https://www.traditionrolex.com/8
<p>Учора сышоў з жыцця знакаміты беларускі грамадска-культурны дзеяч,  вучоны-краязнавец, калекцыянер нацыянальнага мастацтва  Анатоль  Яўхімавіч Белы</p>

Учора сышоў з жыцця знакаміты беларускі грамадска-культурны дзеяч, вучоны-краязнавец, калекцыянер нацыянальнага мастацтва  Анатоль Яўхімавіч Белы.

Ён нарадзіўся ў снежні 1939 г. у  горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967), потым шмат гадоў выкладаў у БДУ. Анатоль Белы – сябра Саюза мастакоў Беларусі (1995) і Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). Прафесар, дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра  (Англія, 1999), ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (МАНЕ, 2005).

Найперш беларускай грамадскасці Анатоль Белы вядомы як актыўны дзеяч і кіраўнік культурна-асветніцкага клуба «Спадчына»: створанае ў сакавіку 1984 года, гэта грамадскае аб’яднанне творчай інтэлігенцыі ставіла сваёй мэтай шырокую папулярызацыю беларускай культуры і гісторыі. Раду клуба больш за 26 год нязменна ўзначальваў А.Я. Белы. На пасяджэнні «Спадчыны» запрашаліся навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы, тут абмяркоўваліся цікавыя навуковыя досведы і рэфераты. Члены клуба рыхтавалі мерапрыемствы да знакавых дат і падзей беларускай культуры, ладзілі творчыя сустрэчы і мастацкія выстаўкі. З часу стварэння клуба мэтанакіравана вялася дзейнасць па ўшанаванню спадчыны беларускага народа, і магутным рухавіком гэтага працэсу з’яўляўся менавіта Анатоль Белы.

А.Я. Белы – адмысловы калекцыянер беларускага мастацтва: ім сабрана нацыянальная калекцыя твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва – каля 3000 адзінак. Неаднаразова арганізоўваў тэматычныя выстаўкі: «Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі» (Мінск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), «Францыск Скарына» (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), «Максім Багдановіч» (Мінск, 1996), «Дзеячы беларускага замежжа» (Мінск, 1994, 1996), «Уладары старажытнай Беларусі» (Мінск, 1996), «Любіць Радзіму – шанаваць родную мову» (Мінск, 1990, 1991, 1994, 1996), «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах»  (Мінск, ЗША, 1990, 1991, 1996), «Медальернае мастацтва Беларусі» (Мінск, 1984).

На аснове сваёй калекцыі Анатоль Белы ў 1990 годзе заснаваў, а ў снежні 1999 года адкрыў на ўласнай сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі першы прыватны музей выяўленчага мастацтва. Музей цяпер мае 4 будынкі, 8 залаў, плошча экспазіцыі – каля 500 кв. м, на якой экспануецца каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх дзеячаў Беларусі, батальныя карціны, краявіды, помнікі дойлідства, гарады і замкі Беларусі, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар знакамітых дзеячаў Бацькаўшчыны.

Таксама Анатоль Яўхімавіч Белы – ініцыятар і адзін з фундатараў устаноўкі помнікаў: М. Багдановічу ў Яраслаўлі (1994, аўтар С. Вакар); А.Я. Багдановічу ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У. Лятун); помнікаў у дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – Францыску Скарыне (1988, аўтар С. Адашкевіч), Міколу Гусоўскаму (1998, аўтар У. Панцялееў), Кірылу Тураўскаму (1996, аўтар А. Прохараў), Еўфрасінні Полацкай (1999, аўтар І. Голубеў), «Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны» (2000, аўтар І. Голубеў); у Мінскай праваслаўнай епархіі – Кірылу Тураўскаму (1995, аўтар Ю. Платонаў); у Полацку – Еўфрасінні Полацкай (2000, аўтар І. Голубеў); у горадзе Зэльва Гродзенскай вобласці – Ларысе Геніюш (2002, аўтар М. Інькоў); у гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна – Міколу Ермаловічу (2002, аўтар У. Мелехаў) і інш. Найбольш плённай стала дзейнасць па ўстаноўцы помнікаў на сядзібе музея ў горадзе Старыя Дарогі: тут намаганнямі А.Я. Белага і яго сяброў было на мэце стварыць Беларускі нацыянальны Пантэон. 

* З фондаў сваёй калекцыі А.Я. Белы  бязвыплатна перадаў: Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны – для музея імя Францыска Скарыны – 169 твораў мастацтва (1989); Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту – 103 творы графікі (1983); гораду Старыя Дарогі – 104 графічныя творы, 17 мастацкіх медалёў і помнік Францыску Скарыне (аўтар С. Адашкевіч) – усё ў 1997 годзе.

А.Я. Белы прымаў непасрэдны і актыўны ўдзел у выданні плакатаў- календароў «Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў» (1995), «Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага» (1996), «Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі» – зборніка дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М.І. Ермаловіча (у сааўт., 2007). Таксама ім падрыхтавана звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю, разнабаковая даведачная літаратура. Тэмы навуковай дзейнасці А.Я. Белага: «Францыск Скарына – мастак эпохі Адраджэння» і «Вобраз Кастуся Каліноўскага ў выяўленчым мастацтве».

