https://www.traditionrolex.com/8
<p>Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі распавёў tio.by пра турыстаў, якія  наведваюць беларускі «дыямент», кабінет прэзідэнта ў бібліятэцы і свой  уласны адпачынак – на ровары ці лыжах</p>

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі распавёў «ТиО» пра турыстаў, якія наведваюць беларускі «дыямент», кабінет прэзідэнта ў бібліятэцы і свой уласны адпачынак – на ровары ці лыжах.

– Раман Сцяпанавіч, Нацыянальная бібліятэка стала своеасаблівай візітнай карткай сталіцы.  Ці думалі вы напачатку, што новы будынак будзе выклікаць такую цікавасць сярод турыстаў?

 – Сапраўды, наша бібліятэка – будынак, вядомы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Яна часта прыцягвае да сябе ўвагу чыста знешне як архітэктурны будынак. Таму трапляе ў рэйтынгі пабудоў з самай незвычайнай формай і канструктарскімі рашэннямі. Але яна, безумоўна, цікава турыстам і як культурны аб’ект. Нашых гасцей я падзяліў бы на дзве катэгорыі: звычайныя турысты і прафесіяналы. Напрыклад, па Украіне ўжо шырыцца такі рух сярод бібліятэкараў – хто не быў у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы. Час ад часу прыязджаюць цэлыя аўтобусы прафесіяналаў. І гэта прэстыж нашай краіны і нашай справы. Зусім нядаўна я атрымаў ліст ад афрыканскіх калег, якія пішуць, што ведаюць пра нашу бібліятэку, хочуць прыехаць і падзівіцца на яе, каб пераняць вопыт. Калі мы будаваліся, не ўсе верылі, што нашы задумы здзейсняцца. Але калі бібліятэка адчыніла свае дзверы, калегі ацанілі нашы намаганні, і зараз ужо можна пачуць, што гэта ўнікальная ўстанова, аналагаў якой няма ў свеце, бо яна ўяўляе сабой тэхналагічны, сацыякультурны і нават прэзідэнцкі цэнтр, – усё працуе ў адным будынку. Скажу шчыра, я спадзяваўся, што да бібліятэкі будзе цікавасць. І перад самым адкрыццём папярэджваў сваіх супрацоўнікаў, што тыдзень-два да нас могуць прыходзіць людзі не для таго, каб пачытаць кнігі, а каб проста падзівіцца на незвычайны будынак. І мы былі прыемна здзіўленыя, што турыстаў з кожным днём станавілася ўсё больш. У першы год работы чарга на экскурсію даходзіла да трох месяцаў. І турыстычны накірунак, які мы асабліва і не планавалі, стаў адным з асноўных у нашай дзейнасці.

– Колькі турыстаў штогод прыязджае ў бібліятэку? І ці сфарміраваўся ўжо партрэт асноўнага турыста?

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі – Каля 150 тысяч чалавек. Сустракаем аўтобусы турфірм, але часцей за ўсё гэта індывідуальныя наведвальнікі, якія проста прыязджаюць у госці ў Мінск і тады ўжо усёй кампаніяй, усёй сям’ёй прыходзяць да нас. Вельмі шмат моладзі – школьнікі, студэнты. Нас гэта, безумоўна, цешыць, бо менавіта на моладзь мы і разлічвалі, калі распрацоўвалі гэты праект.

– Калі палічыць прыбытак ад турыстычнай дзейнасці, то пра якую суму можа ісці гаворка?

– Разумееце, рубель сёння і рубель заўтра – гэта розныя рэчы, таму немэтазгодна казаць пра гэта ў грашовым эквіваленце. Скажу толькі, што гэтая сума не робіць для нас вялікага ўнёску ў фінансавым плане. Пазабюджэтная дзейнасць (а гэта не толькі экскурсіі) складае 5–7% ад нашага агульнага бюджэту. Трэба разумець, што бібліятэка – велізарны і дарагі аб’ект. І натуральна, што яе абслугоўванне вымагае шмат сродкаў. Гэтую суму ў асноўным пакрывае дзяржаўны бюджэт. Такая практыка ва ўсім свеце. І марныя намаганні тых, хто спрабуе сёння даказаць, што ўстановы культуры ці бібліятэкі павінны прыносіць вялікія грошы. Бібліятэка – адна з найстаражытнейшых устаноў у свеце і існуе ўжо тысячагоддзі. Але яшчэ ні ў кога не атрымалася зарабіць на ёй. Гэтая ўстанова ніколі не вяртала і не вяртае грошы сёння, наш працэс вяртання сродкаў расцягнуты на дзесяцігоддзі. Бо вельмі вялікая наша роля ў фарміраванні светапогляду чалавека. І ў некаторых краінах нацыянальным бібліятэкам наогул заканадаўча забаронена аказваць камерцыйныя паслугі.

– У пошуку турыстаў вы абапіраецеся на ўласныя напрацоўкі ці на супрацоўніцтва з турыстычнымі фірмамі?

 – Мы працуем у абодвух накірунках. Наша бібліятэка ўключана ва ўсе турыстычныя маршруты, і, паколькі гэта вядомы ва ўсёй краіне аб’ект, большасць кампаній самастойна выходзяць на нас. Мы самі больш працуем з установамі адукацыі і аддзеламі культуры. І маем сваё экскурсійнае бюро, праводзім уласныя экскурсіі. Самае простае для нас – гэта запрашэнне на аглядальную пляцоўку. Яна карыстаецца попытам, але разам з тым ніякіх дадатковых уліковых запісаў мы не робім. На дзяржаўныя і гарадскія святы, як вядома, ля сцен бібліятэкі збіраецца шмат людзей, і многія адпраўляюцца на вышыню паглядзець на панараму горада. Таксама мы праводзім азнаямляльныя экскурсіі, разлічаныя на 45 хвілін, ужо непасрэдна ў самой бібліятэцы. Ёсць экскурсіі па карцінных галерэях і ў музеі рэдкай кнігі. Так што ў нас заўсёды шмат наведвальнікаў!

Ёсць і арыгінальныя накірункі. Неяк сяджу ў кабінеце і чую аднекуль мелодыю саксафона. Выглянуў у акно – а там вяселле. Часта прыязджаюць не толькі маладыя з сябрамі, але цэлымі вяселлямі. Нам прыемна, што ствараецца новая сям’я і жыццё сваё яна пачынае з бібліятэкі. Зараз у нас з’явілася новая паслуга – «Дзень нараджэння ў Нацыянальнай бібліятэцы». Гэта вельмі падабаецца дзеткам, яны прыходзяць у бібліятэку і пакідаюць на памяць пра сябе запіс у гасцявой кнізе.

– Як чытачы ставяцца да такіх святаў? Ці не замінаюць яны іх працы?

– Трэба разумець, што мы перш за ўсё бібліятэка. Сюды прыходзяць працаваць у спакойнай і ўтульнай абстаноўцы як студэнты, так і прафесары, акадэмікі, таму мы мусім заўсёды захоўваць баланс, каб ніхто нікому не замінаў. Нядаўна сустракаўся з паважаным прафесарам у адным з універсітэтаў, дык ён абураўся нават: «Што я, малпа нейкая? Чаму я працую, а мяне ходзяць і разглядаюць праз шкло?» А нехта іншы будзе пытаць, чаму нельга прыйсці з малым дзіцем, якое пабегала б тут, паглядзела  на бібліятэку... Менавіта таму ўсе экскурсіі мы загадзя ўзгадняем, і маршруты распрацаваныя такім чынам, каб ніхто не перашкаджаў працы ў чытальных залах.

7

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаускайтэ на экскурсіі ў Нацыянальнай бібліятэцы

– Сам будынак Нацыянальнай бібліятэкі і некаторыя аб’екты, якія знаходзяцца ўнутры, часта выклікаюць крытыку. На ваш погляд, ці ўдалы ўсё ж гэта архітэктурны праект і ці пасуе ён для такой установы,  як бібліятэка?

