https://www.traditionrolex.com/8
<p>Наша зямлячка, уладальніца знака «За гуманізацыю школ Санкт-Пецярбурга» Ірэна Бястужава прыехала з горада на Няве са сваімі выхаванцамі, каб паказаць ім Беларусь і даць эксклюзіўны канцэрт у роднай школе ў Скрыбаўцах</p>

Як паведамляе «Дзяннiца»:

Наша зямлячка, уладальніца знака «За гуманізацыю школ Санкт-Пецярбурга» Ірэна Бястужава прыехала з горада на Няве са сваімі выхаванцамі, каб паказаць ім Беларусь і даць эксклюзіўны канцэрт у роднай школе ў Скрыбаўцах.

Першая сустрэча з гэтай яркай, каларытнай жанчынай адбылася яшчэ летам, калі Ірэна Бястужава прыязджала з Санкт-Пецярбурга на сваю радзіму ў вёску Кіралі. Тады яна прынесла ў газету заметку пра свята, якое ладзілася ў роднай вёсачцы. Мы разгаварыліся, і яна расказала пра свае далейшыя планы, якія, як ні дзіўна, былі звязаны з нашай Шчучыншчынай. Пераканацца ў тым, што перада мною абсалютна неардынарны чалавек, мне хапіла некалькіх хвілін – Ірэну проста перапаўнялі самыя розныя ідэі, якія яна намерана была ператварыць у жыццё ці не ў той самы момант. Адну з іх – прывезці на Беларусь сваіх выхаванцаў – І.В. Бястужавай удалося рэалізаваць зусім нядаўна.

Наша зямлячка, былая выпускніца Скрыбаўскай сярэдняй школы, зараз жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. Яна – настаўніца польскай мовы і літаратуры і кіраўнік тэатра абраду «Паляне» адзінай у Расіі школы з паглыбленым вывучэннем польскай мовы. Школа №216 носіць імя Адама Міцкевіча.

Polka_z_Sanct_Peciarburga_1_big

Тэатр абраду «Паляне» – ансамбль, вядомы далёка за межамі Санкт-Пецярбурга. І не толькі ў Расіі, а і ў Польшчы, Аўстрыі, Венгрыі, Славакіі...

Юныя танцоры і спевакі далі толькі адзін канцэрт у Беларусі, і адбыўся ён у роднай школе іх педагога.

– Я вельмі шчаслівая, што ўдалося паказаць маім выхаванцам краіну, дзе я вырасла, – пачуцці перапаўнялі пані Ірэну, як называюць яе дзеці. – Мы пабывалі на радзіме Адама Міцкевіча ў Навагрудку, у Лідскім замку, у клубе-музеі Чэслава Немэна. Дзецям вельмі спадабалася. У Лідскім замку яны акунуліся ў атмасферу Сярэднявечча, што немагчыма ўбачыць у Санкт-Пецярбургу, якому толькі 300 гадоў. Захавальнікам Дома-музея Адама Міцкевіча мы падарылі на памяць малюнак пана Тадэвуша – аднаго з герояў знакамітага паэта. Аўтар гэтай работы стаў пераможцам конкурсу, арганізаванага ў нашай школе.

З радасцю сустракалі гасцей у Скрыбаўскай школе. З жывым інтарэсам разглядалі дзеці экспанаты школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. А настаўніца беларускай мовы і літаратуры Р.А. Грыневіч і настаўніца гісторыі І.З. Васько правялі для іх экскурсіі і расказалі шмат цікавага пра беларускія абрады і традыцыі, пра сваіх знакамітых землякоў. На развітанне расіяне пакінулі водгукі ў Кнізе ганаровых гасцей.

Polka_z_Sanct_Peciarburga_3_big

А потым быў канцэрт! У прыгожых яркіх касцюмах, сярод якіх не было і двух аднолькавых, хлопчыкі і дзяўчынкі самага рознага ўзросту танцавалі польскія танцы.

– Я закончыла курсы народнага танца ў Любліне, – расказвае Ірэна Вікенцьеўна. – І ў мяне свой погляд наконт таго, як трэба танцаваць. Калісьці даўно я бачыла, як танцуюць на вечарыне мае бацькі. Яны стараліся нечым заняць дзяцей, а самі беглі патанцаваць. А мы падглядвалі ў вокны, бо было вельмі цікава і самім так хацелася аказацца сярод дарослых! Я вучу сваіх выхаванцаў рухацца ў танцы так, як яны адчуваюць музыку. Дзякуючы пані Іраідзе, з якой мы супрацоўнічаем шмат гадоў, нам удаецца ствараць абсалютна ўнікальныя касцюмы. Самі шукаем тканіну, аздабленне, дапамагае нам і польская старана.

Polka_z_Sanct_Peciarburga_5_big  

А выступленне сапраўды ўразіла. Удзельнікі фальклорнага ансамбля не толькі танцавалі. Вельмі кранаюча прагучала песня «Мімоза» з рэпертуару Чэслава Немэна, верш на польскай мове. Не шкадавалі апладысментаў гледачы, сярод якіх, дарэчы, былі і родныя Ірэны Вікенцьеўны – мама Софья Вікенцьеўна і брат Юрый Вікенцьевіч.

Polka_z_Sanct_Peciarburga_4_big

Пазнаёміцца з нашай Беларуссю ехалі не толькі дзеці, але і бацькі некаторых юных артыстаў.

– У школе з паглыбленым вывучэннем польскай мовы займаюцца двое маіх дзяцей – дачка Маша і сын Саша, – расказвае госця з Санкт-Пецярбурга Ірына Мікалаеўна Цітова. – Нас настолькі ўразіла Беларусь, што вам не перадаць. Прыгожыя дагледжаныя гарады, помнікі архітэктуры, добраўпарадкаваныя населеныя пункты. Дарэчы, у нашай сям’і таксама ёсць карані дзесьці ў гэтых мясцінах, мы – з роду Грабоўскіх. Таму нам усё цікава! І дзеці з задавальненнем знаёмяцца з вашай прыгожай краінай – амаль ніхто з іх не бываў раней у Беларусі.

Polka_z_Sanct_Peciarburga_6_big

Не магла не выказаць гасцям цёплыя словы ўдзячнасці старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама Наталля Чаславаўна Хоміч. А яшчэ яна прыадкрыла невялікі сакрэт: аказваецца, у іх з Ірэнай Вікенцьеўнай шмат сумесных праектаў, якія яны маюць намер рэалізаваць у бліжэйшы час. Наша творчая зямлячка намерана арганізаваць у сваёй роднай вёсачцы Кіралі нешта накшталт цэнтра вольнага часу і адпачынку. І домік для гэтага прыгледзелі. Паціху і розныя патрэбныя рэчы збіраюць. Напрыклад, кантрабас ужо «прыехаў» з самога Санкт-Пецярбурга.

Polka_z_Sanct_Peciarburga_2_big

– Я ўдзячна сваёй Беларусі, сваёй зямлі, дзе я вырасла, – прызнаецца Ірэна Бястужава. – Я заўсёды малюся за здароўе сваіх землякоў. І мне вельмі важна было паказаць ім, чаму я навучыла і вучу сваіх выхаванцаў. Мае здольнасці – гэта дар маёй роднай зямлі. Цяпер я ажыццявіла сваю мару.

Ганна РУДСКАЯ.
Фота Андрэя ЦЕСЛЮКА

https://www.traditionrolex.com/8