https://www.traditionrolex.com/8
<p>У апошні дзень Масленіцы у Тонежы чыркавалі, заклікаючы вясну і птушак</p>

У апошні дзень Масленіцы ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна спрадвеку спраўляюць абрад “Чырачка”.

Этнічная адметнасць Тонежа — абрад чыркавання або гукання вясны “Чырачка”, які ў жывой традыцыі захаваўся толькі тут. Жанчыны выпякаюць да свята печыва ў выглядзе чырачкі (чырок — невялікая вадаплаўная птушка падсямейства качак), а таксама абаранкаў, кружочкаў, ромбікаў. Іншыя абрадавыя стравы — бліны, прасяная каша, яешня ў чыгунках, белы сыр, пампушкі са смятанай, вараныя яйкі. Сала і мяса ў гэты дзень таксама дазваляюцца. Напярэдадні або зранку хлопцы ідуць на традыцыйнае месца, дзе спраўляецца абрад, нясуць туды сухія дровы з лучынай, збіраюць ламачча для вогнішча, а дзяўчаты ў адной з хат ладзяць пудзіла Зімы: з крыжавіны робяць раставую ляльку, апранаюць яе ў старое адзенне. Абавязковы і асноўны атрыбут свята — ялінка з яркімі папяровымі кветкамі. Яе дзяўчаты ўпрыгожваюць перад самым абрадам, паставіўшы ў гаршчок з жытам (сімвалам сям’і). А нясе елачку хлопец, абгарнуўшы ствол хусцінкай. Елка — сімвал роду, пэўнай супольнасці, якой з’яўляюцца жыхары гэтай вёскі. Тонеж — сяло вялікае, а Чарнычоўскія горы (або проста горы), дзе гукаюць вясну, знаходзяцца на краю сяла, таму старэйшыя ўдзельніцы абраду едуць туды на вазах ці санях. Па дарозе жанчыны спяваюць: “Ой, выйдзем, дзевачкі, на новае лета. Зімавалі — не спявалі, вясну ждалі”. “За чарэтам зелененькім стаіць ніва не арана, не арана, не сеяна. Па той ніве ходзіць пані — рве цвяточкі, в’е вяночкі, заве братца”. “Ой, чырачка-пташэчка, не залетай далечэчко, не занось мойго венчыка. Бо мой венчык — патрэбчык. Братка жаніці, сястру замуж аддаці, вяселле спраўляці…” Усім сустрэчным па дарозе раздаюць печыва і запрашаюць iх далучыцца да працэсіі.

Тонеж1

На горах загукаюць вясну: “Агу, вясна, агу, красна, што ты нам вынесла? Гаршчок масла, гаршчок сыру. Старым бабам па кіёчку, малым дзеткам — па яечку”. Спяваюць “Чырачку” (ад гэтай песні і ўвесь абрад так называецца), іншыя песні, водзяць карагоды, сярод якіх гульнёвыя — “Яшчур”, “Грушка”, “Перапёлачка”, затым качаюцца ў снезе з пагоркаў, паляць вогнішча і на ім — пудзіла Зімы. На самы высокі дуб хлопцы ўсцягваюць упрыгожаную елачку. Заканчваецца абрад сумесным частаваннем абрадавымі стравамі тут жа, на горах. Прыгожы абрад, старадаўні звычай, які неабходна захаваць для будучых пакаленняў.

Тонеж2  

Сёлета лельчыцкі аддзел культуры збіраецца падаць дакументы ў Міністэрства культуры з просьбай надаць абраду “Чырачка” статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці і ўключыць яго ў адпаведны рэспубліканскі спіс. Захавальніцы абраду — спявачкі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Танежанка”. Ён бярэ свой пачатак з 1934 года, калі ў вёсцы быў створаны народны хор. У 1984 годзе яму прысвоена званне народнага. Зараз у калектыве 12 жанчын, але спевакоў у вёсцы значна больш — ніводнае сямейнае застолле без песні не абыходзіцца. Вёска Тонеж у Лельчыцкім раёне здаўна вядома як захавальніца этнакультурных традыцый Палесся.

Тонеж4

Рэгіна ГАМЗОВІЧ ("Гомельская правда")

https://www.traditionrolex.com/8