https://www.traditionrolex.com/8
<p>Расіяне едуць у казіно і санаторыі, італьянцы і туркі — да дзяўчын, з Кітая прыязджаюць па бізнесе, з Еўропы — каб далей падарожнічаць у Расію<br /><br /></p>

Расіяне едуць у казіно і санаторыі, італьянцы і туркі — да дзяўчын, з Кітая прыязджаюць па бізнесе, з Еўропы — каб далей падарожнічаць у Расію

Беларускі памежны камітэт за паўгода налічвае 2,9 мільёна паездак у нашу краіну. Чым прываблівае гэтых людзей Беларусь?

«Еўрапейцы — гэта транзітныя турысты, яны едуць далей у Расію. З Турцыі, напрыклад, едуць асобна, па бізнесе», — расказваюць Еўрарадыё ў кампаніі «Беларустурсэрвіс» пра турыстаў-авантурыстаў.

Амерыканцы едуць у нашу краіну да сваякоў. Іх кошт візы не спыняе! Напрыклад, у мінскім Нацыянальным аэрапорце віза амерыканцу абыдзецца ў 480 долараў. А калі ставіць у консульстве — у раёне 200 долараў.

«Прыязджаюць да сваякоў, да знаёмых. Некаторыя проста на экскурсію. А кошты на візы — для іх не так і шмат», — расказваюць мне пра турыстаў з ЗША ў кампаніі «Алендгруп».

Турысты з Галандыі, Германіі і Англіі пачалі прыязджаць, калі… адкрыліся хостэлы. Падарожнічаюць па Беларусі, глядзяць замкі, малыя гарады, — тлумачаць у кампаніі «Крос-тур».

«Адкрылася больш хостэлаў, і яны едуць. Разы ў паўтара павялічылася колькасць турыстаў. Бо гасцініцы ў нас дарагія нават па ўзроўні з еўрапейскімі. Прыязджае моладзь у асноўным».

Расіяне едуць да нас у санаторыі, па замках і гарадах. У Інфармацыйна-турысцкім цэнтры «Мінск» прыгадваюць апошніх турыстаў:

«Была група расіян. Яны ехалі ў Мінск, потым у Нясвіж, пасля ў Брэсцкую крэпасць і далей у Літву».

«Расіяне — гэта санаторны адпачынак, казіно, паляўнічыя туры», — рэдактар газеты «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік прыгадвае адзін з папулярных кірункаў беларускага турызму.

«Не сакрэт, што прыязджаюць знаёміцца з дзяўчынамі. Гэта турысты з Турцыі, арабскіх краін, Італіі, Іспаніі. Але гэта не ёсць наш вектар, у нас наогул няма нейкага вектара, якім мы прывабліваем», — дадае эксперт.

З краін далёкага замежжа з турыстычнымі мэтамі за паўгода прыязджае ўсяго… 9 тысяч чалавек, перадае газета «Рэспубліка» дадзеныя памежнікаў.

Арцём Мартыновіч

https://www.traditionrolex.com/8