https://www.traditionrolex.com/8
<p>На мінулым тыдні Пружанскі раён наведалі прадстаўнікі Дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызма, а таксама  гасцінічнага бізнесу</p>

Як паведамляе газета  «Раённыя буднi» (Пружаны):

На мінулым тыдні раён наведалі прадстаўнікі Дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызма, а таксама  гасцінічнага бізнесу. Мэта іх прыезду — узвядзенне аб’ектаў сервісу каля дарожнага абходу Белавежскай пушчы. Раённыя ўлады арганізавалі для іх паездку па новай дарозе, дзе на вызначаных кропках адбыліся сустрэчы з патэнцыяльнымі інвестарамі. Нагадаем, што дарожны абход мяркуецца запусціць у эксплуатацыю ў пачатку лістапада бягучага года. Як і аб’екты прыдарожнага сэрвісу, да якіх адносяцца кафэ, крамы, матэлі або аўтазаправачныя станцыі ў стомятровай зоне ад дарогі. І калі сама шаша вось-вось пачне эксплуатавацца, дык з сэрвісам справы кепскія.

Памятаю, як на адным з пасяджэнняў з зацікаўленымі асобамі наконт гэтага пытання старшыня райвыканкама А.І. Юркевіч зазначыў, што калі ў час праектавання было вельмі многа жадаючых, з-за чаго меркавалася акупіць будаўніцтва за кароткі час, то зараз дзяржаўныя арганізацыі маўчаць. А меркавалася ўзвесці некалькі АЗС, кафэ і гасцініц… І гэта пры тым, што на турыстычнай карце Еўропы Беларусь выглядае белай плямай. Часта, як расказалі высокія госці, на сайт Дэпартамента па турызму заходзяць прадстаўнікі масавага руху «каравайнераў», якія жадаюць пазнаёміцца з беларускай прыродай. Але ім не могуць прапанаваць ніводнай кропкі, дзе ёсць хаця б мінімальныя зручнасці для турыстаў.

Усяго на тэрыторыі раёна (а тут праходзіць амаль 90 кіламетраў дарожнага абходу) запланавана дзесяць аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. З аўкцыёнаў рэалізаваны толькі два ўчасткі. Гаспадар аднаго з іх – ААТ «Жураўлінае» – робіць праект будучага турыстычнага комплекса. А вось прыватны інвестар пакуль марудзіць.

Дарога_3834

Такая неактыўнасць тлумачыцца як аб’ектыўнымі, так і суб‘ектыўнымі фактарамі. Менавіта пра іх і шляхі вырашэння праблем ішла гутарка. Сярод жадаючых, якія прыехалі на сваеасаблівыя сходы, былі інвестары з Мінска і прадстаўнік італьянскага бізнесу. У ходзе сустрэч была агучана інфармацыя пра запланаваны шэраг змяненняў у адпаведную нарматыўную базу. У прыватнасці, спецыяліст Дэпартамента па турызму А.М. Мартынаў расказаў, што мяркуецца ўвогуле адмовіцца ад правядзення аўкцыёнаў пры размеркаванні ўчасткаў для стварэння прыдарожных аб’ектаў.

Некаторыя навінкі ўжо ўступілі ў сілу. Напрыклад, у адпаведнасці з Указам № 245 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інвестары на ўвесь перыяд будаўніцтва, а таксама на два гады дзеяння аб’екта вызваляюцца ад зямельнага падатку і арэнднай платы. Магчыма, у будучым капіталаўкладальнікі будуць яшчэ вызвалены і ад уплаты падатку на дабаўленую вартасць. Увогуле, паводле слоў Андрэя Міхайлавіча, многія праекты змяненняў ужо гатовыя і разглядаюцца кіраўніком дзяржавы. Аднак, хутчэй за ўсё, карыстацца імі будуць тыя, хто сёння ўжо галасуе за іх правядзенне сваім рублём.

Пра магчымасці раёна і мясцовых улад інвестарам расказалі намеснікі старшыні райвыканкама М.П. Кудравец і В.М. Зубко. Яны ж і наглядна пазнаёмілі бізнесменаў з прапануемымі ўчасткамі. Прапановы выклікалі пэўную цікавасць, хаця прагучалі і песімістычныя выказванні наконт акупнасці капіталаўкладанняў. Што ж, як сведчыць гісторыя, яшчэ тры дзясяткі гадоў таму турэцкія ўзбярэжжы таксама былі простымі рыбацкімі пасёлкамі. А цяпер?

Алег Сідарэнка, фота аўтара.

https://www.traditionrolex.com/8