Славутасці Нясвіжа

08.11.2011 - Новости

Славутасці Нясвіжа

Аб тым, што добра правесці выхадныя дні можна ў Беларусі, многія нават не задумваюцца. І дарма!

Як паведамляе «Астравецкая праўда»:

Разглядаючы яркія фотаздымкі замежных палацаў і экзатычных пейзажаў, мы іншы раз са шкадаваннем падлічваем свае даходы, і, разумеючы, што адпачыць за мяжой нам не давядзецца, застаёмся сядзець ля тэлевізара і зайздросціць жыхарам далёкіх краін. Аб тым, што добра правесці выхадныя дні можна ў Беларусі, многія нават не задумваюцца. І дарма!
Жаданне наведаць Нясвіж узнікла ў мяне яшчэ падчас вучобы ў школе. Вельмі захаплялі фотаздымкі Радзівілаўскага палаца, змешчаныя ў падручніку па гісторыі, здзіўлялі легенды і паданні, звязаныя з прозвішчам найбуйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Таму запрашэнне сяброў прыехаць у Нясвіж я прыняла з вялікай радасцю.

У ШЛЯХ

Даехаць з Астраўца да Нясвіжа дастаткова праблематычна: «прамых» аўтобусаў і цягнікоў да горада няма. Ідэальны варыянт у гэтым выпадку – уласны аўтамабіль. За нязначны адрэзак часу з утульнасцю і камфортам можна без асаблівых праблем апынуцца ў Нясвіжы і ў любую хвіліну выехаць назад. Для тых, хто не мае магчымасці падарожнічаць на сваім аўто, задача крыху ўскладняецца. Ранкам у 6.00 з Гудагая адпраўляецца цягнік да Мінска, які ўжо ў 9.04 прыбывае на канцавую станцыю. У сталіцы важна хутка зарыентавацца і даехаць на станцыі метро «Інстытут культуры». Менавіта ад гэтага прыпынку ў 9.48 адыходзіць электрычка да Баранавіч. У ёй пад размовы выпадковых суседзяў і грукат калёс вам давядзецца правесці яшчэ амаль дзве гадзіны да прыпынку з мілагучнай назвай Гарадзея. Адтуль пасля кожнай электрычкі адпраўляецца аўтобус непасрэдна ў Нясвіж. Калі вы не затрымаецеся ні на адным з адзначаных пунктаў, то ўбачыце горад дзесьці ў 13.00.

Праўда, у нас з часам узнікла невялікая праблема: аўтобус, які павінен быў прыехаць праз дзесяць хвілін пасля прыбыцця электрычкі, спазніўся хвілін на сорак. Надвор’е, мякка кажучы, было не самае лагоднае: тэмпература ў параўнанні з мінулымі днямі знізілася на градусаў 5, а аб былых сонечных дзяньках можна было толькі ўспамінаць. Змёрзлыя, але шчаслівыя, са спазненнем мы ўсё ж такі даехалі да горада.

nesvizh_vorota

СЛАВУТАСЦІ НЯСВІЖА

Нясвіж – зусім невялікі ўтульны правінцыйны горад. Большая частка вуліц складаецца з прыватных драўляных дамоў. Шматпавярховых будынкаў вельмі мала, таму ствараецца памылковае ўражанне, што ты знаходзішся ў вёсцы. Усюды чыста, прыбрана, акуратна. Людзей з фотаапаратамі і цікаўнымі позіркамі было шмат – а вось мясцовыя жыхары ў гэты дзень, напэўна, пілі гарачую гарбату дома, сустракаючы ў цеплыні першы халодны подых восені.
Вытанчанасцю і грацыёзнасцю вылучаецца цэнтральная плошча Нясвіжа. Галоўнае яе ўпрыгожанне – гарадская ратуша, што разам з гандлёвымі радамі стварае гарманічны цэласны архітэктурны ансамбаль, надае непаўторны, выразна-акрэслены сілуэт плошчы. Высокая стройная вежа ратушы ўздымаецца над горадам і з’яўляецца добрым арыенцірам для турыстаў.
На другім паверсе будынка працуе музей, дзе можна даведацца шмат карыснага і цікавага аб багатай гісторыі Нясвіжа.

Урачыста, як і некалькі стагоддзяў таму назад, сустракаюць гасцей так званая Слуцкая брама. На жаль, з чатырох галоўных брам Нясвіжа да нашага часу захавалася толькі адна. Некалі на яе другім паверсе размяшчалася капліца Маці Божай, і кожны чалавек, які заходзіў у горад, павінен быў абавязкова пакланіцца святому абразу. Зараз жа Слуцкая брама – адно з найбольш вядомых месцаў Нясвіжа.

