https://www.traditionrolex.com/8
<p>Яўген  Сахута: "Добра, што ў нас, беларусаў, адкрыліся вочы..."</p>

Як паведамляе "Белорусская нива":

"Добра, што ў нас, беларусаў, адкрыліся вочы..."

ЯК СЁННЯ адраджаюцца народныя рамёствы і промыслы ў розных рэгіёнах рэспублікі, і, увогуле, ці развіваюцца яны? Ці можа нацыянальны касцюм быць сувенірам? На гэтыя і іншыя пытанні «БН» адказвае Яўген САХУТА, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства.

— Успамінаецца савецкі перыяд, калі я спяшаўся сабраць нейкія звесткі пра народныя промыслы і рамёствы, таму што яны занепадалі проста на вачах. Таму былі розныя прычыны: і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя. Аб’ектыўныя вядомы ва ўсім свеце: наступленне навукова-тэхнічнага прагрэсу выцясняе ручную вытворчасць. Зразумела, калі ёсць тканіны прамысловыя, няма патрэбы іх ткаць уручную, калі ёсць посуд прамысловы — фарфоравы, фаянсавы, шкляны, металічны — навошта садзіцца за ганчарны круг? Па гэтай прычыне народныя рамёствы і промыслы ў краінах Заходняй Еўропы прыйшлі ў заняпад яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя. Цяпер еўрапейцы пачынаюць з нуля адраджаць многія рамёствы і промыслы, — распавядае Яўген Міхайлавіч. — А суб’ектыўная прычына — у грамадстве складвалася думка пра народныя рамёствы і промыслы як атрыбут учарашняга дня, адсталай вёскі. А ў краязнаўчых музеях народную культуру нярэдка паказвалі ў выглядзе зламанага калаўрота і падраных лапцей. І рамёствы, казалі некаторыя, адыдуць у нябыт разам са старой вёскай, разам са старым побытам. І такія думкі ўкараніліся ў свядомасці саміх народных майстроў старэйшага пакалення. Традыцыйныя народныя рамёствы маглі прыйсці да поўнага заняпаду, але тут насталі часы перабудовы, а потым Беларусь атрымала незалежнасць.

1

— Прыйшлі значныя змены?

— Проста цяжка паверыць, але за некалькі гадоў карціна карэнным чынам памянялася! Я назіраў і думаў, што гэта нешта штучнае. А потым прыйшоў да высновы, што гэта — натуральны працэс адраджэння шырокай цікавасці да набыткаў нацыянальнай культуры, і перш за ўсё традыцыйнай. Відаць, у нас, беларусаў, адкрыліся вочы: мы ледзьве не страцілі важнейшы пласт нацыянальнай культуры, які вызначае нас як народ. Мы сталі самастойнай дзяржавай, самастойным народам, значыць, у нас падсвядома пачалі з’яўляцца думкі: «А чым жа мы вызначаемся ў супольнасці еўрапейскіх народаў? Дык гэта традыцыйнай культурай!» І вось шырока сталі адраджацца розныя абрады, традыцыйныя святы і, заадно, рамёствы і промыслы: ткацтва, лозапляценне, мастацкае кавальства, выцінанка, многія віды ганчарства. Якое традыцыйнае рамяство ні возьмеш — бачым, што яно пачынае актыўна вяртацца з небыцця і ўключацца ў сучасныя культурныя працэсы.

— Яўген Міхайлавіч, у якім выглядзе сёння адраджаюцца промыслы і рамёствы? Ці ёсць практычная патрэба ў тых вырабах, якія ствараліся раней?

— Заўсёды ў нас рамёствы і промыслы мелі практычны характар. Адзенне шылі, каб яго насіць, посуд — каб ім карыстацца, прылады працы — для работы. У нашых продкаў гэта былі бытавыя альбо рэчы абрадавага прызначэння. Большасць з гэтых вырабаў мела таксама і мастацкі характар. Падсвядома ў чалавека была патрэба надаць ім пэўную прыгажосць.

Сёння практычная патрэба ў большасці рамесніцкіх вырабаў традыцыйнага характару адпала. Гэта працэс аб’ектыўны. Большасць з нас карыстаецца прамысловым посудам, мы не апранаем традыцыйнае адзенне, а носім сучаснае, еўрапейскае. І будзем насіць, няма патрэбы вяртацца да мінулага. І прылады працы прамысловага вырабу — практычныя, зручныя і адносна танныя.

— На якой жа аснове сёння адраджаюцца народныя промыслы і рамёствы?

— Перш за ўсё адраджаюцца менавіта мастацкія промыслы і рамёствы, або мастацкі характар набываюць традыцыйныя вырабы. І лепшага нацыянальнага сувеніра, чым вырабы народных майстроў, не знойдзеш.

— А ці можа традыцыйнае адзенне быць сувенірам?