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны ўшанаваны ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі.

Анатоль Яўхімавіч Белы шчыра і самаахвярна рабіў вялікія справы па захаванню спадчыны роднай Беларусі, і падтрымлівала яго на гэтым шляху нямала аднадумцаў і сяброў.

З кнігі водгукаў наведвальнікаў музея А. Белага

«У гэтым доме – цэнтр Еўропы. У гэтым доме жыве БЕЛАРУСЬ. Наша сапраўдная Беларусь, якой нам ганарыцца. Тут наша памяць. Тут нашыя продкі. І ўсё гэта дзякуючы Анатолю Беламу, яго родным, блізкім і сябрам. Вялікі дзякуй вам, спадар  Анатоль

Віктар Шніп, беларускі паэт, перакладчык.

«Я знаёмы з той вялікай працай, якую вядзе Анатоль Яўхімавіч Белы па стварэнні першага ў краіне прыватнага мастацкага музея. Там прадстаўлены і мае творы.

У гэтым музеі сканцэнтраваны намаганні А. Белага сабраць усё цікавае, што тычыцца нацыянальнага мастацтва, гісторыі нашага народа, жыцця і творчасці вядомых беларусаў.  І гэтая ініцыятыва можа саслужыць вельмі карысную службу дзеля пашырэння культуры не толькі жыхароў Старых Дарог, але і ўсёй Беларусі. Музей у Старых Дарогах з’яўляецца прыцягальным і для мастакоў. Многія жывапісцы, якія не ўвахо­дзяць у мастацкі афіцыёз, удзячныя, што ў музеі Анатоля Белага ладзяцца іх персанальныя выставы.  

Шмат з забытага мастацкага скарбу краіны А. Белы сабраў і вярнуў беларусам, стварыў вельмі цікавыя эксапазіцыі. Так стала з палотнамі мастака Аляксея Пятрухны, які вучыўся ў мяне. Ён рана пайшоў з жыцця, а цяпер яго творы знаходзяцца ў музеі А. Белага, сабраны ў асобную экспазіцыю. І мы можам убачыць, які гэта быў цікавы мастак!  

Так ужо сталася, што многія жывапісцы фізічна не могуць прысутнічаць у сённяшняй культурнай прасторы Беларусі, але ў старадарожскім музеі прадстаўлена іх творчасць – алейныя палотны, малюнкі, скульптурныя працы. Гэта робіць гонар музею і таму, хто збірае ўсе гэтыя творы пад адным дахам, стварае інфармацыйныя картатэкі. Мне здаецца, што ўлады павінны падтрымліваць такія музеі, бо гэта неацэнны скарб нашага народу».

Леанід Шчамялёў, народны мастак Беларусі,  заслужаны дзеяч мастацтваў.

«У Беларусі ў мінулыя стагоддзі дзейнічалі дзясяткі ўнікальных прыватных музеяў.

Анатоль Белы – стваральнік першага ў сучаснай Беларусі прыватнага музея выяўленчага мастацтва. Яму і яго паплечнікам пашчасціла з музейнай экспазіцыяй «прарвацца» ў Злучаныя Штаты Амерыкі. І калі на выставу «Францыск Скарына і яго час» завітала Наталля Арсеннева, то арганізатары ўбачылі шчырыя слёзы радасці выдатнай беларускай паэткі і пачулі яе пранікнёныя словы: «Урэшце я паверыла, што ў Беларусі пачалося сапраўднае нацыянальнае Адраджэнне. Бо для стварэння такой колькасці твораў, прысвечаных Францыску Скарыну, патрэбна цэлая плынь мастакоў, для якіх імя нашага першадрукара – не пусты гук...»

Калі не стала Васіля Уладзіміравіча Быкава, то сябры клуба «Спадчына» вырашылі стварыць у музеі А. Белага экспазіцыю, прысвечаную народнаму беларускаму пісьменніку. Цяпер тут змяшчаецца каля 200 экспазіцыйных адзінак. Гэта ўжо сапраўдны музей у музеі! Многа вельмі цікавых матэрыялаў: ілюстрацыі да твораў Быкава, яго кнігі на мовах розных народаў свету, малюнкі самога Васіля Уладзіміравіча, запісныя кніжкі, аўтографы і асабістыя рэчы пісьменніка. Ёсць нават асадка, з якой пісьменнік працаваў над сваімі творамі ў апошнія гады.

Дзякуючы прыватнаму музею Анатоля Белага сёння на Беларусі створана новая інстытуцыя, якая на грамадскіх пачатках прапагандуе беларускую культуру».

Анатоль  Мяльгуй, мастацтвазнавец, cябра клуба «Спадчына».

На наш погляд, музей Анатоля Белага трэба ўключаць у турыстычныя маршруты, асабліва для вучняў і студэнтаў. Спадзяемся, што гэта так і будзе.

 

IMG_8787

IMG_6958

IMG_6987

IMG_6994

IMG_8789

IMG_8796

IMG_8801

IMG_8869

IMG_8896

Анатоль Белы ў дворыку БДУ падчас адкрыцця помніка «Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны» (2000 год)

Белы, Будны і Цяпінскі

Фота Сяргея Плыткевіча

https://www.traditionrolex.com/8