.traditionrolex.com/8