https://www.traditionrolex.com/8
<p>Чаму мясціны, звязаныя з працай і жыццём Янкі Купалы, у жудасным стане?</p>

Чаму мясціны, звязаныя з працай і жыццём Янкі Купалы, у жудасным стане?

Як вядома, маладому Янку Купалу давялося зарабляць на кавалак хлеба не толькі паэтычным талентам. У біяграфіі першага народнага паэта Беларусі слова бровар сустракаецца нярэдка. Атрымаўшы адукацыю ад вандроўных настаўнікаў і скончыўшы Бяларуцкае і Сенніцкае двухкласныя народныя вучылішчы, адзіны сын зямельнага арандатара выбіраў сабе іншы шлях у жыцці — маліцца кавалку зямлі ён не хацеў. Купалу прываблівалі цывілізацыя, горад, культурны асяродак. Але працоўнае жыццё будучага класіка лёгка не пачыналася. Пасля смерці бацькі ў 1902 годзе дзевятнаццацігадоваму гаспадару трэба было вызначацца: будзе ён заставацца на зямлі, працягваючы арандатарскі лёс, ці пойдзе шукаць сваю долю, пачынаючы ўласны шлях. Напэўна, прыняць гэтае рашэнне маладому чалавеку было цяжка, тым больш што ўвосень таго ж года памерлі яшчэ ягоныя малодшыя брат і дзве сястры. Але ці не гэтае вялікае гора перапоўніла чашу цярпення: і дзяды, і бацькі ўсё жыццё вандравалі па чужых кутах, працавалі на чужой зямлі, на некага, так і не займеўшы ні ўласнага кавалка зямлі, ні ўласнай хаты. Усё было часовае. І нічога свайго. Нават сваіх могілак. Магчыма, выпраўляючыся ў іншае жыццё, Янка спадзяваўся зарабіць добрыя грошы і дапамагчы маці купіць, нарэшце, зямлю. І ў снежні 1903 года ён наймаецца на працу ў кантору маёнтка пана Свяцкага ў вёсцы Старая Беліца Сенненскага раёна. Пазней становіцца маладым прыказчыкам у панскім маёнтку.

Гэта была першая самастойная праца, і, магчыма, яна складвалася нядрэнна, бо пазней Купала пра яе кепска не ўзгадваў. Але з-за хваробы маці вымушаны быў пакінуць Беліцу і вярнуцца ў Селішча. Справы ў Селішчы ішлі не лепшым чынам, і Луцэвічы перабіраюцца ў вёску Бараўцы Мінскага павета. Маці зноў працягвае арандаваць зямлю, а Янка ненадоўга ўладкоўваецца на бровар у маёнтку Вялікія Бакшты пад Радашковічамі на беразе ракі Серабранка. Праз год (у 1905-м) ён наймаецца на працу ў маёнтак Сёмкава, але чамусьці практыкантам да вінакура. Відаць, 23-гадоваму Луцэвічу яшчэ не хапала вопыту кіраваць вытворчасцю па вырабе спірту. Праца была не з лёгкіх. Выконваў абавязкі чорнарабочага. І таму ў сёмкаўскага памешчыка Хялкоўскага ён доўга таксама не затрымаўся. Пазней, у сваёй першай аўтабіяграфіі Купала напіша: "Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў".

Купала 1

Прыгадваю, у школе на ўроках мовы і літаратуры настаўніца эмацыянальна распавядала пра нялёгкую працу Івана Луцэвіча на броварах у якасці памочніка вінакура, а то і чорнарабочага. Уяўлялася, як худы знямоглы юнак цягаў на сабе цяжкія мяхі, махаючы шуфлем каля пячной топкі, ці перасоўваў бочкі з сырцом, церпячы хамства і прыніжэнні ад эксплуататараў, атрымліваючы за бесчалавечную працу самы мізэр. Вельмі шкада было паэта: ён жа мог пакалечыцца ці памерці ад стомы. Да паноў і памешчыкаў у нас выхоўвалі калектыўную нянавісць. З простага і беднага народа лупілі сем скур, а самі жылі ў палацах, у раскошы. На іх спіны гнулі нават паэты. Цяпер не здзіўляюся, чаму з нянавісцю ў нас знішчалася ўсё, што датычылася колішніх эксплуататараў, — замкі, палацы, маёнткі, сядзібы, паркі, бровары. Якраз тое, што сёння лічыцца (і дзякуй Богу) культурнай спадчынай, сапраўдным скарбам нацыі. І, што важна, патроху адраджаецца. Хто ўлічваў тады, што гэтыя мясціны звязаны з імёнамі, якія з'яўляюцца сапраўдным гонарам нацыі? Што гэта помнікі гісторыі, архітэктуры, прамысловасці?..

Купала 2

Пакінуўшы Сёмкава, паэт уладкаваўся спачатку на бровары ў Яхімоўшчыне (1906-1907) — гэта па дарозе з Маладзечна на Валожын, — пазней у Дольным Снове пад Нясвіжам (1907).
Купала 3

Сёння і ў Сёмкаве, і ў Вялікіх Бакштах, і ў Беліцы — адны рэшткі колішняй раскошы. Занядбанасць, руіны, смецце. Навідавоку наступствы вандалізму і марадзёрства. І ніякага намёку, што ў гэтых мясцінах некалі працаваў Янка Купала. Ні шыльдаў, ні ўказальнікаў каля дарог. Дакладна вядома, што два з гэтых аб'ектаў доўгі час лічыліся (лічацца і дагэтуль) помнікамі гісторыі і культуры Беларусі. І ахоўваюцца законам — у Старой Беліцы і ў Сёмкаве пад Мінскам. Значыць, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. А як гэта можна запытацца ў дзяржавы, чаму яна не сачыла за выкананнем прынятых законаў? Ці спагнаць з яе за гэта? Не ўяўляю. Затое перакананы, што, акрамя дзяржавы, ніхто і не возьме на сябе цяжкую справу вярнуць з небыцця былую раскошу гэтых куточкаў, а разам з гэтым — і затаптаную ў бруд памяць. І шыкоўны палац Свяцкіх побач з турысцкім шляхам Лепель — Орша, і сціплы бровар у маляўнічай вёсцы Вялікія Бакшты, і цудоўнае месца для адпачынку ў Сёмкаве па суседстве з Мінскім морам. У нас доўга лічылася, што, акрамя Вязынкі, Ляўкоў, Акопаў (Харужанцаў) і Яхімоўшчыны, іншых купалаўскіх мясцін не існуе. Насамрэч іх нямала, і ўсе яны павінны быць ушанаваны.

Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.

Маладзечанскі, Мінскі,
Сенненскі раёны.

"ЗВЯЗДА"

https://www.traditionrolex.com/8