— Любы ўзор сучаснага майстра народнай творчасці можа быць сувенірам, у тым ліку і традыцыйны касцюм. А якія шыкоўныя, прыгожыя камплекты адзення вырабляюць некаторыя нашы мастакі-мадэльеры на аснове традыцыйнага адзення! І яны, без сумнення, могуць быць сувенірамі. Сувенірам можа быць любы выраб ручнога характару з нацыянальнай адметнасцю.

— Яўген Міхайлавіч, развіццё промыслаў і рамёстваў ідзе ў нейкіх культурных цэнтрах ці гэта — прэрагатыва сем’яў?

— Традыцыйны механізм перадачы і пераемнасці традыцый — на ўзроўні сям’і: ад бацькоў да дзяцей, ад бабуль — да ўнукаў. У нашы дні гэты механізм амаль цалкам адышоў у нябыт і захоўваецца, мабыць, толькі ў моцных вясковых сем’ях.

Пра гарадское асяроддзе не кажу, таму што там працэс перадачы традыцый мае сучасныя формы. Скажам так — арганізаваныя. Гэта — гурткі, студыі, школы, нават ВНУ, і найбольш папулярная форма — дамы і цэнтры рамёстваў. Сёння іх у Беларусі каля сотні.

— Дзе іх больш за ўсё?

— У Віцебскай вобласці, якая першая пачала гэтую практыку — у кожным раёне ствараць дом або цэнтр рамёстваў. Іншыя вобласці падцягваюцца.

2

— Яўген Міхайлавіч, якія асаблівасці развіцця народных промыслаў і рамёстваў у розных рэгіёнах?

— Калі сто гадоў назад праз кожную сотню кіламетраў можна было знайсці ганчарны цэнтр, то сёння такога няма. Няма масавасці і ў ткацтве, у іншых рамёствах.

Хаця ёсць вельмі прыемныя выпадкі, калі мясцовыя традыцыі адраджаюцца вельмі актыўна, прыкметна. Пачнём з Віцебшчыны.

Гадоў трыццаць таму назад гэты рэгіён лічыўся ледзьве не пустым краем у галіне народнай культуры, і, у прыватнасці, рамёстваў і промыслаў. Па-першае, гэты рэгіён раней закранула цывілізацыя, яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя там перасталі насіць народнае адзенне. Потым Другая сусветная вайна моцна спаліла гэты рэгіён і людзей панішчыла.

Але як толькі насталі новыя часы, на Віцебшчыне з’явіліся спецыялісты-энтузіясты, якія паставілі канкрэтную задачу — адрадзіць тое, што можна, і сёння Віцебская вобласць задае тон усёй Беларусі па адраджэнні традыцый. Ім удалося шмат. Нават тое, што, думалася, не ўдасца. Адрадзілі той жа народны касцюм. Адна справа — на Палессі, дзе ён захаваўся да нашых дзён, а іншая — у іх. Каб адрадзіць яго на Віцебшчыне, збіралі рэдкія ўспаміны, уцалелыя фрагменцікі.

Лепельскі Дом рамёстваў адрадзіў традыцыі народнага касцюма свайго рэгіёна і прадстаўляе на святах іх цэлыя камплекты: гарадскога, мяшчанскага, сельскага. Проста дзіву даешся, як ім гэта ўдалося! Гарадоцкі, Браслаўскі цэнтры рамёстваў робяць тое самае. Сёння Віцебшчына можа рабіць сапраўдную выстаўку адроджанага традыцыйнага касцюма!

Дарэчы, раней Віцебская вобласць была вядомая тым, што там захоўвалася рэдкая традыцыя — разрэджанае ткацтва, былі там асяродкі ганчарства, але яны заняпалі. Тамтэйшыя майстры ставяць задачу адрадзіць што можна. Той жа Гарадоцкі Дом рамёстваў вярнуў з небыцця і разрэджанае ткацтва, і гартаваную (рабую) кераміку.

4

— А на Брэстчыне, у процілеглым баку?

— Сітуацыя трохі іншая. На Брэстчыне, асноўную частку якой складае палеская частка, многія рамёствы і промыслы жывуць у сваім традыцыйным выглядзе. Праўда, ужо не ў такім масавым. Там у свой час існавалі ганчарныя асяродкі, дзе было аж па дзвесце—трыста ганчароў. Яны заняпалі цалкам, альбо, як у той жа Гарадной Столінскага раёна, працуюць з дзясятак ганчароў. Затое яшчэ папулярныя ткацтва, вышыўка. Зойдзеш у палескую хату, а яна ўся — як райскі сад, аздоблена вышыванымі ўзорамі.

На Брэстчыне не адкрываюць спецыяльна дамы рамёстваў, якія звычайна размяшчаюцца ў райцэнтрах. Яны пайшлі па іншым шляху: калі ў нейкай вёсцы папулярна пэўнае рамяство — арганізоўваецца школа, да яе прымацоўваецца мясцовая моладзь… Іванаўскі раён славіўся сваім бондарствам. Там арганізавалі школу бондарства, людзі старэйшага пакалення навучаюць моладзь. Яны вывозяць цэлыя выстаўкі на розныя святы. Іх вырабы — і практычныя, і прыгожыя.

