https://www.traditionrolex.com/8
<p>Выставу падрыхтавалі як вынік мастацкага плэнеру, які штогод ладзіцца ў Германавічах (Шаркаўшчынскі раён) дзякуючы таленавітай краязнаўцы – Адзе Райчонак</p>

Як паведамляе «Браслаўская звязда»:

У  Наваполацку адкрылася выстава, прысвечаная славутай беларусцы, якую часта параўноўваюць з Жаннай д’Арк, – графіні Эміліі Плятэр (1804-1831).

Выставу падрыхтавалі як вынік мастацкага плэнеру, які штогод ладзіцца ў Германавічах (Шаркаўшчынскі раён) дзякуючы таленавітай краязнаўцы – Адзе Райчонак.

Чым жа блізкая нам Эмілія Плятэр – тая, каму слынны паэт Адам Міцкевіч прысвяціў верш «Смерць палкоўніка»? Справа ў тым, што яе карані па кудзелі (з боку маці) паходзяць з браслаўскага роду Моляў, а на Браслаўшчыне месціліся дзве сядзібы старажытнага роду Плятэраў – у Бяльмонтах і Опсе. На жаль, палац Плятэраў у Бяльмонтах у Першую сусветную вайну быў часткова зруйнаваны, а збудаваная пазней драўляная сядзіба згарэла ў апошняй вайне. Але сядзібны комплекс, узведзены ў 1904 годзе ў Опсе, захаваўся да нашых дзён. Ёсць меркаванне, што Эмілія Плятэр, якая жыла ў родавай сядзібе ў Краславе, калі-нікалі гасцявала і ў Бяльмонцкім палацы.

Эмілія Плятэр, вядомая нам перадусім як удзельніца вызваленчага паўстання 1830-1831 гг., але мала хто ведае, што яна была выбітным фалькларыстам, добра спявала і грала на фартэпіяна, была абазнаная ў народных танцах, цікавілася паэзіяй, жывапісам і нават зброяй.

У Другую сусветную вайну імя Эміліі насіў жаночы батальён у дывізіі польскага войска, нават існаваў танк «45TP Emilia Plater». У яе гонар наш зямляк, паэт з Браслаўшчыны У.Пецюкевіч напісаў верш, а В.Шніп прысвяціў ёй баладу. Шмат у якіх гарадах Польшчы вуліцы названыя яе імем, а падчас знаходжання Браслава ў складзе Польшчы нават у нас была вуліца імя Э.Плятэр. Шкада, што ў Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка, прысвечанага ёй, хіба што ў Браслаўскім краязнаўчым музеі ёсць невялічкі стэнд, які распавядае пра кароткае і гераічнае жыццё «літвінскай амазонкі».

https://www.traditionrolex.com/8