<p>Тапаніміка той часткі Мінска, што атачае Нацыянальную бібліятэку Беларусі, будзе ўтвараць суладную карціну.</p>

Паводле рашэння Камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак сталіцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, адрэзак, які злучыць вуліцы Кастуся Каліноўскага і Францыска Скарыны, будзе названы ў гонар Сымона Буднага. А зусім непадалёк ад яго будзе ўвекавечана і імя яшчэ аднаго беларускага першадрукара - Пятра Мсціслаўца. Сёння гэты раён яшчэ толькі праектуецца, але яго цэласная тапанімічная канцэпцыя ўжо выпрацавана.

Згодна з рашэннем камісіі, на ускраінах Мінска павінна з'явіцца некалькі сакавітых назваў, якія маюць сваю гісторыю. Адна з іх - Хмарынскія пасекі. Так прапануюць назваць мікрараён, што паўстане ў чыстым полі паміж вёскай Зацень і пасёлкам Навінкі. Дарэчы, іншыя "паўночныя" мікрараёны камісія вырашыла перайменаваць у Цнянку, што таксама адпавядае гістарычнай праўдзе: новыя дамы паўстануць на месцы колішняй вёскі, і таму важна, каб яе назва не канула ў Лету.

Дарэчы, не адно такое імя ўласнае на новай карце Мінска будзе вернута з забыцця. Паводле рашэння камісіі, частка 1-га транспартнага кольца, якое злучыць вуліцы Маскоўская і Ціміразева, атрымае назву вуліца Дамашэўская - у гонар даўно паглынутай сталіцай вёскі Дамашава.

 

Ілля СВІРЫН ("Культура")