https://www.traditionrolex.com/8
<p>У нас шмат цікавых сядзіб са сваёй адметнасцю: дзесьці з народнымі абрадамі па­знаёмяць, дзесьці хлеб выпекуць. Адпачывальнікі не прывязаныя да рэжыму, як у здраўніцах, яны могуць выбіраць, на колькі дзён спыніцца. Да таго ж і ў іх ёсць магчымасць карыстацца паслугамі здраўніц: уладальнікі сядзібы дадуць усю інфармацыю, як гэта можна зра­біць</p>

Як паведамляе «Нарачанская зара»:

Яшчэ некалькі год таму мала хто і ведаў пра такое паняцце як аграсядзіба, а цяпер яна становіцца адным з папулярных месцаў адпачынку.

Тым больш у прывабным для турыстаў Нарачанскім краі: недарэмна ж Мядзельскі раён з’яўляецца адным з лідараў па колькасці аграсядзіб у вобласці. Які ж стан і перспектывы развіцця аграэкатурызму ў Нарачанскім краі? Пра гэта пагутарылі з намеснікам старшыні райвыканкама Н. В. Герновіч.

– Надзея Віктараўна, колькі ўсяго аграсядзіб зарэгістравана ў раёне?

– На сёння – 53. Першыя сядзібы зарэгістраваны ў 2007 годзе, яны працуюць і зараз. Уся праца будуецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта краіны ад 2 чэрвеня 2006 года № 372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь».

– Што трэба, каб зарэгістраваць аграсядзібу?

– Неабходна пастаянна пражываць у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх пасяленнях (сюды ўваходзіць і Мядзел). Трэба мець дом. Будынак павінен быць завершаны і прыняты ў эксплуатацыю, адпавядаць устаноўленым санітарным і тэхнічным патрабаванням – там му­сіць быць чыста і акуратна. Таксама неабходна весці падсобную гаспадарку. Заўважу, што нельга блытаць агратурызм з гасцінічным бізнэсам: у гасці­ніцы лю­дзі проста начуюць, а тут ідзе знаёмства з сельскім бытам. Таму і павінен быць прысядзібны ўчас­так, агарод.

На жаль, на Мядзельшчыне ў галіне агратурызму працуюць толькі фізічныя асобы, хаця заканадаўства дазваляе адкрываць такія аб’екты і юрыдычным – сельскагаспадарчым арганізацыям. Чаму б гэтым не заняцца нашым гаспадаркам на базе тых жа калгасных домікаў? Бо аграсядзібы даволі запатрабаваны ў людзей.

- Якая ж падтрымка аказваецца іх гаспадарам?

– Найперш, у нас працуе рабочая група па развіцці агратурызму. Звярнуліся да нас жадаючыя пачаць справу – на працягу аднаго-двух дзён стараемся выехаць на месца, падказаць, што трэба зрабіць, каб прапанаваць турыстам дастойныя ўмовы. Адзначу, што дзейснай падтрымкай з’яўляецца крэдытаванне аграэкасядзіб, якое ажыццяўляе  «Белаграпрамбанк». У раёне выда­дзена 9 такіх крэдытаў. Праўда, многія памылкова лічаць, што крэдыт можа выдавацца для стварэння сядзібы. Не, ён выдаецца толькі на развіццё. Напрыклад, захацеў гаспадар пабудаваць лазню, альтанку, купіць веласіпеды.

Каб пра аграсядзібы Мядзельшчыны маглі даведацца з дапамогай інтэрнэту, на сайце райвыканкама размясцілі інфармацыю пра кожную з іх. Плануем правесці семінар для ўладальнікаў сядзіб, на якім з імі падзеляцца патрэбнамі ў рабоце інфармацыяй і ведамі. Хацелася б, каб гэта дапамагло аб’яднаць гаспадароў, яны мелі магчымасць кааперыравацца. Напрыклад, калі прыязджае вялікая група, то яе можна размясціць у некалькіх сядзібах.

– Нядаўна з’явіўся дакумент, які рэгламентуе гігіенічныя патрабаванні да дзейнасці аграсядзіб…

– Так, зацверджана у пастанове Міністэрства аховы здароўя № 73 ад 21 ліпеня 2011  года «Санітарныя нормы, правілы і гігіенічныя нарматывы «Гігіенічныя патрабаванні да ўмоў і арганізацыі ажыццяўлення фізічнымі асобамі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі дзейнасці па аказанні паслуг у сферы агратурызму». Згодна з ёй, жылыя дамы, месцы грамадскага карыстання і прылеглая тэрыторыя сядзібы павінны ўтрымлівацца ў чысціні. Асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць па аказанні паслуг у сферы агратурызму, штогод павінны праходзіць рэнтгенафлюараграфічнае даследаванне органоў грудной клеткі. Таксама ў пастанове вызначаны патрабаванні да харчовых прадуктаў, абсталявання і эксплуатацыі сістэм водазабеспячэння і г. д.

- Надзея Віктараўна, якія водгукі ідуць пра нашы аграсядзібы?

- Турысты задаволены, у захапленні ад гасціннасці нашых людзей, прыроды. Падобны адпачынак запатрабаваны не толькі ў беларусаў. Любяць прыязджаць расіяне, былі госці з Амерыкі, Германіі, Кітая, Турцыі і іншых краін. Аграсядзібы на Мядзельшчыне разлічаны на самага рознага спажыўца: можна выбраць ад простага вясковага доміка, але прыгожа аформленага, да катэджаў з більярдам і іншымі забавамі. У нас шмат цікавых сядзіб са сваёй адметнасцю: дзесьці з народнымі абрадамі па­знаёмяць, дзесьці хлеб выпекуць.

– Як бы вы ацанілі перспектывы падобнага адпачынку?

– Гэта вельмі перспектыўна. Адпачывальнікі не прывязаны да рэжыму, як у здраўніцах, могуць выбіраць, на колькі дзён спыніцца. Да таго ж у іх ёсць магчымасць карыстацца паслугамі здраўніц: уладальнікі сядзібы дадуць усю інфармацыю, як гэта можна зра­біць. І з харчаваннем могуць па-рознаму дамовіцца: ці то самі прыгатаваць, ці гаспадары пастараюцца.

– І на заканчэнне размовы такое пытанне: што б хацелі пажадаць уласнікам аграсядзіб?

– Каб развівалі сваю справу, прапаноўвалі разнастайныя паслугі. Хацелася б, каб гаспадары аграсядзіб больш прыцягвалі ўвагу турыстаў да адметных мясцін азёрнага краю. У раёне распрацавана шмат экскурсійных маршрутаў: можам прапанаваць водныя, пешыя і нават конныя. Нядаўна ізраільскія турысты захацелі паслухаць беларускія песні, павучыцца нашым танцам. Аддзел культуры падрыхтаваў сваю праграму, і мядзельскія артысты выступілі на аграсядзібе. Госці былі ў захапленні. Значыць, будзем і такую форму работы развіваць.

А тым, хто яшчэ толькі думае пра адкрыццё аграсядзібы, параіла б смялей ісці ў гэтую справу. Бо ёсць тэндэнцыя: калі хто-небудзь у вёсцы пачынае займацца агратурызмам, то і іншыя падцягваюцца.

Гутарыў Аляксандр ВЫСОЦКІ

https://www.traditionrolex.com/8