Кожны такі будынак – гэта кантраст. Супрацьстаянне архітэктара і прыгажосці з бібліятэкарам-функцыяналам. І гэта вечная барацьба, таму што не заўсёды прыгожае з’яўляецца функцыянальным, а функцыянальнае – прыгожым. Мне падаецца, што ў гэтым будынку ў нас атрымалася дасягнуць балансу: мастацтва і функцыяналізму. Зразумела, што архітэктурны вобраз бібліятэкі – гэта мастацтва. Гэта асабліва выражаецца ў сімволіцы – дыямент знаходзіцца на подыюме. І задача была, як гэту прыгажосць спалучыць з  бібліятэчнай тэхналогіяй. Каб прыгажосць не замінала, а яе можна было б яшчэ больш падкрэсліць. Бо з функцыянальнага боку можна было б збудаваць куб, як раілі многія. Жалезабетонны куб – у ім лепш за ўсё роўненька ставіць стэлажы, на квадрацікі падзяліць залі, размясціць сталы, – і гатова. Але калі вось замест нашай бібліятэкі на праспекце стаяла б шэрая жалезабетонная будыніна ў 72 метры, не думаю, што гэта было б прыгожа.

– Вы сказалі, што атрымалася спалучыць тэхналогію з мастацтвам. У чым канкрэтна гэта праяўляецца?

 – Напрыклад, пераходы ператварылі ў карцінныя галерэі. Пайшлі на хітрыкі і са святлом. Будынак вялікі – дыяметр 200 метраў, таму святло зроблена ў выглядзе светлавых ніш, аздобленых карцінамі з шасці абласцей краіны. Дзякуючы гэтаму бібліятэка ператварылася ў месца сапраўднага адпачынку. Атрымалася таксама творча вырашыць асноўную праблему – шлях кнігі ад паліцы да чытача.  Можна было б схаваць кнігі ў танэлях – часткова мы пайшлі на гэта, але яшчэ ў нас з’явіўся тэлеліфт. І цяпер гэта не проста фунцыянальнае зручнае прыстасаванне, але яшчэ і сваеасаблівая атракцыя для турыстаў – цікава, як кніга праязджае праз усю бібліятэку.

Выкарыстаны самы высокі ўзровень тэхналогій, і гэта, безумоўна, цікавіць наведвальнікаў. Усе, хто вечарам падыходзіць да бібліятэкі, здзіўляюцца нашай падсветцы. Гэта чыста эстэтычная функцыя. Але насамрэч у гэтае шкло на 99% закладзены функцыянал. Дзякуючы такому аздабленню, некалькім шкляным сценкам, кнігі абароненыя ад перападу тэмпературы. І мы амаль не трацім грошы на падтрымку правільнага клімату ў кнігасховішчах – на працягу года стабільна маем +18 градусаў.

 

6

Карпаратыўны адпачынак супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі

– Як толькі ў Мінску пройдуць моцныя залевы, з’яўляецца інфармацыя, што бібліятэку падтапіла, яна перакасілася і нават можа рухнуць. Што з бяспекаю насамрэч?

– Гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Пад бібліятэкай свідравіны былі прабураныя сапраўды вельмі глыбока – каля ста метраў. І на глыбіні ёсць спрэсаваны торф. Але, па-першае, ён спрэсаваны, а па-другое, ён далёка за той мяжой, на якую прыпадае нагрузка фундамента бібліятэкі. Дарэчы, фундамент унікальны – выкананы па спецыяльнай тэхналогіі «сотаў». У Расіі толькі два будынкі такога тыпу. І я як дырэктар спачатку таксама хваляваўся, што будзе, калі мы завязем у бібліятэку фонд – можа, нам трэба раўнамерна яго размяшчаць, а то адзін бок нагрузім, а другі – не. Спецыялісты мяне адразу супакоілі: для такога будынку кнігі – гэта невялікі цяжар. Тым больш, ёсць нарматыўны працэс усадкі. Дык вось, наш будынак не сеў нават на 10% ад нормы. Так што бібліятэка стаіць трывала, не хістаецца. Таму турыстам і наведвальнікам пра бяспеку можна не хвалявацца.

 

– У бібліятэцы, апроч кніжных залаў, галерэі і рэстарацыі знаходзяцца спартыўныя залы. Ці гэта ідэя не супярэчыць канцэпцыі духоўнага аб’екту? Бо ў інтэрнэце можна адшукаць шмат негатыўных водгукаў на гэтую тэму...

– Я лічу, што ў чалавека мусіць быць гарманічнае развіццё: і духоўнае, і фізічнае. І мы наўмысна пайшлі на той крок – адкрылі ў бібліятэцы спартыўны зал. Ён карыстаецца вялікім попытам і ў нашых супрацоўнікаў, пра якіх мы клапоцімся, і ў іншых наведвальнікаў. Няма нічога дрэннага ў тым, каб пасля цяжкай разумовай дзейнасці некаторы час прысвяціць фізічнаму развіццю. Гэта своеасаблівы адпачынак для галавы. І ў тым, што ў адным будынку спалучылася столькі цэнтраў, – толькі плюсы. Яго можна назваць паўнавартасным сацыякультурным аб’ектам. Да таго ж, гэта адзіная бібліятэка ў свеце, дзе знаходзіцца рабочы кабінет прэзідэнта.

– Прэзідэнт насамрэч у ім працуе?

 – Так, гэта сапраўдны рабочы кабінет, а не музей. Дзеля гэтага спецыяльна пабудаваны залы самітаў. Гэта значыць, што бібліятэку амаль кожны дзень наведваюць высокія госці. Няма ніводнай высокай дэлегацыі, якая прыязджала б у нашу краіну і абмінула Нацыянальную бібліятэку. А наша гасцявая кніга па адных толькі запісах і аўтографах ахоплівае геаграфію ўсяго свету.

– А ці часта атрымліваецца асабіста ў вас вандраваць па свеце, адкрываць для сябе новыя краіны?

 –  У сілу прафесійнай дзейнасці я часта езджу па свеце. Напрыклад, нядаўна быў у Астане. Гэта сучасны горад, які будаваўся, як Вашынгтон. Усё адно як з чыстага ліста пачыналі – намалявалі схему дамоў і збудавалі камфортны праект. Еўрапейскія гарады развіваюцца інакш. Калі там ёсць хоць адзін старэнькі домік, то дарога будзе яго абмінаць, і будынак захаваюць, таму там так шмат кручастых вулачак. Яны мне вельмі падабаюцца. І ў гэтым сэнсе самы любімы горад – Вена. Але і па Беларусі з сям’ёй вандруем часта. Наша краіна экзатычная прыродай і гістарычнымі палацамі і замкамі. Напрыклад, Белавежская пушча, замкі ў Ружанах і Нясвіжы. Вельмі важна ведаць сваю гісторыю і шанаваць спадчыну. Часам беларусы гатовыя з’ездзіць у далёкую Італію, а не ведаюць, што адбываецца ў сябе пад бокам. Асабіста мне вельмі прыемна, што аднаўляюцца Мір і Нясвіж. Вельмі хацелася б, каб у Нясвіжы аднавіўся яшчэ і парк. Таму што ён па сваёй унікальнасці, прыгажосці і значнасці для Беларусі і Еўропы не саступае замку. Зусім нядаўна было адкрыццё брамы ў замку Сапег. Гэта вельмі ўзрадавала мяне, бо, здаецца, зусім нядаўна там быў, і сэрца плакала, калі бачыў гэтыя руіны, якія зараслі бур’яном. Вельмі крыўдна, што такое адбываецца з гісторыяй і памяццю народа. Але зараз ідзе аднаўленне, і ёсць спадзяванні, што помнікі яшчэ парадуюць нас сваёй велічнасцю.

2 

На адпачынку з сям'ёй

Наогул я досыць актыўны турыст. І ўсе сябры ведаюць, што ў мяне заўсёды з сабой сумка з неабходнымі рэчамі для плавання. Найлепшае мора, я лічу, у Чарнагорыі. Дый сама краіна вельмі добразычлівая. Але так далёка не заўсёды паедзеш, а вось выбрацца ў горад на ровары я вельмі люблю. Мяне можна ўбачыць і ўздоўж Нацыянальнай бібліятэкі. Зімою станаўлюся на лыжы. Вельмі добра, што пад Мінскам з’явіліся такія цэнтры, як Сілічы і Якуцкія горы. Усяго трыццаць хвілін ад сталіцы – і ты на снежнай гары.

4

Актыўны турызм - на Якуцкіх горах

Як кіроўца я вельмі акуратна паводжу сябе за стырном, таму ўсю энергію і адрэналін выплёскваю на кручастых снежных горах. А пасля ўжо можна вяртацца ў кабінет, сядаць у скураное крэсла і спакойна займацца работай.

Ад рэдакцыі. 25 жніўня Міністэрства культуры ўзнагародзіла Рамана Матульскага  знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Рэдакцыя шчыра віншуе дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі і жадае яму далейшых поспехаў у прафесіі.

https://www.traditionrolex.com/8