https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ці выкарыстоўваюць нашы турыстычныя аператары, экскурсаводы патэнцыял беларускага кіно?</p>

Як наша «кінаспадчына» магла б паспрыяць развіццю турызму на Беларусі? Ці выкарыстоўваюць нашы турыстычныя аператары, экскурсаводы патэнцыял беларускага кіно? Ці існуе, а можа, распрацоўваецца пэўны маршрут па месцах здымак папулярных айчынных фільмаў, як, скажам, турыстычны трып па Львове з наведваннем «мясцін баявой славы» герояў «Д’Артаньяна і трох мушкецёраў» — знакамітага фільма Георгія Юнгвальда-Хількевіча? Тэму даследуе штотыднёвік «Культура».

Раман АБРАМЧУК,  культуролаг, экскурсавод:

— Сапраўды, падчас экскурсій па Беларусі мае калегі, ды і я сам, узгадваюць месцы здымак пэўных айчынных фільмаў. Аднак такога, каб была цэлая экскурсія, расповед пра адну карціну, не чуў. Што ўзгадваем?


Напрыклад, калі суправаджаю экскурсіі са Слоніма ў Жыровічы, нагадваю пра шылавіцкія лясы, дзе адбываліся падзеі фільма Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га» і дзе ладзіліся здымкі.

Падчас паездак у Гродна таксама адзначаю, што ёсць стужка паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» рэжысёра Уладзіміра Бычкова, якой быў наканаваны складаны лёс. Але комплекс дэкарацый для «Житие и вознесение Юрася Братчика» — такую назву носіць гэтая карціна — быў пабудаваны ў Крыме…

Многія культавыя савецкія фільмы вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм» ствараліся, на жаль, не на тэрыторыі нашай краіны. Напрыклад, «Прыгоды Бураціна» Леаніда Нячаева таксама здымаліся ў Крыме, у Ялце, як і ягоная стужка «Пра Чырвоны Каптурык». Мяркую, што гэта першая перашкода таму, чаму ў нас няма падобных маршрутаў. Па-другое, неабходна, сапраўды, такое кіно, якое ведалі б усе і якое згуртавала б вакол сябе сапраўдную базу фанаў. Калі ў нас супадуць гэтыя два складнікі  — з’явіцца сучаснае якаснае кіно, якое прыме ды палюбіць глядач, а ў ім будуць паказаны нашы краявіды і адметнасці, — мяркую, што адпаведную цікавасць публікі не абмінуць увагай айчынныя турагенцтвы ды экскурсаводы-прафесіяналы…

***

Ігар АЎДЗЕЕЎ, дырэктар Музея  гісторыі беларускага кіно:

— Літаральна днямі на адмысловую выстаўку нас запрашаў Мірскі замак, які вырашыў зладзіць невялікі экскурс у гісторыю і паказаць вобразы гістарычнага помніка, што захаваліся дзякуючы кінематографу. Дзіўная рэч: мы можам бачыць замак у Міры як метафару жудаснага, разбуральнага жыцця ў стужцы «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава, і вось, калі ласка, у «Снайперы» Аляксандра Яфрэмава ён ужо адыгрывае ролю пэўнага нямецкага кастэля. Гаворка — пра тое, што сёння пасля рэстаўрацыі славутасць у Міры можа атрымаць новае кінажыццё, дзе помнік ужо будзе здольны выступаць пляцоўкай для разгортвання рамантычных, светлых гісторый, а не змрочных ды спусташальных. Гэты прыклад падводзіць да такой высновы, што нашы архітэктурныя помнікі — замкі, сядзібы, паркі — яшчэ да канца не раскрылі свае магчымасці для кінематаграфістаў з прычыны іх не лепшага пакуль аднаўленчага становішча. Чым больш будзе добрых прыкладаў рэстаўрацыі, тым больш узнікне нагод для рэжысёраў, сцэнарыстаў развіваць лінію гістарычнага кіно, якое мае на ўвазе наяўнасць адметнай натурнай пляцоўкі.


Паказальным у гэтым сэнсе стаў вопыт комплексу Святаполк-Чацвярцінскіх у Жалудку, дзе праходзілі здымкі стужкі Андрэя Кудзіненкі «Масакра». Пасля заканчэння працы здымачная група зладзіла ў нашым музеі фотавыстаўку, каб прыцягнуць увагу да стану сядзібы, прывабіць спонсара, мецэната да яе рэстаўрацыі.

