Водна-балотны юбілей

27.02.2011 - Новости

Водна-балотны юбілей

У рэспубліканскім заказніку “Спораўскі” адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды 40-годдзя Рамсарскай канвенцыі

У рэспубліканскім заказніку “Спораўскі” адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды 40-годдзя Рамсарскай канвенцыі

Па іроніі лёсу Дзень водна-балотных угоддзяў сусветная грамадскасць адзначае на пачатку апошняга зімовага месяца – у перыяд, калі аб’екты-юбіляры спакойна дрэмлюць пад бялюткім снежным покрывам. Менавіта 2 лютага 40 гадоў таму ў іранскім мястэчку Рамсар была прынята канвенцыя – яна асноўнай мэтай паставіла захаванне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных балот, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражывання вадаплаўных птушак. Перш чым увайсці ў новае тысячагоддзе, Беларусь паспела далучыцца да Рамсарскай канвенцыі – адбылося гэта ў верасні 1999-га. А двума месяцамі пазней рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”, што знаходзіцца на тэрыторыі Брэстчыны, дэбютаваў у Рамсарскім спісе. З нагоды святкавання 40-годдзя канвенцыі менавіта тут адбылася прэс-канферэнцыя для журналістаў нацыянальных СМІ.

З прывітальнага слова Анатоля Ліса, намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, стала вядома, што Рамсарскую канвенцыю падтрымалі 160 дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца больш за 1900 водна-балотных угоддзяў свету. У Беларусі, акрамя заказніка “Спораўскі”, у міжнародным спісе фігуруюць такія тэрыторыі, як “Сярэдняя Прыпяць”, “Прастыр”, “Званец”, “Альманскія балоты”, “Ельня”, “Асвейскі”, “Котра” і Бярэзінскі біясферны запаведнік.

У галіне аховы водна-балотных угоддзяў распрацаваны і зацверджаны Нацыянальная стратэгія і план дзеянняў па рэалізацыі Рамсарскай канвенцыі да 2014 года. Паводле гэтых дакументаў у Беларусі ўдалося ажыццявіць шэраг цікавых і важных праектаў, накіраваных на захаванне біяразнастайнасці і ўнікальных поймавых сенажацей, папярэджанне тарфяных пажараў і забалочвання месцараджэнняў торфу. Як паведаміў Аляксандр Леўчанка, нацыянальны каардынатар Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ) у Рэспубліцы Беларусь, за мінулы год было прафінансавана каля 70 такіх праектаў.

Пра адну з рэалізаваных задум ахвотна расказаў вядучы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Казулін. Ён пазнаёміў з даволі перспектыўным праектам па аднаўленні парушаных балот метадам абваднення. Гэта, лічыць Аляксандр Васільевіч, не толькі эфектыўны спосаб барацьбы з пажарамі, але і небезвыніковая спроба вярнуць балоты да жыцця.

Шмат сродкаў ды цярпення было ўкладзена і ў праект ПРААН/ГЭФ “Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы водна-балотных угоддзяў на Беларускім Палессі”, які стартаваў у 2006 годзе і ахапіў чатыры рамсарскія тэрыторыі – “Сярэдняя Прыпяць”, “Спораўскі”, “Званец” і “Прастыр”. Летась праект завяршыўся, можна падводзіць вынікі.

Пры садзейнічанні буйнога праекта дзяржаўны ландшафтны заказнік “Прастыр” стаў часткай першага на постсавецкай прасторы трансгранічнага рамсарскага ўгоддзя “Стаход – Прыпяць – Прастыр” (Украіна – Беларусь). Другая трансгранічная тэрыторыя – “Котра – Чапкеляй” – створана летась і ўключыла ў сябе частку тэрыторыі Літвы. У выніку цеснага міжнароднага супрацоўніцтва плануецца далучыць да існуючых угоддзяў яшчэ два падобныя.

Што да гасцінных гаспадароў,  яны на чале з кіраўніком заказніка “Спораўскі” Вадзімам Пратасевічам падрыхтавалі для прысутных кароткі экскурс у гісторыю аб’екта і, наколькі гэта дазвалялі ўмовы надвор’я, наладзілі экскурсію па тэрыторыі, на якой знаходзіцца адно з найменш трансфармаваных поймавых нізінных балот у Еўропе. Эксклюзіўнасці заказніку дадае яшчэ і той факт, што тут самая высокая ў свеце шчыльнасць гняздоўяў вяртлявай чарацянкі – адной з прадстаўніц віду птушак, якому пагражае знікненне. Ды й знікаючы від раслін з прыгожай назвай венерын чаравічак, занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу, таксама можна сустрэць на тэрыторыі заказніка.

На недахоп наведвальнікаў супрацоўнікі біялагічнага заказніка “Спораўскі” пакуль не скардзяцца: летась тут пабывала звыш тысячы гасцей. І хоць магчымасці для экатурызму выдатныя (наладжаны пракат палатак, лодак, веласіпедаў і іншага інвентару), сярод пераваг мясцовасці па-ранейшаму лідзіруе непаўторнае хараство прыроды. Шматлікіх замежных турыстаў вабіць натуральная прыгажосць палескага куточка. Яны з заміраннем сэрца любуюцца бяскрайняй багнай, захапляюцца птушынымі спевамі, ловяць вухам ледзь чутны шолах раслін.

–  У гэтай натуральнай прыроднай пышнасці кожны знаходзіць нешта блізкае толькі яму аднаму, – дзеліцца ўражаннямі Вадзім Пратасевіч. – Галандцы прыязджалі паглядзець менавіта на венерын чаравічак. Французам экскурсавод неяк даў праслухаць запіс спеваў вяртлявай чарацянкі, ды па заканчэнні плёнкі спевы не абарваліся: гэта рэальная птушка падхапіла мелодыю. Турысты доўга прыходзілі ў сябе пасля такога эмацыянальнага ўзрушэння. Яшчэ замежныя госці вельмі любяць гутарыць з мясцовымі жыхарамі. Літаральна ўсё выклікае цікавасць: і ўклад жыцця, і гісторыя, і норавы. Аднойчы экскурсія амаль на 3 гадзіны была выбіта з рытму, бо вяскоўцы гналі на пашу кароў – гэтае відовішча моцна зацікавіла экскурсантаў-замежнікаў.

Праблемы не абмінаюць і гэты райскі куточак, але тут даўно знайшлі канструктыўныя спосабы іх вырашэння. Каб не прыходзілася выпальваць сухую расліннасць вясной, у заказніку арганізоўваюць чэмпіянаты па ручным сенакашэнні. Пераможцы спаборніцтваў змаглі паспрабаваць свае сілы і на традыцыйным міжнародным турніры Ў Польшчы: у 2008-м спораўскія касцы прывезлі адтуль дыпломы І ступені.

Ніна Леанавец (“Народная трибуна”),

Бярозаўскі раён.

Рубрики: Активный Туризм Пресс-Конференции

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах