https://www.traditionrolex.com/8
<p>Філіял «Санаторый «Радон» адкрытага акцыянернага таварыства  «Белаграздраўніца» стаў лепшым санаторыем па выніках спаборніцтва за  2010 год сярод 107 санаторыяў для дарослых у Рэспубліцы Беларусь і быў  узнагароджаны Ганаровай граматай Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню  і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва.</p>

Філіял «Санаторый «Радон» адкрытага акцыянернага таварыства «Белаграздраўніца» стаў лепшым санаторыем па выніках спаборніцтва за 2010 год сярод 107 санаторыяў для дарослых у Рэспубліцы Беларусь і быў узнагароджаны Ганаровай граматай Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва. Таксама Ганаровай граматай сярод дзіцячых санаторыяў быў узнагароджаны філіял «Дзіцячы санаторый «Расінка» ААТ «Белаграздраўніца».

Гэтай падзеі было прысвечана ўрачастае мерапрыемства, якое праходзіла ў адноўленай кінаканцэртнай зале санаторыя «Радон». Таксама мерапрыемства было прысвечана і адкрыццю новых аб’ектаў на базе філіяла «Санаторый «Радон». Акрамя кінаканцэртнай залы, у санаторыі з’явілася гразелячэбніца і більярдная зала.

Побач з санаторыем прыватны прадпрымальнік за кошт уласных сродкаў адкрыў кафэ «Паніква». Каля кафэ другі прыватны прадпрымальнік будуе па-сучаснаму аформленую лазню. Будаўніцтва лазні знаходзіцца на этапе завяршэння.                     

З нагоды гэтых падзей у санаторый «Радон» наведаліся генеральны дырэктар санаторна-курортнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Белаграздраўніца» Іван Фёдаравіч Аверчанка, старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Іван Іосіфавіч Крахмальчык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва Мікалай Уладзіміравіч Мазур, старшыня наглядацельнага савета Васіль Мікалаевіч Шулякоўскі, кіраўнікі санаторыяў сістэмы «Белаграздраўніца» і іншыя прадстаўнікі мясцовай улады і арганізацый.

Для гасцей была арганізавана экскурсія па санаторыі. Дырэктар філіяла «Санаторый «Радон» Уладзімір Міхайлавіч Іода прапанаваў да ўвагі гасцей адноўленыя більярдную залу, гразелячэбніцу і кінаканцэртную залу, іншыя працэдурныя кабінеты, якія паступова сістэматычна мадэрнізуюцца і аднаўляюцца. Таксама для гасцей быў арганізаваны шведскі стол, дзе ўсе прысутныя маглі пачаставацца і ўпэўніцца ў прафесіяналізме павароў санаторыя і высокай якасці прадуктаў харчавання. У час экскурсіі гасцям прапанавалі паспытаць і лячэбныя травяныя настоі.

Побач з тэрыторыяй санаторыя госці наведалі і ацанілі ўзровень ужо адкрытага для наведвальнікаў кафэ «Паніква», азнаёміліся з блізкай да завяршэння будаўніцтва лазняй.

Потым усе былі запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства ў кінаканцэртную залу санаторыя «Радон», дзе дырэктару былі ўручаны сімвалічны ключ і Ганаровая грамата за 1-ае месца сярод санаторыяў для дарослых, якое сёлета філіял «Санаторый «Радон» атрымаў за кошт самых высокіх паказчыкаў у сферы якасці абслугоўвання і інфраструктуры філіяла. Пасля афіцыяльнай часткі ўсіх чакала забаўляльная канцэртная праграма.

Сярод адпачываючых шмат тых, хто прыязджае адпачываць менавіта ў «Радон» ужо не першы раз. Васіль Нікіфаравіч Харошка, які прыехаў аздараўлівацца з горада Мазыра Гомельскай вобласці, на маё пытанне, як ён адчувае сябе ў санаторыі, адказвае:

– Выдатна. Я наведваюся сюды ўжо другі раз. Тут усё аднаўляецца, якасць харчавання на высокім узроўні, выдатная аздараўленчая праграма. Адносіны абслугоўваючага персанала добразычлівыя. Сюды вельмі прыемна прыязджаць адпачываць.

Наталля Васільеўна Іванова, жыхарка шумнага мегаполіса-Масквы, сюды наведалася ўпершыню, але ўжо паспела ацаніць якасць адпачынку ў здраўніцы:

– Адпачываецца проста выдатна. Адносіны абслугоўваючага персаналу добрыя, заўсёды разнастайнае харчаванне, тэрыторыя санаторыя дагледжаная — усё на высокім узроўні. Мне ёсць з чым параўнаць, бо я часта наведвалася ў іншыя санаторыі. Гэта, бадай, лепшы, дзе мне даводзілася адпачываць.

Дырэктар санаторыя «Радон» Уладзімір Міхайлавіч Іода, падводзячы вынікі этапаў работы па мадэрнізацыі і рэканструкцыі, падзяліўся і планамі на будучыню:

– У планах санаторыя давесці колькасць месцаў да 800, што амаль у два разы больш, чым мы маем цяпер. Гэта абумоўлена тым дэфіцытам, які існуе на адпачынак у нашым і іншых санаторыях «Белаграздраўніцы». На чарзе на адпачынак у санаторна-курортных здраўніцах стаіць вельмі шмат жадаючых. Таму, у прыватнасці, на тэрыторыі «Радона» плануецца пабудаваць дадатковыя карпусы.

– Раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабою гразелячэбніца? Адкуль паходжанне рэчываў для правядзення працэдур? Чым карысныя сапрапелевыя гразі?

– Гразі мы здабываем на ўласным участку на возеры Дзікае, што знаходзіцца на тэррыторыі Дзятлаўшчыны. Узоры здабываемай гразі па якасці ніколькі не саступаюць лепшым узорам сапрапелевых гразяў. Сапрапелевыя гразі з’яўляюцца вельмі карысным рэчывам. Утрымліваюць вялікую колькасць мікраэлементаў, вітамінаў, карацінаідаў. Багатыя на солі кальцыю, жалеза і фосфару. Выкарыстоўваюцца як лячэбны і касметычны сродак. У прыватнасці, у нашым санаторыі нараўне з радоналячэннем гразелячэнне з’яўляецца адным з асноўных відаў лячэння.

Сёння гразелячэбніца ўяўляе сабою сучасна абсталяваную залу. Закуплена навейшае абсталяванне: камфортная ванна №1, якая прывезена з Расіі, гразевыя кушэткі на вадзяной падушцы польскай вытворчасці. Гразевыя ванны — гэта навінка, але ад адпачываючых нашага санаторыя мы ўжо чуем станоўчыя водгукі.

– Якія асноўныя мэты стаяць перад філіялам? — пытаюся ў Уладзіміра Міхайлавіча.

– Асноўная мэта філіала — гэта давесці санаторый «Радон» да ўзроўню сусветых курортаў з моцнай сучаснай інфраструктурай, якая будзе адпавядаць усім сучасным, самым высокім патрабаванням. Трэба зазначыць, што тое, што дасягнута ўжо зараз — пастаянныя рэканструкцыя, мадэрнізацыя, будаўніцтва новых аб’ектаў — гэта ў першую чаргу заслуга кіраўніцтва «Белаграздраўніца». У ААТ «Белаграздраўніца» сістэматычна рэалізуюцца мэтавыя праграмы па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторыяў. На мадэрнізацыю аднаго толькі нашага філіяла ў 2010 годзе было накіравана сродкаў больш за 4 мільярды беларускіх рублёў. У выніку гэтай праграмы папярэднія гады ў філіялах «Белаграздраўніцы» «Санаторый «Сасновы бор», «Санаторый «Парэчча», у нашым санаторыі былі рэканструяваны харчблокі і сталовыя залы, што дазволіла стварыць для адпачываючых умовы для харчавання на сусветным узроўні. На дадзены момант рэалізуецца праграма рамонтаў кінаканцэртных залаў. Ужо завершана рэканструкцыя кінаканцэртных залаў у санаторыі «Парэчча», дзіцячым санаторыі «Случ». На чарзе — іншыя санаторыі.

Пералік такіх праграм можна прадаўжаць. Адным словам, наша арганізацыя імкнецца да паляпшэння якасці абслугоўвання і стварэння як мага лепшых умоваў для адпачываючых ва ўсіх сферах: сістэме харчавання, аздараўлення, адпачынку і іншых сферах, — расказаў дырэктар філіяла «Санаторый «Радон».

Н. ТРАХІМОВІЧ «Перамога» (Дзятлаўскі раён)

 

https://www.traditionrolex.com/8