https://www.traditionrolex.com/8
<p>За круглым сталом у рэдакцыі "Народнай газеты" гаварылі і аб захаванні таго,  што  маем, і аб аднаўленні таго, што разбураецца, і аб тым, як  прыцягнуць  увагу і замежных турыстаў, і саміх беларусаў да найбагацейшай  спадчыны  нашай краіны, якую, як паказаў праект “Сем цудаў Беларусі”,  нам яшчэ  адкрываць і адкрываць...</p>

Як паведамляе "Народная газета":

Найбагацейшую спадчыну нашай краіны нам разам яшчэ адкрываць і адкрываць...

Збіраючыся праводзіць круглы стол па выніках галасавання ў праекце “Сем цудаў Беларусі”, мы меркавалі, што гутарка перш за ўсё пойдзе пра тыя аб’екты, якія сталі пераможцамі, і пра фіналістаў, якія былі ўсяго за крок ад запаветнай сямёркі. Так яно і атрымалася напачатку. Але паколькі за круглым сталом у рэдакцыі сабраліся людзі нераўнадушныя, размова павярнула ў больш шырокае рэчышча: гаварылі і аб захаванні таго, што маем, і аб аднаўленні таго, што разбураецца, і аб тым, як прыцягнуць увагу і замежных турыстаў, і саміх беларусаў да найбагацейшай спадчыны нашай краіны, якую, як паказаў праект “Сем цудаў Беларусі”, нам яшчэ адкрываць і адкрываць...

Валянцін МАЗЕЦ, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Андрэй КУЗЬМІЧ, начальнік аддзела зямель і ландшафтаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Генадзь ЛАЎРЭЦКІ, кандыдат мастацтвазнаўства, архітэктар

Анатоль КАРАТКЕВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік  навуковага аддзела Нацыянальнага парку “Нарачанскі”

Іна АЎСЕЙЧЫК, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея

*** 

Чаму не трапіў у сямёрку палац Радзівілаў?

“НГ”: Усе аб’екты, якія трапілі ў фінал дзякуючы таксама галасаванню чытачоў, вартыя звання цуду, многія з іх — неаспрэчныя сімвалы нашай краіны, іх больш, чым сем, гэта несумненна. Але выбар чытачоў (а галасавалі на ўсіх этапах сотні тысяч людзей) атрымаўся менавіта такі: Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць, возера Нарач, Сафійскі сабор у Полацку, касцёл у вёсцы Будслаў, Мірскі замак, Бабруйская крэпасць. Зусім невыпадкова, напэўна, што ў гэтым выбары — і аб’екты прыроды, і храмы, і абарончыя збудаванні. Вымалёўваецца, можна сказаць, прынцып жыцця беларусаў: шанаваць тое, што маем, жыць з верай у сэрцы, ніколі не нападаць, але заўсёды быць гатовымі абараняцца...

Генадзь ЛАЎРЭЦКІ: Гэта сапраўды цікава, што ў спіс пераможцаў трапілі абсалютна розныя па сваёй сутнасці аб’екты. З аднаго боку, гэта прыродныя цуды, з другога — магутныя архітэктурныя комплексы. Тое, што Брэсцкую крэпасць, дарэчы, як і Бабруйскую, выбралі столькі людзей, гаворыць пра памяць аб подзвігу продкаў. Беларусь — край азёрны, і гэта немагчыма было не адзначыць у выніках праекта. Беларусь да таго ж краіна замкаў. Таму нездарма ўвайшоў у сямёрку Мірскі замак. Сафійскі сабор і Будслаўскі касцёл адлюстроўваюць канфесійную сітуацыю ў краіне. Усё вельмі лагічна. Выбраныя цуды выдатна прадстаўляюць нашу Радзіму —  краіну замкаў, азёр і лясоў,  краіну гераізму і верацярпімасці. Чаму з сямёркі выпаў палац Радзівілаў? Тут ужо пытанне.

Іна АЎСЕЙЧЫК: Гэта можна растлумачыць такім чынам. Нашы турысты больш за ўсё любяць пахадзіць, нават палазіць пад скляпеннямі, сярод крапасных сцен, нават па руінах... Ім падабаецца спускацца ў падзямеллі і падымацца на вежы, адчуваць дух часу на сабе. А  Нясвіжскі замак, хоць ён і агульнавядомы, пакуль што не даступны для такога вось наведвання, калі можна пагуляць па калідорах палаца, судакрануцца з мінулымі стагоддзямі. А можа, паўплывала і ўспрыманне гэтага аб’екта ў грамадстве з самага яго заснавання. Ён быў прыватнай уласнасцю, панскай сядзібай, родавым гняздом магнацкага роду, трапіць туды маглі толькі выбраныя людзі. А крэпасці, дый той жа Мірскі замак, не кажучы ўжо пра храмы і прыродныя аб’екты, — здабыткі грамадскія, значыць, больш блізкія і зразумелыя нам нават на генным узроўні.

“НГ”: Сярод сямёркі, абранай чытачамі, два прыродныя аб’екты — возера Нарач і Белавежская пушча. Аднак у спісе фіналістаў былі, напрыклад, не менш вядомыя азёры — Свіцязь, Браслаўскія...
Андрэй КУЗЬМІЧ: Мне як прадстаўніку Міністэрства прыроды вельмі прыемна, што на першых месцах аказаліся адразу два прыродныя аб’екты. Гэта, як ужо гаварылася, адлюстроўвае паважлівае стаўленне беларусаў да прыроды свайго краю. Чаму Нарач і Белавежская пушча? Гэта нашы найбольш раскручаныя брэнды. Але чаму яны раскручаныя? Таму што маюць вялікую прыродную каштоўнасць. Белавежская пушча, напрыклад, з’яўляецца самым вялікім лясным масівам у Еўропе, які захаваўся ў сваім першапачатковым выглядзе. А яшчэ такі цікавы факт —  у паветры на тэрыторыі Белавежскай пушчы на адзін кубічны метр прыходзіцца 460 мікробаў, у той час як норма для аперацыйнай у бальніцы — 500 мікробаў. Да таго ж самы знакаміты жыхар пушчы — зубр, які стаў сімвалам ужо не толькі Белавежскай пушчы, але і ўсёй Беларусі.

Анатоль КАРАТКЕВІЧ: Што датычыцца возера Нарач, то, напэўна, удзельнікаў галасавання ў першую чаргу ўразілі яго памеры. Гэта самае вялікае возера ў Беларусі. Толькі ўявіць сабе: аб’ём вады ў возеры — 710 мільёнаў кубічных метраў! Выдатнае паветра, сасновыя бары, чысцюткая вада... Безумоўна,  многія прыродныя аб’екты, што трапілі ў фінал, вартыя ўвагі і чытацкіх галасоў. І Браслаўскія азёры, і Свіцязь, і 900-гадовы дуб у Маларыцкім раёне... А вось чаму так актыўна галасавалі за  лістоўніцу ў Слаўгарадскім раёне — загадка...

Калі прывіду няма — яго варта прыдумаць

“НГ”: Здаецца, наконт такога актыўнага галасавання за лістоўніцу ёсць разгадка. Калі меркаваць па лістах нашых чытачоў, па выказваннях  на ўроках “цудазнаўства”, якія па нашай просьбе былі праведзены па ўсёй краіне, многіх уразіў той факт, што ў часы вайны на гэтай лістоўніцы размяшчаўся артылерыйскі назіральны пункт. Галоўнае, знайсці нейкую фішку, зацікавіць людзей. Самы яскравы прыклад — Гальшаны. Хто бачыў гальшанскі прывід?  Але прыгожая гісторыя, таямнічая легенда прымушае прыязджаць у Гальшаны ўсё больш і больш людзей. Кажучы сучаснай мовай, маркетынг на турыстычным аб’екце працуе.

Іна АЎСЕЙЧЫК: Таму і кажуць: калі няма ў замку ці крэпасці прывіду — яго неабходна прыдумаць. Дарэчы, у Бабруйскай крэпасці  таксама пачынаюць гаварыць пра ўсялякія анамаліі. Хтосьці ў нас ужо бачыў загадкавыя агні, хтосьці шукае камеру яйкавіднай формы, пра якую пісаў Пікуль, а хтосьці бачыў нават прывід Кацярыны ІІ, хоць яна і не мела ніякага дачынення да будаўніцтва крэпасці. Прызнацца, для нас наогул стала вялікім здзіўленнем, што ў спіс пераможцаў трапіла Бабруйская крэпасць. На жаль, яна  з усіх аб’ектаў-пераможцаў пакуль што найменш падрыхтавана для прыёму турыстаў. Гэта наш боль. Але тыя, хто прыязджае ў Бабруйск, уражваюцца — веліччу крэпасці, памерамі, размахам будаўніцтва... Да таго ж цікавая гісторыя крэпасці. Адных зняволеных колькі тут было! Гэта і філарэты з філаматамі, і дзекабрысты, і ўдзельнікі паўстанняў 1830 і 1863 гадоў...
Валянцін МАЗЕЦ: Вось вам і фішка для патэнцыяльных турыстаў! Зрабіць у крапасных казематах музей турмы ХІХ стагоддзя. Як у Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу, дзе абсталяваны камеры, як у час, калі там сядзелі  вядомыя людзі.

Генадзь ЛАЎРЭЦКІ: Несумненна, што для прыцягнення сёння турыстаў аднаго статусу помніка мала. Яшчэ адзін прыклад — у тых жа выніках галасавання. У спісе аб’ектаў, намінаваных на званне цуду Беларусі, быў не адзін замак. А ў сямёрку трапіў  менавіта Мірскі замак. Чаму? Ды вельмі проста — спрацавала рэклама. За тым, як яго рэканструявалі, сачыла ўся краіна. Ён часцей за астатнія з’яўляецца на нашым тэлебачанні. Там часцей за астатнія мясціны адбываюцца фэсты, імпрэзы, вечары. Замак у гэтым сэнсе вельмі актыўна выкарыстоўваецца. Добра было б, каб прыклад з яго ўзялі ўсе астатнія аб’екты — і тыя, што перамаглі, і тыя, што трапілі ў фінал, і тыя, што былі выбраны на першых этапах праекта.

Валянцін МАЗЕЦ: І ніякім чынам не варта забываць пра яшчэ адзін важны аспект — інфраструктуру. Каб той жа турыст мог не толькі паглядзець ды падзівіцца, — каб яму было дзе перакусіць, купіць сувенір, па патрэбе схадзіць, выбачайце...

Андрэй КУЗЬМІЧ: Што датычыцца прыродных аб’ектаў, то мы тут стаім перад дылемай: турыстаў прыцягвае найперш цэласнасць гэтага прыроднага аб’екта, яго каштоўнасць — гэта яго некранутасць. А як жа тады аб’екты інфраструктуры? Мы даволі ўдала гэту дылему рашаем. Праводзяцца навуковыя даследаванні заказнікаў, робіцца функцыянальнае заніраванне такім чынам, каб турыстычная дзейнасць не перашкаджала захаванню помнікаў прыроды.

Званне цуду — як таварны знак

“НГ”: Мы таксама вельмі спадзяёмся на тое, што званне пераможцы або фіналіста нашага праекта дапаможа многім аб’ектам прывабіць увагу большай колькасці людзей, не толькі турыстаў, але і прадпрымальнікаў, інвестараў. У планах газеты — праект працягнуць, бо мы ўсяго толькі паклалі пачатак справе, імя якой — адкрываем невядомую Беларусь.

Андрэй КУЗЬМІЧ: Мне падаецца, варта візуалізаваць гэтыя званні — і фіналіста, і пераможцы. Стварыць спецыяльны лагатып “Цуд Беларусі”, які аб’екты маглі б выкарыстоўваць у промапрадукцыі, рэкламе на тэлебачанні і білбордах.

“НГ”: Мы ўжо працуем над гэтым, і ў хуткім часе і пераможцы, і фіналісты, і нават удзельнікі праекта атрымаюць пацвярджэнне свайго звання.

Іна АЎСЕЙЧЫК: Добра б наогул было стварыць пра гэтыя аб’екты прэзентацыйныя фільмы — з удзелам цікавых акцёраў і мясцовых жыхароў. І тут павінна быць зацікаўлена не толькі газета, але і мясцовыя ўлады, на чыёй тэрыторыі аб’екты знаходзяцца.

Валянцін МАЗЕЦ: А яшчэ стварыць асобны сайт “Сем цудаў Беларусі”, дзе з аб’ектамі мог бы пазнаёміцца любы жадаючы. Нават дзіцёнак. Паглядзець фотаздымкі, пачытаць артыкулы, меркаванні людзей, якія гэтыя цуды ўжо  наведалі. Добра было б усе цуды-пераможцы ўключыць  у асобны турыстычны маршрут — стварыць такое своеасаблівае “ЦУДоўнае кальцо”.   А таксама праводзіць на іх тэрыторыях навуковыя канферэнцыі. Будзе праведзена канферэнцыя — будзе звернута ўвага ўлад. Будзе звернута ўвага ўлад — пойдуць інвестыцыі, будуць інвестыцыі — будуць турысты.

Анатоль КАРАТКЕВІЧ: Галоўнае — праект ніякім чынам не варта завяршаць. Дзякуючы яму беларусы столькі даведаліся пра сваю краіну! А колькі цікавага яшчэ можна расказаць пра кожны куточак Беларусі. Нават пра тую ж усім вядомую Нарач. Там яшчэ столькі таямніц, загадак, дзівосных гісторый.

Андрэй КУЗЬМІЧ: Канечне, праект варта працягнуць. Магчыма, ужо выбіраць цуды па асобных намінацыях — аб’екты архітэктуры, прыроды, нематэрыяльнай спадчыны, археалагічныя знаходкі і гэтак далей. Карэспандэнтам газеты не варта турбавацца — праект чытачам не надакучыць. Нам прыйдзецца адкрыць яшчэ столькі дзівосаў! Працы хопіць надоўга.

Алена ЛЯЎКОВІЧ, Людміла МІНКЕВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8