<p>У Нацыянальным парку "Прыпяцкі" Дзмітрый Макіявец адказвае за рэжым і парадак знаходжання ў вальеры паляўнічых і турыстаў, егераў і леснікоў, сочыць за выкананнем санітарных нормаў. Вядзе ўлік чатырохногіх насельнікаў</p>

Як паведамляе "Звязда":

Дзмітрый Макіявец працуе вядучым ветэрынарным урачом у Нацыянальным парку "Прыпяцкі". Ён адказны за самаадчуванне жывёльнага свету ў самым вялікім у Еўропе "леса-паляўнічым" вальеры, плошча якога складае 4716 гектараў. Дзікі, алені і зубры хоць і асцярожныя жывёлы, але з'яўленне ў іх полі зроку гэтага чалавека, здаецца, не надта іх турбуе. Магчыма, ужо прывыклі бачыць яго штодня каля падкормачных пляцовак і на назіральных вышках, чуць гук ветэрынарскага "УАЗа". Чацвёрты год Дзмітрый адказвае за рэжым і парадак знаходжання ў вальеры паляўнічых і турыстаў, егераў і леснікоў, сочыць за выкананнем санітарных нормаў. Вядзе ўлік чатырохногіх насельнікаў.

— Зімою ўдавалася карміць аленяў ледзь не з рук, — кажа Дзмітрый. — У вяснова-асенні перыяд, калі корму хапае і пад нагамі, жывёлы крыху "дзічэюць" і разбрыдаюцца па больш ціхіх куточках. Але тым, хто прыязджае сюды на сафары, шчасціць убачыць іх даволі вялікую колькасць. І турысты заўсёды застаюцца задаволенымі.

Але адна справа назіраць за статкам жывёл з акенца цягнічка, слухаючы расповеды красамоўнага экскурсавода. І зусім іншая — быць сам-насам з дзікай прыродай, стаць "сваім" для звяроў і птушак, а гэта значыць, заставацца незаўважаным. Дзмітрыю пашанцавала: ён штодня мае гэткую магчымасць. Шанцуе і тым, каго ён бярэцца правесці таямнічымі сцежкамі свайго сафары-парку.

"Колькі працую, ніяк не магу перастаць здзіўляцца гэтаму бясконца цікаваму і нечаканаму жывёльнаму свету", — кажа ветурач.

Ён і мне паабяцаў паказаць нешта цікавае. І не падмануў мае чаканні. У вальеры каля вёскі Брынёў разам з Дзмітрыем мы правялі толькі адзін дзень. А колькі жывёл ўбачылі зблізку і здалёк!

1

У гісторыі развіцця нацыянальнага турызму ў Беларусі ўпершыню створаны гэткі сафары-парк. Піянерам руху стаў нацпарк "Прыпяцкі". Ідэя і шлях яе ажыццяўлення цікавыя. Хоць, напэўна, зусім не танныя. Па вялізным вальеры пракладзены маршруты для калёсных цягнічкоў. Турысты могуць назіраць жывёльны свет у кантэксце палескай прыроды. Хіба даводзіцца ў паўсядзённым жыцці бачыць статкі дзікоў і аленяў у параўнальна адноснай блізкасці? Вядома, не. Адлегласці хапае, каб зрабіць фотаздымкі нават "мыльніцамі": настолькі блізка трымаецца жывёла каля дарог. Уяўляю, колькі эмоцый перажываюць турысты ў гэткія імгненні, колькі ўражанняў застаецца ў іх пасля 2-гадзіннай вандроўкі. Штодня па парку курсіруюць два цягнікі. Ахвотных пракаціцца на іх, асабліва ў летні час, шмат. Але каб гэтую жывёльную разнастайнасць убачыць, трэба стварыць ёй, жывёле, добрыя ўмовы і як след клапаціцца пра яе. Чым, уласна кажучы, і заклапочана адміністрацыя Нацпарку. Над чым працуюць штодзень тры вальерныя егеры, тры леснікі і ветэрынарны ўрач Дзмітрый Макіявец.