Выдатным помнікам архітэктуры з’яўляецца касцёл Божага Цела, пабудаваны ў стылі барока ў 1593 г. па праекту італьянскага архітэктара Джаванні Бернардоні. Сціплы знешне і багата ўбраны ўнутры, касцёл нібы нагадвае чалавеку аб тым, што галоўнае і прыгожае заўсёды хаваецца дзесьці ў глыбіні. Вельмі гарманічна спалучаюцца ў ім прастата і раскоша, складанасць форм і вытанчанасць ліній. Яшчэ адна асаблівасць касцёла – радавая пахавальня Радзівілаў, дзе размешчаны 72 саркафагі з астанкамі прадстаўнікоў княжацкай дынастыі. Цікавым дапаўненнем да вашых уражанняў будзе аповед экскурсаводаў аб гісторыі ўзнікнення пахавальні і лепшых асобах магнацкага роду, якія знайшлі ў сценах касцёла вечны спачын. Непадалёк ад святыні пастаўлены помнік беларускаму асветніку Сымону Буднаму, які ў 1652 годзе выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя кнігі на беларускай мове.

Асаблівую гістарычную вартасць мае стары будынак былога жаночага манастыра бернардзінак, пабудаваны ў 1596 г. на грошы Мікалая Радзівіла Сіроткі і яго жонкі Альжбеты. На ўваходзе размешчана высокая вытанчаная вежа, праз якую можна прайсці ва ўнутраны дворык з былым касцёлам і сучаснымі пабудовамі педагагічнага каледжа, што зараз знаходзіцца ў ім.
Найбольшую славутасць Нясвіж атрымаў дзякуючы палацу Радзівілаў. Пабудаваны ў 1584 г. па загаду князя Мікалая Сіроткі, палац першапачаткова ўзводзіўся па праекту Бернардоні і ўвабраў у сябе лепшыя рысы архітэктуры рэнесансу, ранняга і позняга барока, ракако, класіцызму, неаготыкі і мадэрна. Краіна наша заўсёды знаходзілася ў самым полымі шматлікіх крывавых войн, таму ён неаднаразова пакутаваў ад разбурэнняў, пазбаўляўся сваіх каштоўнасцей. Шкадую, што не ўбачыла палац да рэканструкцыі. На маю думку, новы варыянт значна саступае папярэдняму. Замест старых вокнаў стаяць шклопакеты, урачысты белы колер замянілі каламутным зялёным, а насычаны ярка-жоўты раптам перайшоў у брудны фісташкавы. І ўсё ж палац здзіўляе і сваімі памерамі, і незразумелай таемнай сілай, і адметным хараством. Здаецца, што вось-вось па старых пакоях зноў пройдуцца славутыя гаспадары, а ў галоўнай зале палаца зайграе аркестр, запрашаючы ўсіх гасцей на шыкоўны баль.

Прыбраны ў золата і чырвань, Нясвіжскі парк выглядаў натхняльна і паэтычна. Яркія восеньскія фарбы надалі яму адценні асаблівага рамантызму і лірычнасці, зрабілі яго больш урачыстым і велічным. Здавалася, што можна бясконца шпацыраваць па шырокіх пратаптаных сцежках, з замілаваннем глядзець на лісце колеру бурштыну пад нагамі. Аднак гэты дзень, як і ўсе астатнія, заканчваўся. З новымі эмоцыямі і добрым настроем я вярнулася дадому з надзеяй на тое, што мой візіт у Нясвіж быў не апошнім.

nesvizh_ratusha

КОШТ ПАДАРОЖЖА

Часта здаецца, што нашы мары нельга ажыццявіць з-за колькасці грошай, якія трэба патраціць на іх рэалізацыю. Падарожжа ў Нясвіж – лепшы варыянт для тых, хто прагне ўражанняў, але беражэ кожны рубель. На дарогу ў адзін бок з Гудагая да Нясвіжа вы затраціце каля 17 000 руб. Прагулка па парку вам абыдзецца ў 2000 руб. Пахадзіць па пакоях палаца Радзівілаў можна за 12 000 руб., а паглядзець ратушу – за 10 000 руб. Для школьнікаў і студэнтаў білеты каштуюць напалову менш. Таму смела адпраўляйцеся ў падарожжа за новымі ўражаннямі, знаёмствамі і ведамі!

Анастасія БАРШЧЭЎСКАЯ

Рубрики: Внутренний Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах