https://www.traditionrolex.com/8
<p>Цёплым восеньскім днём беларускія экскурсаводы, якія ўваходзяць у Беларускую Асацыяцыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, выправіліся ў вандроўку па новым маршруце, амаль невядомым многім спецыялістам, не гаворачы ўжо пра звычайных жыхароў ці гасцей краіны.</p>

Цёплым восеньскім днём беларускія экскурсаводы, якія ўваходзяць у Беларускую Асацыяцыю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, выправіліся ў вандроўку па новым маршруце, амаль невядомым многім спецыялістам, не гаворачы ўжо пра звычайных жыхароў ці гасцей краіны.

Бабруйск

На месцы сучаснага Бабруйска знаходзілася паселішча, жыхары якога займаліся рыбалоўствам і бабровым промыслам. Упершыню ўпамінаецца ў 1387 годзе. Летапісны «Бабровск, Бабруевск, Бабрусек». Быў у складзе ВКЛ, цэнтр воласці, у Рэчы Паспалітай тут быў замак, які згарэў у 1649 г., у 1792 г. Бабруйск перайшоў у склад Расійскай імперыі ў якасці мястэчка.

Адметным аб’ектам паказа з’яўляецца Бабруйская крэпасць, збудаваная паводле плана К.І. Опермана расійскім войскам у 1807–1812, дабудоўвалася да 1825. Сярод інжынераў быў і капітан Тэадор Нарбут, які прапанаваў пабудаваць адну з новых крэпасцей у Бабруйску. У 1812 крэпасць была ўзброена больш чым 300 гарматамі, сцены казармаў мелі таўшчыню 7-8 цаглін, асобных бастыёнаў — 8-10 цаглін і былі непрабівальнымі для тагачаснай артылерыі. Крэпасць была абкружана высокім земляным валам і водным каналам. Крэпасць была пастаўлена на месцы старажытнага замка, пад парахавы склеп у езуітаў быў канфіскаваны манастыр. У 1812 годзе ў крэпасці даў трохдзённы адпачынак сваёй арміі Баграціён, аставіўшы там раненых і хворых, і далучыў частку гарнізона.

Пасля гэтага крэпасць, якая мела 7 тысяч чалавек гарнізона пры 330 гарматах, вытрымала аблогу французскімі войскамі – спачатку атрадам Латур-Мабура, затым дывізіяй Дамброўскага. Аблога цягнулася да кастрычніка, калі крэпасць была вызвалена з падходам арміі Тармосава. Тут служылі будучыя дзекабрысты М.П. Бястужаў-Румін, С.І. Мураўёў-Апостал і др. У XIX ст. крэпасць служыла палітычнай турмой. Тут трымалі тэрміны дзекабрысты, петрашэўцы, В. Дунін-Марцінкевіч, Паўлюк Багрым.

У 1905 крэпасць была месцам паўстання салдат дысцыплінарнага батальёна. У пачатку 1918 года крэпасць была занята І Польскім Корпусам пад кіраўніцтвам генерала Юзэфа Доўбара-Мусніцкага. Да мая 1918 года яна з'яўлялася галоўнай сядзібай Корпуса і сталіцай тэрыторыі пад польскай адміністрацыяй, у склад якой уваходзіў горад Бабруйск і яго наваколлі. У маі немцы вымусілі дэмабілізацыю польскіх войскаў і занялі крэпасць. У крэпасці знаходзіліся польскі лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў (1919–1920), нямецкі канцлагер у час Другой сусветнай вайны (забітыя і замораныя голадам каля 40 тыс. савецкіх вайскоўцаў і каля 40 тыс. цывільных людзей з наваколля).

Сёння там-сям яшчэ стаяць часткі вежаў абарончых збудаванняў крэпасці калісьці цэльнага, а зараз разрозненага збудавання. На тэрыторыі крэпасці вядуцца некаторыя ўпарадкаванні, кладзецца плітка, ідзе рэстаўрацыя частак крэпасці. Большасць збудаванняў не зачынена, бо рэстаўрацыя да іх яшчэ не дайшла. Калі глядзіш на занядбаны стан палаца, крэпасці, любой забудовы, пачынаеш марыць аб тым, як класна тут размясціць гатэль, рэстарацыю, кафэ ці карчму.

І дарэчы, такіх месцаў у Бабруйскай крэпасці шмат. Крэпасць калісьці займала тэрыторыю 2 км па дыяметры, і можна ўявіць, якая яна магла быць велічная, калі стаяла на беразе ракі Беразіны, і якім сапраўдным фарпостам выглядала на гэтай тэрыторыі.

Зараз у самой крэпасці, пасярэдзіне, знаходзіцца Лядовы палац. Дзіўная здаравенная грамадзіна нагадвае НЛА, які прызямліўся ў гэтых краях. Падчас пабудовы палаца будаўнікі адкрылі вельмі шмат лёхаў, якія злучалі вежы крэпасці паміж сабой.

Дарэчы, на тэрыторыі крэпасці захаваўся касцёл, дзе некалі служыў святы Андрэй Баболя. Больш пра яго нам заўсёды распавядае на Палессі Таццяна Хвагіна. У Бабруйску пра гэты факт мала хто ведае.

Пасля Бабруйскай крэпасці мы паехалі паглядзець пешаходную вуліцу горада і яшчэ адзін любы бабруйчанам помнік – архітэктурную скульптуру «Бобр».

Бобр стаіць насупраць галоўнага ўваходу на Бабруйскі рынак. І па новай завядзёнцы народ сам прыдумляе свае асаблівасці і традыцыі да новых помнікаў. Кажуць, напрыклад, што, калі патрэш па залатым пярсцёнку, залатым ланцужку бабра пасля набыцця на рынку ці перад, табе вернуцца патрачаная грошы ўдвая.

А ўвогуле горад пакідае вельмі добрае ўражанне. Вядома, як і паўсюдна, ёсць шмат месцаў і забудоў у горадзе, якія чакаюць свайго часу і рэстаўратараў.

IMG_5086

Жылічы

Ёсць каштоўнасці, якія спяць, незаўважаныя, недзе далёка, нібыта пахаваныя пад сумётамі часу. І ніхто, акрамя невялікага кола пасвечаных, не падазравае пра існаванне тых дзівосаў. Прыкладна такім лёсам жыве зараз класічны палац Булгакаў у вёсцы Жылічы Кiраўскага раёна. Сюды – наша вандроўка.

Забыты грамадствам і нязведаны турыстамі, адзін з самых вялікіх палацаў Беларусі, да таго ж неверагодна аздоблены і некрануты (у параўнанні з большасцю іншых), ляжыць будынак  на ўзбочыне турыстычных шляхоў. У 20-х гадах ХІХ ст. запрошаны ў Жылічы (тады Дабосню) кіраўнік кафедры архiтэктуры Вiленскага ўніверсітэта Казiмiр Падчашынскі бярэцца за ўзвядзенне шыкоўнага палацу для даволі паспяховага прадпрымальніка Ігната Булгака.

Вынікам працы архітэктара стаў будынак плошчай 4000 кв. м. Булгакі займелі ўласны касцёл, бібліятэку, аранжарэю, парк з каскадам сажалак і лазняй. Трапіць у палац і пагуляць па яго вялікіх калідорах вырашылі і экскурсаводы. Тут дзейнічае музей. Але выпадковы чалавек рэдка трапляе ў Жылічы.

Палац варта наведаць толькі дзеля яго інтэр’ераў. Найбольш уражвае ляпніна, якой аздоблены парадныя пакоі. Спалучэнне колераў, выяў старажытных грэкаў на калясніцах, анёлаў і белых жаночых масак. Дэталі — вось найвялікшая каштоўнасць гэтага помніка! Варта ўглядацца ў кожны закуток, зайсці ў кожны пакой, каб адчуць, убачыць свет, які так міла падараваў нам стары князь Булгак.

