https://www.traditionrolex.com/8
<p>Раённае свята фальклору, якое на гэты раз называлася «З крыніц  спрадвечных», стала для Шчучыншчыны традыцыйным</p>

Як паведамляе «Дзянніца»:

Весела і цікава прайшло ў нядзелю раённае свята фальклору ў аграгарадку Васілішкі.

Чацвёрты год запар ладзіцца на Шчучыншчыне раённае свята фальклору. Да гэтага самадзейныя калектывы раёна прымалі Мураванка, Ракавічы і Орля. А сёлета цэнтрам народнай творчасці сталі Васілішкі.

Як не памыліліся арганізатары мерапрыемства – раённы метадычны цэнтр народнай творчасці, калі выбралі менавіта гэты аграгарадок месцам правядзення свята! Упрыгожаная сцэна на беразе вадаёма, драўляныя мосцікі, навокал – зеляніна і прыгажосць. Сапраўдны райскі куточак і вельмі прыдатны для такога фальклорнага фестывалю. Напэўна, і ўдзельнікі адчувалі сябе выдатна – звонка і душэўна гучалі песні ў іх выкананні.

ansambl_rdk

– Сем калектываў прынялі ўдзел у сёлетнім свяце фальклору, – расказвае вядучы метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Станіславаўна Гардзейчык. – Многія прывезлі на фестываль не толькі песні, але і танцы, гумарэскі, вершы, прыпеўкі, байкі, а артысты Руткевіцкага сельскага Дома культуры арганізавалі гульнявую праграму «Чароўны куфэрак». Свята ў Васілішках – гэта першы тур абласнога фестывалю «Панямоння жыватворныя крыніцы». Другі тур пройдзе ў Мастах.

2skarbonP1010149

Вельмі ўдала была прадумана праграма фальклорнага свята. Выступленні калектываў перапляталіся з выдатным прадстаўленнем народнага драматычнага тэатра Астрынскага гарадскога Дома культуры і тэатральнай творчасці. Вось дзе сапраўдныя артысты! Іх замалёўкі «Вясковыя неспадзянкі» яшчэ як весялілі гледачоў!

dedibabaP1010223

Віртуозна выканалі «Лядзецкую польку» і «Турэйскую кадрылю» удзельнікі фальклорнага ансамбля раённага Дома культуры. Пакарылі гледачоў побытавыя танцы ўзорнага фальклорнага калектыву «Скарбоначка» (дарэчы, гэта дзіцячы калектыў) Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору і народнай творчасці. Як заўсёды выдатна выступілі фальклорны аматарскі калектыў «Вяргіня» Ракавіцкага сельскага Дома культуры, калектывы Ражанкаўскага ЦДК, Астрынскага ГДК і ТТ, Руткевіцкага СДК.

vasilishki_mastera

Васілішкаўскае свята фальклору атрымалася не толькі беларускім, а можна сказаць, міжнацыянальным. Удзельнікі фальклорнага гурту польскай песні «Адраджэнне» Васілішкаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу выканалі польскія народныя песні «Чырвона каліна», «У зялёным гаіку», «Недалёка ад Кракова».

vdeti

А госці свята тым часам маглі набыць для сябе сувяніры і абярэгі, якія прапаноўвалі ім майстры раённага цэнтра рамёстваў. Не сумавалі і самыя маленькія васілішкаўцы: весела скакалі на батутах, радаваліся надзіманым шарыкам і ласаваліся салодкай ватай.

viargini

Раённае свята фальклору, якое на гэты раз называлася «З крыніц спрадвечных», стала для нашай Шчучыншчыны традыцыйным. З года ў год расце майстэрства самадзейных артыстаў. А значыць, і такія фальклорныя фестывалі  праходзяць больш ярка, душэўна і незабыўна.

Анна Рудская

https://www.traditionrolex.com/8