Гэты прыклад дэманструе ўжо рух з боку кінематаграфістаў, жаданне дапамагчы, а значыць — «кропкі судакранання» кіно і архітэктурнай спадчыны могуць быць самымі рознымі…

***

Ад рэдакцыі

Як паведамілі ў аддзеле рэалізацыі і рэкламы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», распрацоўка падобных маршрутаў — па месцах здымак асобных беларускіх фільмаў — пакуль не прадугледжваецца. У той жа час спецыялісты зазначылі, што значны попыт з боку грамадскасці назіраецца да экскурсій па самой студыі з наведваннем розных яе падраздзяленняў. Прадаставіць падобную паслугу публіцы — у планах аддзела, але ўжо пасля заканчэння рэстаўрацыі «Беларусьфільма».

Д.А.

P.S. Незапланаванае ўражанне

Мне ўжо даводзілася на старонках «К» дзяліцца з нашымі чытачамі ўражаннямі ад маёй сёлетняй турыстычнай вандроўкі ў Рыгу і Стакгольм. Латвія — краіна невялікая, і каб пазнаёміцца з ёй, шмат часу не трэба. А турыст чым даўжэй знаходзіцца ў краіне, тым больш пакідае там грошай.

Логіка выгоды прымушае думаць пра тое, чым заняць госця, каб ён застаўся на максімальна доўгі час. Вось і прыдумляюць-ствараюць нашы суседзі-латышы для вандроўнікаў новыя атракцыёны. Сярод такіх забавак  — наведванне здымачнай пляцоўкі, на якой нараджаецца латышскае кіно і якую могуць арандаваць для сваіх кінапатрэб замежнікі. Скажам шчыра, не Галівуд… Маштаб не той, ды і кінабрэндаў на гэтым полі, здаецца, не ўзыходзіла. Калі памыляюся, прашу прабачэння: я не фанат экраннага мастацтва. Можа, я проста не дасведчаны ў тэме. Але як звычайны турыст скажу: цікава. І як раз цікава для людзей, якія з тэхнічным і арганізацыйным бокам кінавытворчасці не знаёмыя.


Гэта вялікае поле недзе пасярэдзіне маршруту Рыга — Юрмала. Тут бутафорскімі сродкамі імітаваны фрагменты вясковых ды местачковых ландшафтаў даваеннай Латвіі. Гэта і сялянскі падворак з гаспадарчымі прыладамі, і рэчка з мостам, і перон правінцыйнай чыгуначнай станцыі з цягніком на рэйках, і капліца на пагорку, і сціплая ды адначасова прэтэнцыёзная местачковая гасцініца, і іншыя штучныя краявіды ў натуральную велічыню...

Гід, які суправаджаў нас у экскурсіі па гэтым кінагарадку, распавядаў пра фільмы, што тут здымаліся, прадзюсараў, якія мелі цікавасць да гэтай пляцоўкі, знакамітых артыстаў, што сюды наведваліся. Ён выказаў шкадаванне, што позна даведаўся пра нашу групу, а то б нам яшчэ і выступленні каскадзёраў паказалі (апошніх трэба замаўляць загадзя). Я і мае спадарожнікі фатаграфаваліся на фоне мясцовага штучнага ландшафту, што глядзеўся даволі натуральна, побач з макетам нямецкага браневіка часоў Першай сусветнай вайны, на прыступках паравоза… Гэта нагадвала музей, у якім, у парушэнне музейнай завядзёнкі, усё можна кратаць рукамі. Мне падалося, што асабліва гэтая экскурсія спадабалася дзецям — мінскім школьнікам, якіх шмат было ў нашай тургрупе.

Найбольш здзівіла інфармацыя пра тое, што рыжане прыязджаюць на тую кінапляцоўку як у скансен — гэткі музей пад адкрытым небам. Хоць і бутафорыя, але — якасная. Яна дае ўяўленне пра побыт Латвіі ў перыяд ад пачатку ХХ стагоддзя да Другой сусветнай вайны. Прынамсі, у мясцовай (бутафорскай) карчме вельмі часта ладзяць карпаратывы ды іншыя гулянкі.

Латвія — краіна прыгожая, а яе сталіца Рыга — прыгожая фантастычна! Але калі я зараз успамінаю пра сваю вандроўку, мне чамусьці найперш згадваецца не рыжская архітэктура ды марское ўзбярэжжа, а вось тая бутафорыя. Чаму — не ведаю. Можа, у Рызе я загадзя быў настроены на сустрэчу з нечым асаблівым, а кінапляцоўка — уражанне незапланаванае…

https://www.traditionrolex.com/8