https://www.traditionrolex.com/8
<p>Ёсць у  музеі і этнаграфічная хатка з тыповымі для рэгіёна мэбляй,   вопраткай,  маляванымі і тканымі дыванамі. Цікавасць выклікаюць стэнды,   прысвечаныя перыяду  Першай сусветнай вайны...</p>

Як паведамляе «Народнае слова»:

На цэнтральнай плошчы Паставаў у двухпавярховым будынку XVIII стагоддзя месціцца краязнаўчы музей, які сёлета адсвяткаваў сваё 35-годдзе.

Адзінае, што засмучае яго супрацоўнікаў: музей мае вельмі ўжо невялічкія экспазіцыйныя і выставачную залы. Нездарма ўжо не першы год у паветры лунае ідэя аб перасяленні асноўных фондаў у вялікі палац Тызенгаўзаў.

Ідэю цалкам падтрымлівае цяперашні яго «ўладальнік» галоўны ўрач раённай бальніцы Уладзімір Чакавы. Але і зараз у музеі ёсць на што паглядзець. Цікавую экскурсію для мяне правёў старшы навуковы супрацоўнік установы Вадзім Шышко.

У гэты дзень тут экспанаваліся музычныя інструменты Паазер’я з калекцыі калег браслаўчан. І на чым толькі, аказваецца, не гралі нашыя продкі! Бразготкі адчыненыя і зачыненыя, калатушкі, трашчоткі. А вось і дыятанічныя цымбалы, якія некалі выраблялі ў тутэйшай вёсцы Груздава, самаробныя гармонікі… Сярод уласна беларускіх інструментаў «зацясаліся» нямецкі акардэон і італьянская мандаліна.

Ёсць у музеі і этнаграфічная хатка з тыповымі для рэгіёна мэбляй, вопраткай, маляванымі і тканымі дыванамі. Цікавасць выклікаюць стэнды, прысвечаныя перыяду Першай сусветнай вайны. Не дзіва: тут жа тры гады стаяў фронт. Польская акупацыя, калектывізацыя, сталінскія рэпрэсіі. Дырэктар Раіса Курачэнка заўважае, што ў музеі ёсць спісы рэпрэсіраваных з заходняга рэгіёна, па якія могуць звяртацца сваякі бязвінна асуджаных у той страшэнны час. Ёсць экспанаты часоў Вялікай Айчыннай, зала прыроды…

А гісторыю пра ўнікальны габелен, які перадала музею наша былая суайчынніца, што зараз жыве на Кубе, можна слухаць з вуснаў Раісы Леанідаўны гадзінамі. Перад вачыма паўстаюць фрагменты жыцця кавалерыйскай школы ў Паставах, фундатарам якой быў граф Пшаздзецкі, ягоны шчодры падарунак сыну свайго садоўніка. Яшчэ, аказваецца, менавіта пастаўскія танцоры стаялі ля вытокаў знакамітай балетнай школы Санкт-Пецярбурга. У горадзе быў створаны першы ў Еўропе арніталагічны цэнтр, дзе захоўваліся чучалы трох тысяч птушак з усіх кантынентаў.

Заходзьце раз-пораз і ў свае мясцовыя музеі! Не забывайцеся, што апрача фізічнай ежы ёсць і духоўны спажытак. Варта спалучаць гэтыя два паняцці…

Алесь Бынькоў

https://www.traditionrolex.com/8