У вёсцы Падбела Камянецкага раёна раней бытавала традыцыя ткацтва двухасноўных дываноў, характэрная для захаду Беларусі. Там арганізавалі школу, дзе вучаць дзяцей. Замежныя госці купляюць такія работы з задавальненнем.

У Ганцавіцкім раёне — багатыя традыцыі ткацтва ручнікоў, яны і прадаўжаюцца ў мясцовым Доме рамёстваў.

Шмат яркіх выпадкаў, калі пры зацікаўленых адносінах, перш за ўсё дзяржавы, можна адрадзіць тыя ці іншыя віды рамёстваў і промыслаў.

— А што ў іншых рэгіёнах?

— На Міншчыне дамоў рамёстваў дзесьці каля пятнаццаці. Вядзецца актыўная праца па адраджэнні ткацтва на поўдні вобласці — у Старадарожскім, Капыльскім, Слуцкім, Салігорскім раёнах. Скажам, у Семежаве Капыльскага раёна арганізаваны Дом ткацтва. У Старых Дарогах ужо прайшло пяць абласных святаў-конкурсаў «Матчыны кросны».

Яркі прыклад — Магілёўшчына. Да апошняга часу там не было вялікай зацікаўленасці да рамёстваў і промыслаў. Калі ў 2006 годзе прайшла Другая нацыянальная выстаўка сучаснай народнай творчасці «Жывыя крыніцы», дзе было звыш пяцісот удзельнікаў з усёй Беларусі, то з Віцебшчыны прадставілі работы сто трыццаць майстроў, а з Магілёўшчыны — толькі трыццаць. Сёння, на шчасце, карціна памянялася: Магілёўшчына выходзіць на вядучыя пазіцыі па колькасці майстроў, якія займаюцца рамёствамі і промысламі. Яскравы прыклад: калі з’яўляецца зацікаўленасць на абласным, а значыць, і на мясцовым узроўні, пачынаецца канкрэтная праца — і майстры аднекуль з’яўляюцца, і культура адраджаецца, і моладзь пачынае цікавіцца рамёствамі і промысламі.

Цяпер колькі слоў пра Гомельшчыну. Яе палеская частка багатая на традыцыйную культуру, але вельмі слаба яна бывае прадстаўлена на рэспубліканскім узроўні: выстаўках, святах, фестывалях. Калі ў Петрыкаўскім раёне святкавалі «Зов Полесья» — і майстры знайшліся, і падворкі цудоўныя арганізавалі.

На Гродзеншчыне праца па адраджэнні промыслаў і рамёстваў таксама вядзецца, але пакуль не вылучаецца нейкімі адметнасцямі. Гэты край таксама рана зазнаў адзнакі цывілізацыі, таму многае прыходзіцца адраджаць з нуля.

Да апошняга часу там таксама бытавала падвойнае ткацтва — у Свіслацкім і Гродзенскім раёнах, на мяжы з Польшчай. Пакуль не знайші магчымасць надаць гэтаму рамяству новае жыццё, хаця там яшчэ жывуць некалькі ткачых. Бытуюць у Гродзенскай вобласці такія ж віды рамёстваў, як і ў іншых рэгіёнах: разьбярства, ганчарства, пляценне з розных відаў матэрыялаў.

Дарэчы, калі я ўжо гаварыў, што сёння народныя рамёствы па аб’ектыўных прычынах трацяць сваю рэгіянальную адметнасць, то яркі прыклад — саломапляценне. Гэта той нацыянальны феномен, які практычна адрадзіўся яшчэ ў мінулым стагоддзі, але на новай аснове. Гэта ўжо не абрадавыя вырабы, не бытавыя рэчы, а сучасная мастацкая прадукцыя.

— Сёння адчыняецца многа турыстычных сядзіб. Можа, трэба майстрам наладзіць з імі супрацоўніцтва?

— Вядома, нашы рамёствы і промыслы трэба ўсяляк прапагандаваць, каб пра нашу культуру ведалі за мяжой. Можна паказваць турыстам дамы рамёстваў. Ды і падарожнікі бываюць на розных кірмашах, музычных фестывалях, на «Славянскім базары», «Дажынках».

А агра- і экасядзібы — гэта перспектыўны напрамак. Сёння колькасць іх набліжаецца да тысячы. На жаль, мала каторыя з іх зроблены ў нацыянальным стылі, няшмат гаспадароў звяртаецца да набыткаў традыцыйнай культуры. Ёсць толькі рэдкія выпадкі, калі мясцовыя народныя майстры запрашаюцца на аграсядзібы. А дарэмна. Калі там будзе працаваць ганчар, ткачыха, гэта будзе найлепшая рэклама сядзібе…

— Дзякуй за цікавую размову, Яўген Міхайлавіч!

Вера ГНІЛАЗУБ

Фота Мікалая ВАЛЫНЦА

https://www.traditionrolex.com/8