https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дзевяць дарослых і столькі ж дзяцей з шасці сем’яў увайшло ў групу, якая ў прадчуванні цікавых адкрыццяў цягніком даехала да горада Армавіра, а затым за дзесяць дзён прайшла 130 кіламетраў па гарах<strong></strong></p>

Дзевяць дарослых і столькі ж дзяцей з шасці сем’яў увайшло ў групу, якая ў прадчуванні цікавых адкрыццяў цягніком даехала да горада Армавіра, а затым за дзесяць дзён прайшла 130 кіламетраў па гарах. Урэшце, кіламетраж не быў галоўнай мэтай вандроўкі, паведамляе "Маладзечанская газета".

— Дарослыя ў нашай групе — вопытныя турысты, — расказвае яе кіраўнік Іна Высоцкая. – Вось мы і вырашылі паказаць дзецям свет сваіх інтарэсаў, прыахвоціць іх да гэтага захаплення. Раён выбралі адзін з самых прыгожых: калі весці дзяцей у горы, то яны павінны пакінуць незабыўныя ўражанні. Разам з Зояй Лужынскай і Святланай Крукоўскай мы распрацавалі праграму, каб юным удзельнікам паходу было цікава і кожны дзень не быў падобным на папярэдні.

Калі дзеці пераадолелі першы перавал вышынёй 2715 метраў над узроўнем мора, дарослыя ўручылі ім сапраўдныя медалі. Незабыўным было пасвячэнне ў турысты: хлопчыкам і дзяўчынкам трэба было абысці вакол возера і адначасова выканаць розныя заданні. У пачатку паходу дарослыя навучылі іх карыстацца альпенштокамі – спецыяльнымі турысцкімі палкамі з вострымі наканечнікамі, без якіх немагчыма рухацца ў гарах. Засвоілі яны і тэхніку бяспекі, навучыліся ісці па тэмпе больш слабага – ёсць у «горнікаў» такое правіла. Тут яно было таксама актуальным: у групе былі дзеці рознага ўзросту: самай малодшай Олі Пятроўскай – 8 гадоў, Мішу Высоцкаму – 19. І ў кожнага з іх – рукзак за плячыма, у кожнага былі такія хвіліны, калі трэба было сабраць у кулак сваю волю, пераадолець стомленасць, страх, уласныя амбіцыі, паверыць у сябе…

«Хочаш пазнаць сябе сапраўднага – ідзі ў горы», — сказала неяк  майстар спорту па турызме Іна Высоцкая. Сямейны паход таксама дае магчымасць дзецям і дарослым убачыць адзін аднаго з абсалютна новага, неспадзяванага боку. Гордасцю напаўняецца сэрца маці, калі яе сын працягвае руку, каб дапамагчы ёй перабрацца праз горную раку. А як не парадавацца за дачку, якая стойка ўзбіраецца на горны склон і зусім не скардзіцца, што ёй цяжка. «Такі паход – новы этап у развіцці сямейных адносін», — лічаць тыя, хто ў ім пабываў. А колькі з’явілася агульных тэм для абмеркавання, успамінаў, здымкаў, якіх за дзесяць дзён было зроблена сотні!

Незабыўныя ўражанні пакінулі ў нашых землякоў ваклюз Ацгара – вельмі прыгожае месца, у якім вада з горных пячор выходзіць на паверхню. Адна са стаянак была на Пяціазер’і, дзе на невялікай плошчы маляўніча размясціліся пяць азёр. Пераадольваючы даволі складаны Загеданскі хрыбет, турысты любаваліся аблокамі, якія апусціліся на горы і нібы гулялі ў хованкі, адкрываючы то адну вяршыню, то другую. Пабывалі нашы землякі на Ніжне-Архызскім гарадзішчы, дзе захаваліся самыя старыя хрысціянскія храмы на тэрыторыі Расіі. Пакланіліся ліку Хрыста на скале, які мясцовыя жыхары ўбачылі ў 1999 годзе. Склад фарбаў, якімі ён напісаны, вучоныя не могуць устанавіць да гэтага часу…

Каларыт у падарожжа ўносілі і стравы нацыянальнай каўказскай кухні, якія ўдалося пакаштаваць: хычыны – нешта накшталт чабурэкаў з рознымі начынкамі, айран – густы кісламалочны прадукт. А колькі ў гарах было чарніц, якія там спеюць пазней, чым у нашых лясах! І ўсё ж, для дзяцей самым смачным было марожанае, што прыгатавалі ім дарослыя на адным з перавалаў. Згодна з рэцэптам, трэба было змяшаць здробненыя пернікі, арэхі, шакалад, згушчанае малако і самы галоўны кампанент – чысцюткі горны снег…

Вяртаючыся цягніком дадому, удзельнікі групы абменьваліся ўражаннямі. Многія бацькі заўважылі, што дзякуючы паходу, сталі больш упэўненымі ў сваіх дзецях, што нават не чакалі ад іх такіх поспехаў. А хлопчыкі і дзяўчынкі  наперабой пералічвалі тое, што ім спадабалася, і прызналіся, што будуць марыць пра новае падарожжа. І гэта лепшае сведчанне таго, што бацькам удалося адкрыць для іх шматгранны свет турызму.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота Андрэя ІВАНОВА

https://www.traditionrolex.com/8