— Наогул я марыў стаць аграномам і хацеў паступіць у Гродзенскую аграрную акадэмію, — прыгадвае Дзмітрый сваю дарогу ў прафесію. — Не хапіла балаў, і мне прапанавалі вучыцца па спецыяльнасці "Ветэрынарная медыцына". Спачатку не вельмі падабалася, а потым як палюбіў! І вельмі рады, што менавіта гэтак усё і атрымалася ў маім жыцці. Хіба працаваў бы я ў гэтым незвычайным месцы і ці патрапіў з Фядор Столінскага раёна ў Ляскавічы — цэнтр нацыянальнага парку?

main-big

Але ён прыехаў на петрыкаўскае Палессе толькі пасля армейскай службы, падчас якой быў кінолагам. Аказаўся дарэчы, калі ствараўся сафары-парк і патрэбен быў ветэрынар. Вось цяпер, як ніхто іншы, і ведае ўсё пра сваіх "выхаванцаў".

"Адпаведна з летнімі ўлікамі жывёл, на тэрыторыі парку налічваецца каля 500 галоў высакароднага аленя. Для развіцця гэтак званай ляскавіцкай папуляцыі, аленя спецыяльна завозілі з Польшчы і Венгрыі. Дагэтуль абітала белавежская папуляцыя. Алені ў нас прыгожыя, статныя, з моцнымі рагамі!" — знаёміць Дзмітрый з незвычайнай статыстыкай тэрыторыі, якая ахоўваецца, прыгадвае і астатніх насельнікаў: водзіцца тут і еўрапейская лань, таксама завезеная з Венгрыі. Статак зуброў налічвае пакуль што 11 галоў. Замежныя турысты любяць назіраць за старажытнымі дзікімі быкамі.

Для назірання за жывёламі ў вальеры ўсталявана 40 вышак. Колькі б ахвотных ні прыехала ў парк, месца хопіць усім. Ёсць вышкі на аднаго-двух назіральнікаў, ёсць і з разлікам на цэлыя групы. Пад вялікімі вышкамі можна замаскіраваць нават мікрааўтобус.

З 4715 гектараў плошчы 695 займаюць кармавыя палеткі. Астатняя тэрыторыя — лес і балоты. Тут, заўважае ветурач, ці не ўся палітра біятопаў, неабходных для розных відаў жывёл. Таму сустракаецца і лось, добра адчувае сябе і казуля. А пра дзікоў і казаць няма чаго!

2

— Не менш за 2600 галоў, адпаведна апошняга падліку, — зазначае мой суразмоўца і апярэджвае абавязковае пытанне: у мэтах прафілактыкі робім лекавыя дабаўкі ў кармы, у дзіковыя купальні льем хімічны антысептык. Дзікі ў нас — паляўнічы від. Стараемся, каб жывёлы былі сытымі. Калі жывёла сытая — яна і здаровая. Лёгка пераносіць зімовыя маразы, лягчэй спраўляецца са шкоднымі вірусамі.

Для падмацоўкі вальерных жывёл у парку наладжана штодзённае кармленне. На 50 пляцовак штодзень высыпаецца да 4 тон зерня кукурузы і збожжа. Акрамя гэтага, летам рыхтуецца каля 150 тон сена. Калі цягнік-сафары экскурсіруе па парку ў момант кармлення, можна назіраць, як у пэўны час з усіх бакоў збягаюцца на пляцоўкі дзікі. Асабліва цікава паназіраць тады за праявай жывёльнай іерархіі. На "абедзенным"стале абавязкова гаспадарыць самы вялікі сякач, дазваляючы астатнім толькі на імгненне ўскочыць на пляцоўку альбо прыладкавацца недзе збоку. Таму самым маленькім — сегалеткам — адведзена месца сілкавання ў спецыяльнай загародцы, куды вялікім ніяк не патрапіць.

Добрых пятнаццаць кіламетраў па высыпаных дарогах праязджаюцца сафары-турыстамі імгненна, хоць хуткасць цягніка не болей за 20 кіламетраў у гадзіну. Бо літаральна з першай хвіліны, ледзь адчыняюцца перад цягніком вароты, і пачынаюцца гэтыя незапланаваныя сустрэчы з іклатымі і рагатымі насельнікамі вальера. Некаторыя з незапланаваных сустрэч адлюстраваны і на гэтых фотаздымках.

Анатоль Кляшчук

Петрыкаўскі раён