Дарэчы, адразу пасля заканчэння будаўніцтва Іганат Булгак памёр. Яго сын, Эдгар, большую частку жыцця правёў у сваіх уладаннях у Варшаве, Пецярбургу і Парыжы. Але лета Эдгар стала праводзіў у Жылічах. Калі гаспадар наведваў свае беларускія ўладанні, на вежы палаца вывешваўся радавы сцяг Булгакаў. То былі часы баляў і свят. Над жыліцкімі заламі, якія вылучаліся выключнай акустыкай, віравала барочная музыка нябачнага гасцям аркестра. Па асобнаму ходу музыкі падымаліся на таемны паверх, адкуль яны маглі перайсці на спэцыяльны гаўбец, пабудаваны адмыслова для выканання музыкі.

Кожны пакой аздоблены ў сваім стылі, кожны мае функцыянальнае прызначэнне і колер. Але не ўсе пакоі зараз даступныя для наведвальнікаў, бо пэўная частка палаца яшчэ знаходзіцца пад юрысдыкцыяй школы мастацтваў. Вакол прыгожы парк, які патрабуе рэканструкцыі і добраўпарадкавання.

IMG_5092

Быхаў

Сталіца свята роднай мовы сёлетняга года. Тут прайшло свята Дзень беларускага пісьменства.

Існуе шэраг тлумачэнняў паходжання тапоніму «Быхаў». Згодна з найбольш распаўсюджаным з іх, ён ўтварыўся ад словазлучэння «быў хоў» — ва ўмацаваннях на месцы сучаснага Быхава жыхары Падняпроўя хаваліся ад ворагаў, таксама там спыняліся гандлёвыя караваны, што ішлі Дняпром. Тым часам, на думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім паходзіць ад асабістага імя Бых, пра што сведчыць суфікс -аў.

Першы пісьмовы ўспамін пра Быхаў змяшчаецца ў «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх» і датуецца канцом XIV ст. Тым часам афіцыйна места вядзе сваю гісторыю ад 1370 года. Вось як расказваецца ў легендзе аб тым, адкуль пайшла назва горада. «На месцы сённяшняга горада было некалі невялікае паселішча, якое ўзнікла якраз на правым беразе Дняпра. Жыхары займаліся земляробствам і рыбнай лоўляй, з гэтага і жылі. Добрая была мясціна: прыгожая, урадлівая, ажыўлены водны шлях з варагаў у грэкі праходзіў побач, купцы з розных краін прапаноўвалі тут свае тавары. Але ж і войны, і варожыя нашэсці даволі часта вогненнай, знішчальнай хваляй пракочваліся па наваколлях. Пасля адной такой бязлітаснай бітвы на беразе Дняпра паселішча атрымала сваю назву…»

А далей расказваецца аб мужнасці людзей, якімі кіраваў храбры Быхавец, што смела біўся з татарамі. «…Асабліва адчайна біўся сам Быхавец. Вось хто малаціў чужынцаў, вось хто ім у знакі даўся! Дзе ні павернецца са сваім двуручным мячом – там цэлая вуліца ў варожым страі ўтвараецца, дзе ні ўзмахне – там завулак. Ворагі нават аднекуль імя ягонае зведалі – ці то пачулі, як да яго людзі звярталіся, ці то нехта яшчэ неяк паведаміў, – але крычалі, перадаючы з вуснаў у вусны: «Быхаў – хан! Быхаў – хан!»  Нарэшце не вытрымалі татары і пабеглі, але мала хто ўратаваўся – вірлівы Дняпро стаў для іх апошнім прытулкам. Пад канец сечы загінуў і Быхавец. Яго і ўсіх забітых местачкоўцаў пахавалі ў паселішчы на беразе прыгожай ракі. Спачатку яно так і называлася – Быхава магіла, а потым ужо стала Быхавам».

У розныя часы мясціна належала Друцкім, Гальшанскім, Гаштольдам. У XV ст. вялікі князь Жыгімонт Стары ператварыў Быхаў у цэнтр дзяржаўнага староства, якое неўзабаве зрабілася вотчынаю Хадкевічаў. Гетман Ян Караль Хадкевіч збудаваў тут мураваны замак і пераўтварыў места ў магутную фартэцыю — адну з наймацнейшых на тэрыторыі сучаснай Беларусі. З 2-й пал. XVI ст. у Быхаве пачала працаваць вядомая ў Еўропе людвісарня, дзе мясцовыя майстры выраблялі гарматы, ядры, кулі і інш. Шлюб Ганны, дачкі Яна Караля Хадкевіча, з сынам Льва Сапегі Янам Станіславам (1621) паклаў пачатак эпохі знаходжання месца ў валоданні Сапегаў.

На жаль, з часам Быхаўскі замак страціў сваё стратэгічнае значэнне і прыйшоў у заняпад. У 70-х гадах XIX стагоддзя яго выкарыстоўваюць як турму, а затым – як казармы.

У цяперашні час пачалася рэстаўрацыя замка.

Яшчэ ў Быхаве ёсць сінагога. Гэты аб’ект з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIІ стагоддзя. Згаданая сінагога – найбольш ранняя з усіх існуючых на тэрыторыі Беларусі. Дакументальна засведчана існаванне яўрэйскай абшчыны ў Быхаве ў другой палове 20-х гадоў XVIІ ст. Будынак сінагогі ўяўляе амаль квадратную форму, завершаную чатырохсхілавым дахам. Абарончы характар будынку надавалі тоўстыя сцены, размешчаныя высока над зямлёй вокны, бакавая вежа. Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак быў пашкоджаны. У першыя пасляваенныя гады ён выкарыстоўваўся для патрэб арміі, затым ператварыўся ў склад, а сёння знаходзіцца ў занядбаным стане.

На плошчы перад раённым цэнтрам культуры ў Дзень беларускага пісьменства адкрыта манументальна-скульптурная кампазіцыя «Баркалабаўскі летапіс». На пастаменце ўстаноўлена вялікая кніга з выявамі знакавых для быхаўскага краю элементаў. На адной «старонцы» – ікона Божай Маці Баркалабаўскай, на другой – фрагмент Баркалабаўскага летапісу, выдатнага помніка беларускага пісьменства ХVI в.

IMG_5100

Баркалабаўскі жаночы манастыр. Баркалабаўская ікона Божай Маці

Святой апякункай Быхаўскай зямлі лічыцца Баркалабаўская ікона Божай Маці – адзін з нешматлікіх цудатворных абразоў, якія захаваліся ў арыгінале. Паводле падання, у 1650-х гадах, падчас ваенных дзеянняў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, абраз быў узяты рускім войскам у адным з беларускіх храмаў і знаходзіўся ў князя Пажарскага. Калі войска князя ў 1659 г. падышло да сцен Баркалабаўскага манастыра, абоз, у якім знаходзілася ікона, нерухома стаў, і коні, нягледзячы на намаганні, не маглі крануцца з месца. Было вырашана пакінуць ікону ў манастыры, дзе яна і знаходзілася да 1-й паловы ХХ ст. У 2010-м ікона была ўрачыста перанесена ў храм Іаана Прадцечы адроджанага Баркалабаўскага жаночага манастыра (ён знаходзіцца ў 12 км ад Быхава). Акрамя таго, таксама ў Баркалабава, што ў ХVI – ХVII стст. з`яўлялася культурным і рэлігійным цэнтрам, быў створаны помнік пісьменства – «Баркалабаўскі летапіс». Ён пачынаецца паведамленнем пра Берасцейскі сойм 1544 г., на якім кароль Жыгімонт I прызначыў пераемнікам на княжацкі трон свайго сына Жыгімонта II Аўгуста.

P. S. Да ўсяго хацелася б дадаць у якасці прафесійнай заўвагі. Шкада, што з намі ў нашы прафесійныя вандроўкі амаль не ездзяць арганізатары экскурсій турфірм Беларусі. Магчыма, з гэтай прычыны яны не могуць распавесці сваім кліентам пра тое, што тыя пабачаць на свае вочы на тым ці іншым маршруце.

https://www.traditionrolex.com/8